Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька, Я.Раманчук, У.Някляеў – у вашынгтонскай студыі “Свабоды”


Адмысловы выпуск “Праскага акцэнту” – радыёмост Вашынгтон-Прага.


На гэтым тыдні Канаду і ЗША наведвала дэлегацыі беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. У складзе дэлегацыі тры прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі: лідэр партыі Анатоль Лябедзька, ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук а таксама лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў. У вашынгтонскай студыі Радыё Свабода яны адказалі на пытаньні нашых слухачоў і нашай рэдакцыі.

Анатоль Лябедзька
Яраслаў Раманчук
Уладзімер Някляеў



Дракахруст: Анатоль, некалькі наведнікаў нашага сайту прыслалі шэраг аднатыпных пытаньняў.


Раман

Скажыце, як доўга будуць працягвацца вашы і вашых калег падарожжы, і калі нарэшце пачнецца сапраўдная праца?

Вось мне цікава

Чаму менавіта Канада? Мы практычна не маем сувязяў з той краінай, яна далёка... Чаму Вы хочаце заручыцца падтрымкай там, а не ў Польшчы, Літве, Германіі, Расіі? Канада Канадай – а суседзі мацней за ўсё ўплываюць на сытуацыю.

Аляксей

Растлумачце, што вы забыліся ў Канадзе? Вашы патэнцыйныя выбаршчыкі не ў Канадзе жывуць, а ў Беларусі! Можа правільней па рэгіёнах праехаць было б?! Бо за грошы на квіток да Канады можна аб'ехаць Беларусь уздоўж і ўпоперак!

Анатоль, а чаму вы аб'яжджаеце ўздоўж і ўпоперак Канаду і ЗША?

Лябедзька: Ведаеце, Раман, гэтыя падарожжы былі ўчора, ёсьць сёньня і, што самае цікавае, будуць і заўтра, калі сытуацыя зьменіцца і тыя, хто сёньня ў апазыцыі, будуць ва ўладзе. Нельга ўявіць сабе, каб палітыкі, ці ва ўладзе ці ў апазыцыі, не камунікавалі з міжнароднай супольнасьцю. Беларусь павінна быць адкрытай краінай. І натуральна, што калі ў вас ёсьць кантакты з прэм'ер-міністрам Харпэрам, з парлямэнтарамі Канады, калі ёсьць прамыя сувязі з кангрэсмэнамі ЗША – гэта азначае новыя мажлівасьці для краіны. Ну як гэта не зразумець?

Канада калі не для ўсёй краіны, то для часткі апазыцыі можа стаць лякаматывам.

Чаму Канада? Я думаю, што Канада калі не для ўсёй краіны, то для часткі апазыцыі можа стаць лякаматывам. Гэтая краіна – у дзясятцы па эканамічным патэнцыяле, па палітычным уплыве. Вось сёлета будзе саміт «вялікай васьмёркі» ў Таронта, Харпэр будзе сустракацца і з Абамам, зь якім у нас сёньня няма прамых кантактаў, і з Пуціным. І калі мы хочам нейкі мэсыдж данесьці наконт прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, гэта можна зрабіць праз канадзкіх палітыкаў.

Па выніках нашай паездкі мы плянуем правядзеньне інвэстыцыйнага форуму ў Беларусі, на які прыедуць дасьведчаныя людзі з Канады. Яны выразна скажуць тое, што будзе цікава нашым выбаршчыкам, які патэнцыял адкрыецца, калі прыйдзе да ўлады новая каманда, калі будзе рэалізаваная праграма «Мільён новых працоўных месцаў», якую мы распрацавалі. Пад гэтую праграму канадцы ўжо сёньня гатовыя інвэставаць мільярды даляраў. Не будзем пра гэта гаварыць на радыё «Свабода», а яны прыедуць у Менск і скажуць. І яны скажуць, што для гэтага трэба – іншы эканамічны клімат, іншая палітычная сытуацыя. А мы гатовыя прывезьці з Канады дастаткова рэсурсаў, каб забясьпечыць правядзеньне рэформаў у Беларусі.

Што да таго, колькі паездка каштавала, то гэта не абышлося ні капейкі беларускаму падаткаплацельшчыку, ні Аляксею, ні Раману, ні Аляксандру Лукашэнку. Гэта нашы справы.

Да таго ж мы прыехалі ў Канаду пасьля таго, як былі разам з Раманчуком у Берасьці, дзе на сустрэчу прайшло амаль 100 чалавек, перад гэтым – у Гародні, дзе на сустрэчы было 60 чалавек. Прыедзем і на наступны дзень ізноў едзем у рэгіёны.

Дракахруст: Яраслаў, вось наконт вашай выбарчай кампаніі вам пытаньне ад Яўгена з Магілёва.

Яраслаў, Вы ж разумны чалавек, няўжо Вы не разумееце, што будуць фальсыфікацыі і Лука ізноў пераможа?! Для чаго тады Вы ўдзельнічаеце ў гэтых выбарах? Каб правесьці, як многія апазыцыйныя дзеячы любяць гаварыць,"інфармацыйную кампанію"? Хіба для гэтага трэба ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай гонцы, тым самым легітымізуючы рэжым?
І другое пытаньне – дзеля чаго альбо каго Вы гатовыя зьняцца? На карысьць якіх кандыдатур канкрэтна? А на карысьць каго ня здымецеся ні ў якім выпадку?


Раманчук: Я думаю, што фальсыфікацыі безумоўна будуць, бо тыя намаганьні, якія мы рабілі разам з міжнароднай супольнасьцю, каб зьмяніць электаральнае заканадаўства, не далі плёну. Мы робім ня толькі інфармацыйную кампанію, мы верым у перамогу. Сёньня яна рэальная, у адрозьненьні ад таго, што было і 5, і 10 гадоў таму. І ня толькі таму, што зараз ёсьць крызіс і сваркі паміж крамлём і Лукашэнкам, яна рэальная таму, што людзей «дастала». Тая кампанія, якую мы пачалі, тыя кампаніі, якія праводзяць нашы сябры зь іншых грамадзкіх колаў і рухаў, сьведчаць пра тое, што людзі хацелі б бачыць новыя твары і новыя ідэі. Гэта не падыход

Няма ніводнага чалавека, які б удзельнічаў у стратэгіі і пра якога б я сказаў – не, я на яго карысьць здымацца ня буду.

«не даганю, дык сагрэюся», гэта кансалідацыя людзей, гэта падыход, заснаваны на праграме, якую па сутнасьці стварылі самі людзі. Людзей, на жаль, ня вельмі цікавяць такія рэчы, як дэмакратыя і правы чалавека, гэта цікавіць 20% беларусаў, а людзей цікавіць месца працы, заробкі, пэнсіі, стабільнасьць, як Беларусь будзе жыць, калі будзе дэвальвацыя, калі ўрад давядзе да таго, што банкі не будуць выплачваць грошы з дэпазытаў. Гэта пытаньні, адказы на якія мы прапануем.

Наконт зьняцьця пакуль рана гаварыць. Але мы выступаем за тое, каб быў адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў. Адзіны кандыдат будзе, калі будзе адна стратэгія, адзін сцэнар. Мы за тое, каб гэты сцэнар распрацаваць. Я ня маю такога эга, якое заблякавала б кансалідацыю і канструктыўны падыход. Я гатовы працаваць у камандзе з людзьмі, якія падтрымліваюць нашу праграму, наша бачаньне Беларусі. І няма ніводнага чалавека, які б удзельнічаў у стратэгіі і пра якога б я сказаў – не, я на яго карысьць здымацца ня буду. Справа ў тым, каб чалавек быў дамоваздольны, каб трымаў сваё слова. З тымі паплечнікамі па дэмакратычным руху, зь якімі мы сёньня працуем, праблемаў няма. Мы будзем ісьці да перамогі і перамога будзе наша.

Дракахруст: Уладзімер, гэтымі днямі кампаніі “Гавары праўду” споўнілася 100 дзён. На адрас палітычных партыяў Беларусі ўвесь час гучаць папрокі, што яны, так бы мовіць, варацца ва ўласным соку, агітуюць з'агітаваных, словам, дзейнічаюць у межах даволі вузкага апазыцыйнага гета. Наколькі можна зразумець, мэтай кампаніі «Гавары праўду» было выйсьці з гэтага гета, дайсьці, дастукацца да больш шырокіх колаў грамадзтва. У вас гэта атрымалася?

