Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская формула цэнаўтварэньня на бэнзін: “ад балды”


Рост коштаў паліва ў Беларусі непадуладны эканамічнай лёгіцы. Пра гэта гавораць і прафэсійныя эканамісты, і шараговыя кіроўцы, далёкія ад глыбокіх ведаў у галіне цэнаўтварэньня. Паводле якой формулы фармуе кошты на паліва канцэрн «Белнафтахім»?

12 траўня ў Беларусі трэці раз ад пачатку году падвысіліся цэны на бэнзін і дызэльнае паліва. І калі ў суседніх краінах яны звычайна вагаюцца ў межах дзясятых доляў працэнта (прычым ня толькі ўгару, але і ўніз), то ў Беларусі травеньскі скачок засьведчыў уздым коштаў на аўтазалівачных станцыях (АЗС) на 6-8%. Пры гэтым у студзені бэнзін ужо даражэў на 2%, а ў лютым — яшчэ на 7%. Дарэчы, за мінулы год паліва таксама падаражэла ў сярэднім на 15%.

Намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Браніслаў Сівы так патлумачыў неабходнасьць радыкальных захадаў: кошты на паліва вырасьлі ў выніку ўвядзеньня Расеяй экспартных пошлінаў на нафту. З-за гэтага, словамі чыноўніка, беларуская нафтахімічная прадукцыя падаражэла на 10-25%.

Падчас нядаўняй дыскусіі ў студыі беларускага парталу TUT.by эканамічны аналітык Сяргей Чалы тлумачэньні «Белнафтахіму» назваў «чыстым піярам». І нагадаў, што вэрсія пра «руку Масквы» ўзьнікла пасьля таго, як была паднятая на сьмех першая адгаворка чыноўнікаў:

Сяргей Чалы
«Спачатку патлумачылі гэта тым, што ад лютага да красавіка ўсясьветныя кошты на нафту вырасьлі на 29%. Калі зірнуць на графік нафтавых коштаў, то сапраўды: досыць моцнае ваганьне, зь лютага па красавік быў рост зь лякальнага мінімуму да лякальнага максымуму. Але калі паглядзець, што адбылося з цэнамі ад пачатку году і да цяперашняга часу, то, аказваецца, на самой справе яны зьнізіліся! То бок піяршчыкі „Белнафтахіму“ вельмі моцна пастараліся, знайшоўшы кавалак росту на графіку, але не сказаўшы самага галоўнага — кошты на нафту ў рэальнасьці зьніжаліся. Пасьля гэтага давялося прыдумляць іншае тлумачэньне: маўляў, гэта мыта на нафтапрадукты, якое ўвяла Расея. Аднак тлумачыць дзеяньнямі Расеі падвышэньне коштаў на бэнзін вельмі складана, бо ў нас для ўнутранага спажываньня нафта бязмытная. Таму і тут ніякага росту быць не павінна».

Пасьля травеньскага падвышэньня цэнаў на паліва Беларусь выйшла ў лідэры паводле гэтага паказьніка
Піяршчыкі „Белнафтахіму“ вельмі моцна пастараліся, знайшоўшы кавалак росту на графіку, але не сказаўшы самага галоўнага — кошты на нафту ў рэальнасьці зьніжаліся.
сярод тузіна краінаў СНД. Цяпер беларускія кошты, праўдападобна, назаўсёды адарваліся ад Туркмэністану, дзе кошт 1 літра складае сымбалічныя 2 цэнты. Дзеля справядлівасьці, у іншых дзяржавах кошты на нафтапрадукты таксама карэктуюцца, аднак паказальна, што нацыянальныя ўрады падвышэньне тарыфаў зьвязваюць з ростам акцызных падаткаў і ўнутранай спэцыфікай кіраваньня эканомікай.

Між тым, як заўважае экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка, усё больш адчувальнаю робіцца дыспрапорцыя паміж прыбыткамі і выдаткамі беларусаў. Кошты паліва ў Беларусі імкліва набліжаюцца да заходнеэўрапейскіх, тым часам як беларускія ўлады яшчэ толькі зьбіраюцца ўзяць 500-даляравую плянку заробкаў. Таму і выглядае, што прапанаваныя цэны ў беларускіх умовах абсалютна нелягічныя:

Анатоль Шаўчэнка
«Гэта відавочная рэч, калі разглядаць праблему ў пераламленьні заробку людзей і цэнаў на запраўках. Асабліва з улікам таго, што транспарту стала непараўнальна больш, чым яшчэ гадоў 10-15 таму, цяпер сталі рэаліямі аўтамабільныя заторы. У выніку паліцца лішні бэнзін, накладаюцца іншыя фактары — усё гэта дае свой негатыўны адбітак. Простая арытмэтыка: раней трэба было пяць літраў, каб туды-сюды зьезьдзіць, а цяпер ужо патрэбна восем. А гэта — 8 даляраў, каб толькі адзін раз зьезьдзіць. А зрабіць 5-7 паездак на дзень — адпаведна, 40-50 даляраў лішніх выдаткаў. Калі б была зарплата пад 2 тысячы даляраў, дык на гэтым тле, магчыма, было б ня так заўважна. Але калі мы ўсёй краінай змагаемся за заробак у 500 даляраў (і пакуль безвынікова), то патраціць 100-150 даляраў на бэнзін, думаю, гэта вельмі значна ў беларускіх умовах».

Чарговае падаражэньне паліва ці не ўпершыню выклікала арганізаваны пратэст у асяродку аўтааматараў. 1 чэрвеня беларускія кіроўцы перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта калектыўны зварот з патрабаваньнем перагледзець парадак фармаваньня адпускных коштаў канцэрнам «Белнафтахім» на нафтапрадукты. Паралельна ў многіх гарадах Беларусі праходзяць акцыі «Стоп-бэнзін» — цягам чатырох дзён (1-4 чэрвеня) кіроўцы альбо цалкам ігнаруюць аўтазалівачныя станцыі канцэрну «Белнафтахім», альбо запраўляюць па 1,5-2 літры. Гаворыць адзін з ініцыятараў акцыі Канстанцін Міхайлаў:

«Мы ў лісьце адзначаем, што трэцяе ад пачатку году падаражэньне прывяло да росту коштаў у прынцыпе на ўсе прадукты: малако, мяса на 2-3% — літаральна праз два дні ўсьлед за бэнзінам. Праезд у маршрутках вырас ад 19 траўня, на днях на 5% падаражэў цукар. Мы лічым, што гэта адзін з вынікаў росту коштаў на паліва. Плюс размаўляў з перавозчыкамі — яны таксама ўздымаюць расцэнкі на свае паслугі. Мы просім у першую чаргу растлумачыць, чаму так адбываецца. Ёсьць афіцыйны адказ „Белнафтахіму“: Расея, маўляў, падняла мыта на 15-20%. Аднак мы ведаем, што з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусь пастаўляецца 6,3 мільёна тон нафты бязмытна. Гэта аб’ём для спажываньня на ўнутраным рынку, то бок для нас, звычайных грамадзянаў. А паліва чамусьці даражэе. Адказ на гэтае пытаньне нам паабяцалі даць цягам месяца».

Экспэрты сьведчаць, што насамрэч нічога складанага ў беларускай формуле паліўнага цэнаўтварэньня няма. З аднаго боку, кошт бэнзіну ці саляркі фармуецца з сабекошту прадукцыі, зь іншага — з акцызаў і падаткаў, якія наўпрост перацякаюць у дзяржаўную скарбонку. Паводле падлікаў, у 2870 рублях за 1 літар бэнзіну АІ-92 сабекошт складае толькі 1150 рублёў. Астатнія 1720 рублёў — фактычны падатак на кіроўцу. Вось што ў зьвязку з гэтым тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы:

«Цэнаўтварэньне на бэнзін, дызэльнае паліва і г.д. практычна ўва ўсіх краінах, за выключэньнем, мабыць, Злучаных Штатаў, падобнае. У кошце ўтрымліваецца вельмі вялікая доля акцызаў. Іншымі словамі, гэта ня рынкавы тавар, дзе сабекошт плюс нейкая надбаўка ў рэнтабэльнасьці. На самой справе ў кошце парадку 60% закладзена велічыня акцызу. То бок фактычна гэта інструмэнт папаўненьня бюджэту. Эканамічны сэнс таго, што адбылося, — гэта яшчэ адзін спосаб павялічыць падатак. Прычым падатак адрасны — на аўтакіроўцаў.
Гэта падатак, які лёгка зьбіраецца, бо ён бярэцца наўпрост на запраўках.
Гэта падатак, які лёгка зьбіраецца, бо ён бярэцца наўпрост на запраўках. Плюс гэта падатак, прапарцыянальны карыстаньню. Строга кажучы, гэта было б і нармальна, іншая рэч, што прыдумляліся нейкія сьмешныя апраўданьні. На самой справе гэта нішто іншае, як фіскальная мера, як спосаб папаўненьня бюджэту».

Міжнародная рэйтынгавая кампанія GTZ надрукавала параўнальныя цэны на аўтамабільнае паліва сярод 170 краінаў сьвету па выніках І кварталу 2010 году. У 14 дзяржавах цана бэнзіну ў розьніцу ніжэйшая за ўсясьветны кошт нафты, што дасягаецца дзякуючы значным дзяржаўным субсыдыям. Тут па-за канкурэнцыяй Туркмэністан, Вэнэсуэла і Іран, дзе літар паліва каштуе адпаведна 2, 3 і 9 цэнтаў. Вельмі нізкі кошт у нафтаздабыўных краінах Блізкага Ўсходу — у сярэднім 15 цэнтаў за літар.

Яшчэ 10 краінаў таксама датуюць паліва, аднак у меншым аб’ёме. З гэтай групы найбольш прымальныя кошты ў Азэрбайджане — крыху больш за 45 цэнтаў, у Эквадоры і Аргентыне — па 60 цэнтаў за літар.

Аднак бальшыня ўрадаў ня толькі не спрыяюць аўтааматарам, але і ўсяляк абкладаюць іх падатковым цяжарам. І калі ў іншых дзяржавах дарагоўля кампэнсуецца высокімі заробкамі, то ў Беларусі такая схема ня дзейнічае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG