Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына просіць ахвяраваньняў на Дзень беларускага пісьменства


У абласной газэце «Віцебскі рабочы» надрукаваны зварот Гомельскага аблвыканкаму і Хойніцкага райвыканкаму, якія шукаюць землякоў, гатовых ахвяраваць на добраўпарадкаваньне Хойнікаў да Дня беларускага пісьменства.


Паводле традыцыі, гэтае сьвята адзначаецца ў першую нядзелю верасьня ў розных гарадох і мястэчках. Як напісана ў звароце, «Сталіцай ХVІІ Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе стануць Хойнікі. Гэты непаўторны край узгадаваў народнага пісьменьніка Беларусі Івана Мележа».

Улады Гомельшчыны і Хойніцкі райвыканкам просяць адгукнуцца «тых жыхароў Хойніччыны, якіх лёс раскідаў па розных кутках нашай краіны», а таксама ўсіх «неабыякавых людзей», хто можа пералічыць хоць якую суму грошай на пададзеныя ў газэце рахункі. Бо «вялікіх затрат патрабуе добраўпарадкаваньне Хойнікаў: неабходна рэканструяваць дзіцячую бібліятэку, дом культуры, гарадзкі парк, былую панскую сядзібу, куды мяркуюць перасяліць краязнаўчы музэй». Таксама патрэбныя грошы на тое, каб усталяваць у райцэнтры скульптурныя выявы Івана Мележа…

Жыхары Віцебшчыны ня могуць згадаць, каб праз абласную газэту нехта зьвяртаўся з падобнымі просьбамі, да прыкладу, напярэдадні чарговых Дажынак — на такія сьвяткаваньні грошай ніколі не бракавала, і «дажынкавыя сталіцы» рамантавалі і добраўпарадкавалі заўжды за дзяржаўны кошт.


XS
SM
MD
LG