Някляеў: Сёньня расейская служба радыё «Свабода» спыталася ў мяне, ці важна для мяне, падтрымае ці не падтрымае Расея Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах. Я адказаў, што зразумела гэта важна, але для мяне ў мільён разоў больш важна, падтрымае ці не падтрымае Лукашэнку гэтым разам Беларусь. Дык вось дзеля таго, каб да ўсіх працэсаў, у тым ліку і палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў нашай Беларусі, нарэшце падключылася грамадзянская супольнасьць, і створаная кампанія «Гавары праўду». Мы

Для мяне ў мільён разоў больш важна, падтрымае ці не падтрымае Лукашэнку гэтым разам Беларусь.

працуем як раз з той часткай, пра якую вы, Юры, казалі: якая не належыць ні да актыўнага левага, ні да актыўнага правага флянгу, а боўтаецца пасярэдзіне. І менавіта з гэтымі людзьмі трэба гаварыць, менавіта ім тлумачыць, што галасуючы за Лукашэнку (а яны пойдуць галасаваць, іх змусяць галасаваць), яны будуць галасаваць супраць сваёй будучыні.

А ці атрымалася ў нас тое, што мы задумалі – трэба меркаваць не па словах, а па дзеяньнях. Калі праз 100 дзён пра кампанію «Гавары праўду» пытаюцца ня толькі ў Беларусі, але і ў Канадзе і ў ЗША, то гэта калі ня надта вялікі посьпех, то не такі і маленькі.

Дракахруст: Сёньня ў Менску прайшла прэсавая канфэрэнцыя пасла Расеі Аляксандра Сурыкава, які ня тое каб падтрымаў, але ў пэўным сэнсе і падтрымаў кампанію «Гавары праўду».

Някляеў: Дзякуй, дзякуй спадару паслу.

Дракахруст: Ён сказаў: «Наконт сытуацыі з "Гавары праўду“, то я троху засмучаны. Уладам трэба было б іх асядлаць, накіраваць сабе на карысьць. Што было б кепскага, каб праблема ад нейкай бабулькі з правінцыі прыйшла да прэзыдэнта і яе вырашылі. Гэтыя ж ператрусы набліжаюць «Гавары праўду» да апазыцыі. А трэба абняць і прылашчыць. Тады б і апазыцыянэраў менш было».

Някляеў: І насамрэч, калі нейкая бабуля напісала ліст прэзыдэнту і папрасіла Някляева яго перадаць, то трэба было проста гэты ліст узяць і аддаць прэзыдэнту. А не казаць, што ў нас, паводле нейкіх намі напісаных інструкцыяў, ад Някляева прымаць лісты нельга. Я ведаю пра гэтую прэсавую канфэрэнцыю спадара амбасадара. Для мяне больш істотная ягоная заява, што кампанія «Гавары праўду» ня мае ніякага дачыненьня да расейскай палітыкі, а найперш – да расейскіх рэсурсаў, бо менавіта ў гэтым з упартасьцю і зацятасьцю вінавацяць кампанію «Гавары праўду» і мяне асабіста. Ну калі ўжо не павераць амбасадару Расеі, які гэтым разам сказаў чыстую праўду, то я тады ня ведаю, хто ў нас у што здольны паверыць.

Дракахруст: Іншымі словамі, і амбасадар Расеі паслухаўся вашага закліку гаварыць праўду?

Някляеў: У гэтым выпадку ён пачуў наш заклік і сказаў праўду.

Дракахруст: Анатоль, на той жа прэсавай канфэрэнцыі пасол Сурыкаў заявіў, што Расея ня бачыць альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку. А якую выснову вы зрабілі з тых сустрэчаў, якія адбыліся ў вас ужо не ў Канадзе, а ў ЗША? Якая пазыцыя Злучаных Штатаў наконт маючых адбыцца ў Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў?

Лябедзька: У адрозьненьне ад Беларусі ў ЗША няма адзінага палітычнага цэнтру, тут ёсьць плюралізм думак. Ёсьць парлямэнт, ёсьць адміністрацыя, ёсьць уплывовыя мас-мэдыя. Я прыхільнік дыялёгу міжнароднай супольнасьці з беларускімі ўладамі, але па яснай, зразумелай формуле: крэдыты ў абмен на свабодныя выбары. Мяне ў гэтым падтрымаў Маккэйн. Падчас нашай сустрэчы ён сказаў, што будзе спатыкацца са сваімі сябрамі, якія кіруюць міжнароднымі фінансавымі інстытуцыямі, і будзе гаварыць зь імі як раз пра рэалізацыю гэтай формулы: крэдыты ў абмен на свабодныя выбары. Калі мы займелі тут у асобе Маккэйна саюзьніка, то гэта вельмі моцны саюзьнік. І на самой справе міжнародны ціск на Беларусь можа быць эфэктыўным падчас крызісу.

Джон Маккэйн прыняў наша запрашэньне прыехаць у Беларусь.

Другі вынік нашага візыту – тое, што Джон Маккэйн прыняў наша запрашэньне прыехаць у Беларусь. Мы запрашалі яго на наступны год, ведаючы, які шчыльны ў яго графік паездак і сустрэч, але ён сказаў, што хацеў бы зрабіць гэта нават перад прэзыдэнцкай кампаніяй – прыехаць у краіну зь ясным пасланьнем, скіраваным і да беларускага грамадзтва, і да беларускіх уладаў. Я думаю, што паездка чалавека з такой палітычнай вагой у ЗША і зьмест гэтага пасланьня маглі б быць цікавымі. Таму што ў нас ёсьць незадавальненьне тымі пасланьнямі, зь якімі прыяжджалі Бэрлюсконі і іншыя эўрапейскія палітыкі.

Падчас сустрэчы з сустаршынём Гэльсінскай камісіі Кангрэсу ЗША Элсі Гастінгсам мы таксама выйшлі на канкрэтныя дамоўленасьці – у ЗША пройдуць слуханьні па сытуацыі ў Беларусі. Яшчэ адзін вынік паездкі – што кангрэсмэн Гастінгс пачаў працу над рэзалюцыяй па Беларусі.

Нехта скажа – ну і што, чарговая рэзалюцыя. Не, даражэнькія, ня так усё проста, гэта ўсё ўзаемазьвязана. Мы ведаем, што напярэдадні кампаніі 2001 году здарылася з Захаранкам і Ганчаром – рэальнымі прэтэндэнтамі на ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі, іх проста скралі і забілі. Мы памятаем, дзе пасьля выбараў 2006 году апынуўся Казулін і якіх намаганьняў унутры краіны і за яе межамі каштавала ягонае вызваленьне.

Сёньня трэба, каб і прэм'ер-міністар Канады Харпэр, і такія палітыкі ў ЗША, як Гастінгс і Маккэйн, узьнімалі гэтае пытаньне – што альтэрнатыўныя кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі павінны быць зарэгістраваныя і што ўлада нясе адказнасьць за іх жыцьцё і здароўе.

Дракахруст: Анатоль, а тое, што вы так падкрэсьліваеце вашы шчыльныя, добразычлівыя адносіны з Джонам Маккэйнам – ці азначае гэта, што ў вас няма такіх жа шчыльных кантактаў з людзьмі з адміністрацыі прэзыдэнта Абамы?

Лябедзька: Мы сустракаліся з людзьмі, якія працуюць з Абамам. У нас была сустрэча ў дзярждэпартамэнце, на якой прысутнічала 15 чалавек з розных урадавых ведамстваў, якія фармулююць і праводзяць палітыку. Мы шчыра і адкрыта сказалі, што на сёньняшні дзень мы ня бачым выразнай стратэгіі адміністрацыі Абамы па Беларусі. Мы віталі рашэньне Абамы працягнуць кропкавыя санкцыі адносна асобных чыноўнікаў, гэта адзіны правільны крок, ясны і зразумелы перад прэзыдэнцкай кампаніяй. Гэтая сустрэча працягвалася на 40 хвілін, чым было заплянавана, і гэта было жаданьне тых людзей, якія прыйшлі на гэтую сустрэчу.

Мы шчыра і адкрыта сказалі, што на сёньняшні дзень мы ня бачым выразнай стратэгіі адміністрацыі Абамы па Беларусі .

Дракахруст: Яраслаў, наконт сцэнароў прэзыдэнцкай кампаніі задае вам пытаньне наведнік нашага сайту пад нікам Хрушч Маржовы:

Якія Вашыя крокі, калі вы дойдзеце да выбараў, зьбярэце на Плошчы прынамсі

20 000 чалавек? Мілінкевіч сказаў: "Разыходзімся". І страціў.
Што зробіце Вы? Адразу кажу, варыянт стаяць да канца на плошчы не спрацуе, народ захоча дадому.


Раманчук: Мы робім усё, каб на плошчы было значна больш людзей. Калі іх будзе 20 тысяч, гэта тое, да чаго ўлады падрыхтаваныя. Але тыя messages, зь якімі мы ідзем да людзей – гэта новыя месцы працы, гэта сацыяльная бясьпека, messages, якія зразумелыя для прадпрымальнікаў, у стане змабілізаваць значна больш людзей. Калі на плошчы будзе 50–100 тысяч, я думаю, што мы ня будзем ускладаць кветкі, а пойдзем да органаў улады патрабаваць праўды, каб нам яе адкрылі. І тут можа быць шмат сцэнароў, адзінае, што гэта ня будзе стаяньне да пераможнага канца, калі ніхто гэты канец не акрэсьліў. Гэта будуць намаганьні стварыць дэмакратычныя органы ўлады, і калі я буду кандыдатам, які будзе абраны адзіным, і на чале беларусаў давядзецца ісьці мне – я гэта зраблю. І гэта ня будзе такі ганебны сцэнар, які быў у папярэднія прэзыдэнцкія выбары.

Калі на плошчы будзе 50–100 тысяч, я думаю, што мы ня будзем ускладаць кветкі.


Дракахруст: Яраслаў, вы ўсё ж не адказалі на пытаньне. Вас чалавек спытаў, што вы будзе рабіць, калі будзе 20 тысяч чалавек на плошчы. Колькасьць жа не замовіш.


Раманчук: Колькі будзе – столькі і будзе. Будзе 20 тысяч, ну тады сцэнар будзе падобны. Колькасьць людзей на плошчы залежыць ад нас толькі на этапе мабілізацыі. Калі разглядаць такія гіпатэтычныя сцэнары, то можна запытаць, а што будзе, калі прыйдзе толькі тысяча людзей. Калі мы нічога ня будзем рабіць, ніякіх грамадзкіх намаганьняў, ніякіх праграмаў, ніякіх кампаній, ну тады і будзе вельмі мала. Але згодна з нашым аналізам сёньня вельмі шмат цікавасьці да прэзыдэнцкай кампаніі, што мы нясем новае, нясем перамены, прычым перамены не на разбурэньні старога, не на рэвалюцыях, не на шокавай тэрапіі, а на тым, каб захаваць лепшае. І гэта адрозьнівае нас ад папярэдняй кампаніі. Мы будзем з людзьмі і будзем дамагацца таго, каб Беларусь ужо ў гэтыя прэзыдэнцкія выбары стала дэмакратычнай.

Дракахруст: Уладзімер, наведнік нашага сайту Андрэй Тутэйшы задаў вам цэлы стос пытаньняў:

1. Хто вам падабаецца па палітычным поглядам?
2. Ці зьбіраецеся друкаваць новыя творы?
3. Як вы апынуліся галоўным у "Гавары праўду"?
4. Чаму няма лягатыпу "Гавары праўду" на матчынай мове?

Някляеў: Сёньня ў сьвеце няма аднаго лідэра, відавочны спад сусьветнай палітычнай культуры. Але я аддаю перавагу тым, што ў свае палітычныя складнікі, у свой сьветапогляд дадае такія рэчы, як шчырасьць і сумленьне. Выбачайце, я ў меншай ступені палітык, а ў большай ступені паэт і менавіта з людзьмі з такімі якасьцямі я гатовы размаўляць, менавіта яны мяне цікавяць.

Што да таго, пішу я ці не пішу, дык пішу. Сёньня тут, у Амэрыцы, прачнуўся ў 4 раніцы, да шостай пісаў аповесьць. Я лічу сваім шляхам на гэтай зямлі шлях літаратуры. Я ў палітыцы апынуўся таму, што немагчыма больш трываць. Як раз зьнікненьне

Я шчыра люблю Расею... Але прыдумаць, што я тут прадстаўляю палітычныя інтарэсы Расеі – гэта такое глупства.

літаратуры, зьнікненьне культуры, зьнікненьне агульначалавечых каштоўнасьцяў прывяло мяне да таго, што я сяджу зараз у Вашынгтоне і размаўляю з вамі пра палітыку.

Наконт лягатыпу – гэта няпраўда, у нас было роўненька ўсё напалам, столькі ж лягатыпаў было на беларускай мове, колькі і на расейскай. Але ў кадры тых, хто нас здымаў, чамусьці патраплялі толькі расейскія лягатыпы. Відаць, каб давесьці некаму, што мы расейская, прарасейская кампанія. Хаця гэта сьмешна. Беларускі паэт, і з чаго раптам, чаму раптам я павінен быць прарасейскім?

Я шчыра люблю Расею, за тое, што яна напісала, як словамі сваіх лепшых сыноў сама да сябе аднеслася. Шмат за што. Любоў не выбіраюць. Але прыдумаць, што я тут прадстаўляю палітычныя інтарэсы Расеі – гэта такое глупства, якое мне б у галаву не прыйшло пры ўсіх маіх фантазіях.

Так што не зьбіраюся я ставіць крыж на літаратуры, але да таго часу, пакуль мы ня дойдзем да той мэты, якую мы паставілі, да зьменаў у Беларусі, я буду займацца тым, што ёсьць палітыка.

Дракахруст: Яраслаў, нейкі Ананім задае вам крыху зьедлівае пытаньне:


Дык калі ж будзе дэвальвацыя і поўны каляпс беларускай эканомікі?

Ну і ад мяне вам пытаньне менш зьедлівае – які ваш прагноз эканамічнай дынамікі да часу выбараў?


Раманчук: Дэвальвацыя ў Беларусі залежыць ня толькі ад эканамічных чыньнікаў. Я разумею зьедлівасьць спадара, але прагнозу наконт таго, што будзе дэвальвацыя на столькі адсоткаў у канкрэтную дату, я не рабіў. Толькі аднойчы, калі мне далі інфармацыю, што чыноўнікі забіраюць грошы з банкаў, я палічыў неабходным паінфармаваць аб гэтым людзей. Гэта быў не прагноз, а інфармацыя, якой я падзяліўся з насельніцтвам Беларусі. Што тычыцца прагнозаў, то глядзіце – у 2009 годзе Беларусь атрымала са зьнешніх

Нэгатыўныя чыньнікі, пра якія я казаў, могуць вымусіць беларускія ўлады пайсьці на дэвальвацыю ўжо сёлета.

крыніц фінансаваньня 8.3 мільярдаў даляраў. Мы маем дэфіцыт плацёжнага балянсу больш за 13% ВУП, мы маем вялікае адмоўнае гандлёвае сальда – больш за 14% ВУП. Мы губляем на нафтаперапрацоўцы. Сёньня мы бачым дэфіцыт бюджэту, які ўлада таксама не плянавала. Калі б не было прытоку валюты, то золатавалютныя рэзэрвы Нацыянальнага банку зьмяншаліся б. Нацыянальны банк стаіць перад дылемай: альбо друкаваць грошы альбо камэрцыйныя банкі будуць мець вельмі сур'ёзныя праблемы. І гэтая сытуацыя невырашальная, яна нагадвае мне сытуацыю Расеі ў сакавіку 1998 году.

Калі мы заплацім поўную цану за газ, краіна не атрымае заплянаванай валютнай выручкі і дэвальвацыя стане рэальнай. Яны фактычна ідзе ўжо сёньня. Улады заплянавалі на канец 2010 году курс 2900 рублёў за даляр, дык гэтага курсу ўжо няма. Паглядзіце, які прагноз робяць улады да 2015 году – дэвальвацыя з 5 гадоў толькі на 10-15%. Гэта бязглузьдзіца.

Ні эканамічная тэорыя, ні эканамічная практыка не дазваляюць нам канкрэтна гаварыць, калі і на колькі адсоткаў будзе дэвальвацыя, але мы з высокай ступеньню пэўнасьці можам казаць, што эканамічная сытуацыя ў Беларусі будзе сур'ёзна пагаршацца, і нэгатыўныя чыньнікі, пра якія я казаў, могуць вымусіць беларускія ўлады пайсьці на дэвальвацыю ўжо сёлета. Калі істотнай на 20-30% дэвальвацыі ня будзе, проста зьнікне валюта, улады будуць вымушаныя падвысіць цэны і надзьмуты эканамічны рост у 6 ці 10% яшчэ больш пагоршыць сытуацыю.

Дракахруст: Уладзімер, вось некалькі пытаньняў наконт вашых палітычных мэтаў – вашых асабіста і кампаніі «Гавары праўду»:

Хранцуз

Спадару Някляеў, ці ставіць кампанія палітычныя мэты па ўдзеле ў выбарах? Вы кажаце, што не, але Вашая вандроўка разам з лідэрамі АГП сьведчыць наадварот.

Алег

Спадар Някляеў, Вы падпісаліся пад перадвыбарчай праграмай Раманчука. Ці зьбіраецеся Вы самі вылучацца (такія чуткі віруюць у Інтэрнэце ўжо даўно)?

Някляеў: Ад самага пачатку дзейнасьці грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» я заяўляў, што мы гатовыя падставіць плячо, дапамагаць усімі нашымі магчымасьцямі, у тым ліку і рэсурсамі, таму чалавеку, якога апазыцыя назаве адзіным кандыдатам. Мы ўдзельнічаем у «круглым стале», які займаецца працэдурай вызначэньня такога кандыдата. На жаль, ня ўсе бяруць удзел у працы гэтага «круглага стала», а мы бярэм. Пасьля таго, што адбылося з кампаніяй 18 траўня, казаць пра тое, што кампанія ня мае палітычных мэтаў, было б сьмешна.

Палітычная работа вельмі цяжкая сваёй балбатнёй бясконцай.


Што да Яраслава Раманчука, то журналісты перабольшылі тое, што я сказаў адносна яго эканамічнай праграмы. Мы падпісваемся пад той яе часткай, якая супадае з нашым бачаньнем разьвіцьця Беларусі. Хоча нехта гэта ці ня хоча, каб Беларусь выжыла ў гэтым сьвеце, давядзецца ісьці на рэальныя эканамічныя рэформы. Яны будуць зьвязаныя з вызваленьнем працоўнай сілы. Мы праводзім зараз акцыі па малым і сярэднім бізнэсе. Зьбіраем подпісы, каб быў прыняты закон аб малым і сярэднім бізнэсе. Раманчук прапрацаваў у сваёй праграме ў выпадку скарачэньня ў Беларусі працоўных месцаў мільён новых працоўных месцаў. Як нам не прымаць тое, што зрабіў Раманчук у дадзеным выпадку?

Яраслаў – адзін з нашых найлепшых эканамістаў. А да таго ён жывы чалавек, у яго энэргетыка жывая. Трэба бачыць, як ён сустракаецца з людзьмі, як даводзіць ім тое, што хоча давесьці. Іншы стане і пачне пра адсоткі, і людзям незразумела, пра што такі талдычыць.

Сёньня трэба эмацыйна ўзяць гэтых людзей, запрасіць іх: «Ідзіце да нас, паслухайце. Мы не адмарозкі, як кажа Лукашэнка, мы жывыя людзі, гэткія самыя, як і вы. І мы хочам, каб мы разам нешта ў гэтай краіне зьмянілі».

Яраслаў абсалютна адпавядае сёньняшняму дню, найперш гэтым сваім эмацыйным пасылам. Таму я тут разам зь ім, разам з Анатолем Лябедзькам, якога даўно ведаю, зь якім не надта блізка, але сябрую.

Калі ня знойдзецца рашэньне па адзіным кандыдаце, кампанія «Гавары праўду» будзе прымаць сваё рашэньне. Я на папярэдняй прэсавай канфэрэнцыі...Я ўжо забыўся, колькі іх было. Наагул я вам скажу, што палітычная работа вельмі цяжкая сваёй балбатнёй бясконцай. Я думаў, што літаратура такая работа, а аказалася – палітыка.

Дык вось на адной з прэсавых канфэрэнцыяў я казаў, што калі ня будзе прынятае рашэньне па адзіным кандыдаце, мы будзем вылучаць свайго кандыдата. І я не сказаў, што гэта буду абавязкова я. Я сказаў, што гэта можа быць і Грушавы, і Процька, і гэтак далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG