Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Бяда прыйшла са Шклова і Шклоў павінен яе спыніць"


Партыя БНФ вырашыла ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і назвала свайго кандыдата. Ім стаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.


29 траўня адбыўся зьезд Партыі БНФ, дзе было прынятае рашэньне да 1 ліпеня сфармаваць выбарчы штаб свайго кандыдата. З 205 абраных дэлегатаў у працы зьезду ўзялі ўдзел 172.

Ацэньваючы палітычную сытуацыю ў краіне лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што Расея ня будзе падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах. Таксама, паводле спадара Янукевіча, Партыя БНФ павінна стаць лідэрам аб'яднаньня народна-дэмакратычных сілаў.

Аляксей Янукевіч
"Паміж Крамлём і Лукашэнкам пачалася сапраўдная вайна. Гэта сытуацыя для нас новая і стварае неабходнасьць змагацца на два франты. Для нас немагчымы варыянт падтрымкі Лукашэнкі. І для нас немагчымы варыянт падтрымкі прарасейскага кандыдата. І гэтая раскладка ставіць крыж на той стратэгіі, якой грунтавалася беларуская апазыцыя цягам апошніх пяці гадоў, кажучы аб тым, што вораг майго ворага – гэта мой сябар. Нам ніколі ня будзе па дарозе з Лукашэнкам і нам ніколі ня будзе па дарозе з Крамлём, паколькі ні Лукашэнка, ні Крэмль ніколі не адстойваюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі".

У працы зьезду ня ўдзельнічала былое кіраўніцтва партыі – Лявон Баршчэўскі і Вінцук Вячорка, а таксама кіраўнік менскай арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч. Напярэдадні яны заявілі, што фармаваньне дэлегацкага складу парушыла статут. Падчас зьезду, калі вызначаўся кандыдат ад партыі на прэзыдэнцкія выбары, быў агучаны ліст Лявона Баршчэўскага. У ім ён папрасіў 29 траўня не прапаноўваць яго ў якасьці прэтэндэнта і ня ставіць яго кандыдатуру на галасаваньне.

Не вылучаўся таксама 33-гадовы старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які з-за ўзросту ня мае права балятавацца. У выніку была прапанавана толькі кандыдатура шклоўскага актывіста Рыгора Кастусёва. Як адзначыў дэлегат зьезду Зьміцер Салаўёў, "бяда прыйшла са Шклова і Шклоў павінен яе спыніць". Дэлегат Сяргей Мальчык ў сваім выступе адзначыў:

Сяргей Мальчык
"Рыгор Кастусёў – годная і прыстойная кандыдатура. Нічуць ня менш годная, чым Лявон Баршчэўскі. У адным выпадку, калі ён вылучаецца па сур'ёзнаму ісьці і прадстаўляць Партыю БНФ. Тады гэта будзе кансалідацыя. Калі гэта тэхнічнае пытаньне, каб здаць ці закласьці Рыгора пад нейкага іншага кандыдата, то тады я спачуваю яму і нашай партыі, бо раздрай будзе яшчэ большы".

Спадар Кастусёў у сваім выступе сказаў, што Партыя БНФ упершыню за апошнія дзесяць гадоў абмяркоўвае фармат свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. На пытаньне, ці можа ён зьняць сваю кандыдатуру на карысьць А.Мілінкевіча, спадар Кастусёў адказаў, што будзе кіравацца рашэньнямі зьезду і сойму партыі.

Рыгор Кастусёў
"Калі станецца так, што я, напрыклад, стану адзіным кандыдатам у прэзыдэнты, то я абавязуюся, што прайду гэты шлях да канца, чаго б ён мне не каштаваў. Але, калі кіраўніцтвам партыі, соймам, будзе прынятае іншае рашэньне па ўзгадненьні зь іншымі, то я буду абавязаны выканаць рашэньне сойму. Як вырашыць сойм, як вырашыце вы,так і буду рабіць. Я камандны чалавек".

Паводзячы вынікі зьезду палітоляг Юрась Чаувсаў адзначыў:

Юры Чавусаў
"На жаль, той факт, што на зьезьдзе не прысутнічаюць асобы, якія выказваліся ў падтрымку кандыдатуры Лявона Баршчэўскага і тое што Лявон Пятровіч папрасіў не вылучаць яго кандыдатуру, фактычна, узяў самаадвод у пісьмовай форме, сьведчыць пра тое, што сапраўды разыходжаньні ў партыі даволі сур'ёзныя. Спроба вылучыць спадара Кастусёва ў якасьці кансалідуючай фігуры разьбіваецца праз такія вось непрыемныя дзеяньні адваротнага боку, зьвязаныя, напрыклад, са скаргай у міністэрства юстыцыі аб непрызнаньні гэтага зьезду. Паглядзім, як будзе ўспрынятае вылучэньне спадара Кастусёва той групоўкай, якая падтрымлівае спадара Баршчэўскага. Але нават калі гэты зьезд той групоўкай не прызнаецца, унутраную легітымнасьць для партыі гэты зьезд мае".

Рыгор Кастусёў пойдзе ў прэзыдэнты ад партыі БНФ. Он-лайн рэпартаж
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG