Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса з картай паляка могуць дэпартаваць


Гэтымі днямі ў польскім судзе разглядаецца пытаньне адносна дэпартацыі на радзіму былога беларускага мытніка Андрэя Козела, уладальніка "карты паляка".

Як піша польскае выданьне "Dziennik Gazeta Prawna", гісторыя з высылкай Козела ня мае прэцэдэнту. Журналісты прыводзяць словы былога намесьніка польскага амбасадара ў Менску і цяперашняга кіраўніка Фундацыі свабоды і дэмакратыі ў Варшаве Марэка Буцькі. Ён называе дэпартацыю Андрэя Козела, на якой настойваюць беларускія ўлады, юрыдычным нонсэнсам. Паводле Буцькі, колішняга мытніка, па сутнасьці, абвінавачваюць у тым, што сем гадоў таму, працуючы на беларуска-літоўскай мяжы, ён "не дамовіўся зь мясцовай мафіяй".

Паводле польскіх СМІ, у 2003 годзе Андрэй Козел быў абвінавачаны ў хабарніцтве на падставе паказаньняў аднаго зь літоўскіх кантрабандыстаў. Гэты літовец сьцьвярджаў, што беларускія мытнікі бяруць хабар па 20 даляраў за кожны перагнаны аўтамабіль. Потым, аднак, літовец адмовіўся ад сваіх паказаньняў, заявіўшы, што вымушаны быў даваць іх пад прымусам. Тым ня менш шэраг мытнікаў уключна з Андрэем Козелам, якія дзяжурылі падчас згаданай дапытаным перагонкі машынаў, сталіся фігурантамі паказальнага антыкарупцыйнага працэсу. Суд прыняў да ўвагі толькі першыя паказаньні кантрабандыста. У выніку Козелу "сьвяцілі" сем гадоў калёніі строгага рэжыму.

Былы мытнік уцёк зь Беларусі ў Расею, потым у Літву. Паколькі маці Козела была полькаю і ў Польшчы жыве яго блізкая радня, ён меў усе падставы для таго, каб атрымаць "карту паляка" і жыць і працаваць у гэтай краіне. Пасьля таго як беларус падаў заяўку на сталае жыхарства ў Польшчы, яго выклікалі ў варшаўскую паліцыю. Як высьветлілася, сёлета ў студзені беларускія ўлады абвясьцілі Андрэя Козела ў вышук.

На думку польскіх журналістаў, калі беларуса дэпартуюць, гэта можа стаць сапраўдным скандалам, бо Козела абвінавачваюць на падставе паказаньняў, атрыманых незаконна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG