Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: “Прачынаюся з думкай пра катастрофу”


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што адміністрацыя бярэ на сябе кіраўніцтва ў справе выратаваньня ад экалягічнай катастрофы ў выніку аварыі на нафтавай плятформе ў Мэксыканскай затоцы.

Са сьвідравіны ў выніку аварыі на плятформе British Petroleum (BP) штодня выцякае ад 12 да 29 тысяч барэляў нафты (раней BP заяўляла, што гэтая колькасьць дасягае 5 тысяч барэляў).

“Я прачынаюся раніцай і ўвечары іду спаць з думкай пра гэтую катастрофу”, – заявіў на прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прызнаў, што спачатку ўскладаў занадта вялікія спадзяваньні на British Petroleum, мяркуючы, што кампанія самастойна здолее ліквідаваць наступствы катастрофы такога маштабу.

Абама спыніў падпісаньне кантрактаў на глыбакаводную здабычу нафты ля берагоў Аляскі і Вірджыніі ўуздоўж Мэксыканскай затокі і заявіў, што трэба пакласьці канец “скандальна цёплым узаемаадносінам” паміж нафтаздабываючымі кампаніямі і дзяржаўнымі органамі.

Апэрацыя па спыненьні выцяканьня нафты са сьвідравіны працягваецца. У сьвідравіну закачана некалькі дзясяткаў тонаў гліны, якая, спадзяюцца адмыслоўцы BP, павінна спыніць выкід нафты.

Тым часам навукоўцы выявілі на дне Мэксыканскай затокі на паўночным усходзе ад пашкоджанай плятформы вялізныя масівы нафты. Яе паведамляе Associated Press, пласт знаходзіцца на глыбіні прыблізна кілямэтар, яго шырыня больш за 9 кілямэтраў, а даўжыня 35 кілямэтраў. Знойдзеныя таксама нафтавыя плямы меншых памераў на глыбіні паўтара кілямэтра.

Прызнана, што паводле экалягічных наступстваў катастрофа ў Мэксыканскай затоцы як мінімум удвая пераўзышла самы буйны ў гісторыі ЗША разьліў нафты ў выніку аварыі танкера “Эксан Валдэз” у 1989 годзе.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG