Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Млявая кампанія


Нічога асаблівага ня дзеецца ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Польшчы. На менш чым тры тыдні перад галасаваньнем палітычная актыўнасьць 10 прэзыдэнцкіх кандыдатаў выглядае даволі млява і бясколерна. Журналістам, насамрэч, няма пра што гаварыць і пісаць пра гэтую кампанію.


Найбольш "мэдыйнага шуму" выклікала прапанова прэзыдэнцкага кандыдата ад Грамадзянскай плятформы, Браніслава Камароўскага, (які зьяўляецца кіраўніком польскага Сэйму і як такі выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы пасьля сьмерці прэзыдэнта Леха Качынскага), каб Сэйм зацьвердзіў Марка Бэльку на пасаду старшыні Польскага нацыянальнага банку.

Марэк Бэлька, які належыць да Саюзу левых дэмакратаў, быў міністрам фінансаў, віцэ-прэм’ерам і прэм’ер-міністрам у кабінэтах левых дэмакратаў у 1997 г. і 2001-2005 гг. Прапанову Камароўскага, каб Бэлька ўзначаліў цэнтральны банк, шмат хто ў Польшчы разглядае як спробу Камароўскага прыцягнуць да сябе частку набліжанага да цэнтру электарату левых. Бэлька, якога наогул усе палітычныя сілы ў Польшчы ацэньваюць як кампэтэнтнага эканаміста і фінансіста, мае якраз воблік "памяркоўнага левага".

Але нават бяз гэтага левага электарату Камароўскі мае дастаткова выразную перавагу, каб не баяцца за вынік выбараў. Апошняе прэзыдэнцкае апытаньне, якое штотыдня замаўляе тэлеканал TVN24, вызначыла выбарчую падтрымку Камароўскаму на ўзроўні 46 адсоткаў. На ягонага наймацнейшага суперніка, Яраслава Качынскага з партыі "Права і справядлівасьць", хочуць галасаваць 30 адсоткаў палякаў. Трэці з наймацнейшых кандыдатаў, Гжэгаж Напяральскі з Саюзу левых дэмакратаў, мае падтрымку 9 адсоткаў выбарцаў. Апытаньне паказвае, што ў другім туры Камароўскі перамагае з падтрымкай 56 адсоткаў галасоў супраць 36 адсоткаў для Качынскага.

Пра бясколернасьць прэзыдэнцкай кампаніі сьведчаць і выбарчыя лёзунгі кандыдатаў: "Згода будуе" (Браніслаў Камароўскі), "Польшча — найважнейшая" (Яраслаў Качынскі), "Выберы свой дабрабыт" (Анджэй Аляхоўскі), "Свабода і правапарадак" (Януш Корвін-Міке). Найбольш жывым і ўчэпістым падаецца выбарчы лёзунг скандальнага палітыка Анджэя Лепэра, лідэра радыкальнай партыі "Самаабарона" — "Я — не адзін з іх. Я — адзін з вас".

Магчыма, што выбарчая кампанія пажвавее, пачынаючы з 5 чэрвеня, калі выбарчыя камітэты прэзыдэнцкіх кандыдатаў атрымаюць права зьмяшчаць бясплатную выбарчую рэкляму на публічных радыё- і тэлеканалах на працягу двух наступных тыдняў.

Выглядае на тое, што найгоршы момант паводкі, якая пазбавіла жытла тысячы сем’яў у Польшчы, ужо мінуў. Самая высокая вада на дзьвюх найбольшых рэках краіны, Вісьле і Одры, дайшла ўжо да Балтыкі і пачала сплываць у мора. Дажджы ў Польшчы працягваюць ісьці, але экспэрты прадказваюць, што яны ня выклічуць наступнай паводкавай хвалі, якая магла б прарваць ахоўныя валы ўздоўж рэк.

Самым цікавым пытаньнем пэрыяду выбарчай кампаніі застаецца расейскае сьледзтва ў справе катастрофы польскага прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам 10 красавіка, калі загінулі 96 асобаў. Учора расейскія сьледчыя перадалі польскаму боку запісы размоваў пілётаў у апошнія мінуты перад катастрофай. Сёньня з гэтымі запісамі на адмысловым пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі пазнаёміліся найважнейшыя асобы ў дзяржаве. Яраслаў Качынскі, які быў таксама запрошаны на гэтая пасяджэньне, адмовіўся прыйсьці.

Чакаецца, што сёньня ў Польшчы будзе апублікаваная частковая стэнаграма размоваў, запісаных у "чорных скрынках" прэзыдэнцкага самалёта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG