Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць 60-га ўказу выйшлі 50 чалавек


Сёньня ў парку Дружбы народаў прайшоў санкцыянаваны мітынг з нагоды ўказу № 60. Указ уключае шэраг навацый, мэта якіх — кантроль за канчатковымі карыстальнікамі.

Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў канцы мінулага году, паставіў задачу наўпрост: карыстальніка інтэрнэту павінна быць магчыма пры неабходнасьці ідэнтыфікаваць. Указ прэзыдэнта № 60 гэтае патрабаваньне ўлічвае. Хто сёньня сабраўся пратэставаць супраць гэтага ўказу?

У парку Дружбы народаў сабралася каля паўсотні чалавек. Гэта і прадстаўнікі нацыянал-бальшавікоў, і сэксуальных меншасьцяў. Прыйшлі некалькі чалавек ад «Маладога фронту» і «Руху будучыні». Дарэчы, апошняя арганізацыя якраз і ўтварылася дзякуючы інтэрнэту — яе ўдзельнікі знайшлі адзін аднаго праз сацыяльную сетку "В контакте", аб’ядналіся й афіцыйна зарэгістраваліся.

Нацыянал-бальшавікі, якіх большасьць сярод удзельнікаў, паведамілі Радыё Свабода, што іх сайт зарэгістраваны ў Канадзе. І цяпер яны абсалютна перакананыя, што ў Беларусі іх ніколі не зарэгіструюць. Раней нацболы былі вядомыя нэгатыўнымі акцыямі: антысэміцкімі лёзунгамі на платах, апаганьваньнем сядзібы БНФ, латыскага й літоўскага пасольстваў. Але гэтым разам яны прыйшлі патрабаваць дэмакратыі, гучней за іншых скандавалі «Свабоду інтэрнэту!».

Нацыянал-бальшавікі заклікалі 23 чэрвеня сабрацца а 19-й гадзіне на плошчы Свабоды. Яны сказалі, што месца гэтае невыпадковае. Яны лічаць, што наступ на інтэрнэт азначае для маладых людзей, асабліва для інтэлектуальных, для студэнтаў, крок назад.

За акцыяй назіраюць прадстаўнікі міліцыі і некалькі амонаўцаў. Яны ня ўмешваюцца ў ход мітынгу.

Вядуць мітынг нацболы як заяўнікі акцыі. Але яны дазваляюць выступаць кожнаму ахвотнаму. Усе прысутныя расчараваныя малой колькасьцю людзей. Яны спадзяваліся, што сюды прыйдуць тысячы, а не паўсотні.

Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня.

Кіраўнікі нацболаў Яўген Контуш і «Руху будучыні» Марат Абрамоўскі
Выступае Марат Абрамоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG