Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіеў не зьбіраецца займацца палітыкай і бачыць сябе "ў сфэры вытворчасьці"


Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які знайшоў прытулак у Беларусі, правёў сёньня тэрміновую прэсавую канфэрэнцыю. Ён зноў заявіў, што не зьбіраецца вяртацца на радзіму, але юрыдычна па-ранейшаму лічыцца прэзыдэнтам.


Курманбек Бакіеў: "Сёньняшнія члены ўраду Кіргізстану абсалютна не кантралююць сытуацыю... Я не магу маўчаць, глядзець і слухаць тое, што адбываецца ў Кыргызстане". Па словах палітыка, ва ўсіх бедах часовы ўрад краіны працягвае вінаваціць яго і яго сям'ю.

Курманбек Бакіеў паведаміў, што зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аказаць гуманітарную дапамогу пацярпелым ад беспарадкаў у Кыргызстане. Акрамя таго, Бакіеў перакананы, што кіраўнікі краін АДКБ павінны "праявіць апэратыўную рэакцыю", інакш колькасьць ахвяраў можа ўзрасьці.

Бакіеў паведаміў журналістам, што не зьбіраецца займацца палітыкай і бачыць сябе "ў сфэры вытворчасьці". У той жа час, па словах Бакіева, у сувязі з "бардаком" у Кіргізстане ён пакуль не гарыць жаданьнем займацца нейкай канкрэтнай справай.

Бакіеў зноў заявіў, што не зьбіраецца вяртацца на радзіму: "Я не зьбіраюся вяртацца, я не трымаюся за гэтую ўладу". У той жа час, па яго словах, юрыдычна ён па-ранейшаму лічыцца прэзыдэнтам.

Адказваючы на пытаньне журналістаў, у якім статусе ён цяпер знаходзіцца, Бакіеў сказаў: "Юрыдычна, каб я склаў з сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта, патрэбна рашэньне парлямэнту". Паводле Бакіева, у краіне цяпер няма ні парлмяэнту, ні іншых легітымных галінаў улады: "Таму калі юрыдычна разглядаць, то яшчэ - так".

Паводле Бакіева , "пасьля падзеяў у Кіргізстане, ім трэба было ўвайсьці ў канстытуцыйнае поле і працаваць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG