Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўтуховіча і Асіпенкі ёсьць надзея на амністыю


Уладзімер Асіпенка адназначна трапляе пад дзеяньне амністыі, лічыць юрыст і праваабаронца Алег Волчак. Ёсьць, паводле юрыста, надзея і на тое, што па амністыі будзе вызвалены Мікалай Аўтуховіч.

Уладзімер Асіпенка, асуджаны па "справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў", адназначна трапляе пад дзеяньне амністыі. Пра гэта БелаПАН заявіў прадстаўнік сям'і Мікалая Аўтуховіча, юрыст і праваабаронца Алег Волчак.

"Як вынікае з законапраекта аб амністыі, прынятага Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні 4 чэрвеня, ад пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі могуць быць вызвалены людзі, асуджаныя за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі, а таксама асуджаныя за менш цяжкія злачынствы (да шасьці гадоў пазбаўленьня волі) — пры адбываньні ня менш адной чвэрці тэрміну пакараньня. Асіпенка, калі ўлічыць яго тэрмін знаходжаньня ў СІЗА, адбыў ужо траціну пакараньня, таму што быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўленьня волі", — сказаў Волчак.

Ёсьць, паводле слоў юрыста, надзея і на тое, што па амністыі будзе вызвалены Мікалай Аўтуховіч. "Ён трапляе адразу пад некалькі пунктаў законапраекта аб амністыі: па-першае, зьяўляецца вэтэранам баявых дзеяньняў у Аўганістане; па-другое, мае баявыя ўзнагароды; па-трэцяе, адбыў чвэрць тэрміну, знаходзячыся ў СІЗА; па-чацьвёртае, амністыя да яго раней не прымянялася. На маю думку, падстаў для таго, каб выпусьціць Аўтуховіча, дастаткова", — заявіў Волчак.

Ён паведаміў, што Аўтуховіч і Асіпенка ўсё яшчэ знаходзяцца ў менскім сьледчым ізалятары № 1. "Я думаю, што іх пратрымаюць у СІЗА датуль, пакуль ня будзе канчаткова прыняты і падпісаны прэзыдэнтам закон аб амністыі", — выказаў меркаваньне Волчак.

6 мая Вярхоўны суд Беларусі абвясьціў прыгаворы па "справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў". Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўваньні пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы і прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму. Асіпенку суд прызнаў вінаватым у захоўваньні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, ён прыгавораны да трох гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Асуджаныя сваёй віны не прызнаюць. Праваабаронцы расцэньваюць гэтую крымінальную справу як палітычна матываваную.
XS
SM
MD
LG