Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За чатыры гадзіны да пачатку пленарнага паседжаньня Палаты прадстаўнікоў невядомы яго парадак дня, хаця звычайна дэпутаты атрымліваюць такія дакумэнты за суткі.

Аналітыкі мяркуюць, што гэта зьвязана з тым, што на самым версе беларускай улады дагэтуль ня вырашана – выносіць сёньня на ратыфікацыю Мытны кодэкс Мытнага саюзу "тройкі" альбо не.

Камісія ў міжнародных справах і сувязях з СНД 8 чэрвеня разгледзела гэта пытаньне і рэкамэндавала ПП НС ратыфікаваць Мытны кодэкс. 10 чэрвеня Рада Палаты ўключыла яго ў парадак дня цяперашняй сэсіі. Аднак у той дзень гэта пытаньне дэпутаты не разглядалі. У кулюарах гучала такое меркаваньне – няма чаго сьпяшацца, няхай спачатку Аляксандар Лукашэнка высьветліць усё ў Маскве.

Мяркуюць, што менавіта з гэтай нагоды ў прыкладным графіку работы Палаты прадстаўнікоў зьявілася паседжаньне, якога раней не было – 14 чэрвеня. І пачынацца яно павінна а 16-й гадзіне.

Аднак дагэтуль няма публічнай інфармацыі пра тое, ці дамовіўся па балючых для Беларусі пытаньнях Аляксандар Лукашэнка ў Маскве.

Да паездкі кіраўніка Беларусі ў Маскву сытуацыя з мытным кодэксам выглядала так: пытаньні аб увазных пошлінах на аўтамабілі і на энэрганосьбіты выдалены з пераліку пытаньняў, якія адносяцца да агульнага рэгуляваньня расейскім бокам. Беларускі бок настойвае на тым, каб пытаньні аб вышэйпазначаных пошлінах былі разгледжаныя ў комплексе да 1 ліпеня.

Дзярждума Расеі ратыфікавала мытны кодэкс яшчэ 21 траўня. 26 траўня гэта ж самае зрабіў і Савет Фэдэрацыяў. Пасьля гэтага дакумэнты падпісаў прэзыдэнт Мядзьведзеў.

Ратыфікаваў Мытны кодэкс і парлямэнт Казахстану. Гэта адбылося 10 чэрвеня.

Фармальна Мытны саюз пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2010 году. Аднак казаць пра паўнавартасны саюз і адзіную мытную тэрыторыю трох краін можна будзе толькі пасьля ўступленьня ў сілу агульнага Мытнага кодэксу.
XS
SM
MD
LG