Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч і “Вольная моладзь” далі апошні званок міністру Радзькову


Сёньня каля будынку Міністэрства адукацыі прайшла акцыя «Апошні званок міністру Аляксандру Радзькову». Яе правялі прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Міхалевіч і дзясятак моладзевых актывістаў.


Адзін з арганізатараў акцыі, палітык Алесь Міхалевіч патлумачыў: мэта акцыі — паказаць, што міністру адукацыі настаў час сысьці ў адстаўку. Аляксандар Радзькоў быў прызначаны міністрам адукацыі ў 2003 годзе.:

«Столькі дрэннага для беларускай адукацыі, колькі зрабіў Аляксандар Радзькоў, не зрабіў ніводзін міністар адукацыі за ўсю гісторыю беларускай незалежнасьці. Абсалютна бяздарная сыстэма паступленьня ў ВНУ па выніках цэнтралізаванага тэставаньня, якое пастаянна мяняецца; адмена спэцыялізаваных клясаў і школ, якія спэцыялізуюцца на асобных прадметах; адмена цэлага шэрагу вельмі важных курсаў, як, напрыклад, гісторыя ўсясьветнай мастацкай культуры; таксама адным з такіх курсаў, на які, да прыкладу, у пэдагагічным унівэрсытэце істотна зьменшылася колькасьць гадзін выкладаньня, зьяўляюцца замежныя мовы. Усё робіцца дзеля таго, каб можна было рапартаваць пра вялікую колькасьць студэнтаў, падрыхтаваных спэцыялістаў, але каб якасьць гэтых студэнтаў і спэцыялістаў паніжалася. Таму гэты міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў павінен сысьці ў адстаўку».

Алесь Міхалевіч распавёў, што заява з патрабаваньнем адстаўкі спадара Радзькова адпраўлена на імя міністра па пошце.

Ігар Драко
Ігар Драко, выкладчык Дэпартамэнту палітычных навук ЭГУ, былы выкладчык філязофіі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, такім чынам аргумэнтаваў патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі:

«Першае: пераскочылі летась з 12-гадовай на 11-гадовую адукацыю. Скасавалі колькасьць гадзінаў на выкладаньне замежных моў. Абітурыенты, якія былі не падрыхтаваныя, перайшлі ў студэнты. Першы курс — выкладчыкі хапаліся за галаву ад нізкага ўзроўню падрыхтоўкі тых, хто прыйшоў. Яны рыхтаваліся ў рэпэтытараў за грошы. А што адбываецца ў самой сыстэме вышэйшай адукацыі? Набіраецца колькасьць, колькасьць, і тады спадар Радзькоў рапартуе… Гэтая сыстэма адукацыі не спрыяе адукацыі, яна, наадварот, замінае. Нам патрэбна рэфармаваньне, а ня проста колькасьць».

Акцыю падтрымалі прадстаўнікі руху «Вольная моладзь»:

Дзяўчына: «Я — актывістка „Вольнай моладзі“. І сёньня мы вырашылі падтрымаць гэтую акцыю, гэты флэш-моб».

Хлопец: «Такую ж акцыю правядуць сёньня ў гарадах Лідзе і Гомелі. Там таксама моладзь прыйдзе са званочкамі. У аддзелы адукацыі Ліды і Гомелю будуць уручаны заявы з патрабаваньнем адстаўкі міністра Радзькова».

Міхалевіч: «Апошні званок, які сустракае Аляксандар Радзькоў у рангу міністра адукацыі».

Акцыя доўжылася каля 10 хвілін і прайшла без затрыманьняў. Яе не заўважылі ні ахова ўрадавага будынку, ні супрацоўнікі Мінадукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG