Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 траўня адбудзецца зьезд БНФ ці сход часткі партыі?


Абвешчана, што 29 траўня пройдзе зьезд Партыі БНФ. На парадку дня вызначэньне фармату ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак рэвізійная камісія партыі не прызнае гэты сход зьездам.


Зьезд Партыі БНФ пройдзе ў менскім палацы культуры трактарнага заводу. Паводле лідэра партыі Аляксея Янукевіча, будзе абмеркаванае пытаньне ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах і, магчыма, кандыдатура, якую Партыя БНФ будзе падтрымліваць.

"Я думаю, мы абмяркуем сытуацыю ў прынцыпе – удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць. Я перакананы, што пераважнай большасьцю будзе прынятае рашэньне ўдзельнічаць. І ў такім выпадку далей будзе абмеркаваная кандыдатура, якую Партыя БНФ будзе падтрымліваць на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах", - паведаміў лідэр партыі Аляксей Янукевіч.

Вінцук Вячорка, актывіст гэтай партыі і колішні старшыня, у адказ сьцьвярджае, што 29 траўня адбудзецца ня зьезд, а сход часткі сяброў партыі БНФ. Такую ацэнку вынесла рэвізійная камісія гэтай партыі, прычым аднагалосна.

Паводле Вячоркі, зьвязана гэта з тым, што спосаб фармаваньня дэлегацкага складу на гэтае мерапрыемства найгрубейшым чынам парушае статут партыі БНФ і элемэнтарныя дэмакратычныя нормы.

"Упершыню ў гісторыі нашай арганізацыі, якая славілася сваім дэмакратызмам, большую частку дэлегатаў не выбіраюць, а прызначаюць сваёй воляй былыя прэтэндэнты ў кандыдаты на мясцовую выбарчую кампанію, склад якіх дастаткова пярэсты і дастаткова выпадковы. Я гэта кажу пры тым, што сам быў такім прэтэндэнтам, сам быў кандыдатам", – кажа спадар Вячорка.

Ён зьвязвае гэта з тым, што на сходзе 29 траўня неабходна любой цаной прыняць рашэньне на карысьць Аляксандра Мілінкевіча як прэтэндэнта ў прэзыдэнты, якога падтрымае партыя БНФ. "Вось чаму ўжыты такі маніпуляцыйны спосаб фармаваньня так званага дэлегацкага складу”, – сьцьвярджае Вячорка.

Менская гарадзкая арганізацыя БНФ пастанавіла пагадзіцца з рэвізійнай камісіяй і мерапрыемства гэтае зьездам не лічыць, гэтаксама як не лічыць абавязковымі для сябе ягоныя рашэньні, і ўдзелу ў ім ня браць.

Паводле Аляксея Янукевіча, чакаецца ўдзел у мерапрыемстве каля 200 дэлегатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG