Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Там, куды Лукашэнка не заедзе


Былы адміністрацыйны будынак
Былы адміністрацыйны будынак

Жыхары вёскі Смолькі Касьцюковіцкага раёну штораз чакаюць, што Аляксандар Лукашэнка ў паездцы па Магілёўшчыне завітае і да іх. Аднак пакуль іхнае жаданьне ня спраўдзілася.

Вяскоўцы нават напісалі ліста ў Адміністрацыю: «Шаноўны Аляксандар Рыгоравіч! У 2003 годзе наш калгас „Смолькі“ быў рэарганізаваны. З падачы былога намесьніка старшыні райвыканкаму ўсіх работнікаў калгасу абвясьцілі п’яніцамі, а вёску — непэрспэктыўнай. Ужо сем гадоў мы жывем самі па сабе. Начальства прыяжджае толькі на выбары або калі едзе ў Расею — бо мы жывём практычна на мяжы. Наш ліст — гэта ня скарга. Бо скаргі заўжды вяртаюцца ў раённую вэртыкаль для „прыняцьця рашэньня“. Наш ліст — гэта просьба патэнцыйных выбарцаў, гэта зварот простых людзей да кіраўніка дзяржавы»…

Былая фэрма.

Жыхары Смолькаў напісалі пра тое, што іхная вёска ня мае статусу аграгарадка і нават у пэрспэктыве ім ня стане, бо так вырашылі мясцовыя чыноўнікі. Хаця ў вёсцы падрастаюць дзеткі, яшчэ засталася моладзь, захаваліся вытворчыя памяшканьні. Але Смолькі гібеюць, нягледзячы на тое, што гэтае паселішча месьціцца на дарозе Р25, якая вядзе з Магілёўшчыны ў расейскую Бранскую вобласьць.

Тут ужо ніхто не жыве.

«Шаноўны Аляксандар Рыгоравіч! Мы бачым, як рыхтуюць тыя аб’екты, якія Вы мяркуеце наведваць», — пішуць вяскоўцы. І запрашаюць прыехаць да сябе — паглядзець на тое, што не прыхарошвалі адмыслова да ягонага візыту, пацікавіцца, як жывуць людзі ў непэрспэктыўный вёсцы, «дзе зямля, уробленая пакаленьнямі продкаў, зарастае бур’яном».

Пры дарозе на Расею.

Гэты ліст застаўся ананімным: жыхары Смолькаў пабаяліся паставіць свае прозьвішчы, каб не было праблемаў з боку раённай адміністрацыі. І адказу на свой зварот не дачакаліся, і Аляксандар Лукашэнка не адгукнуўся на запрашэньне — хаця два дні зьбіраецца вандраваць па Магілёўшчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG