Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе Ўладзімер Саўчанка?


Уладзімер Саўчанка
Уладзімер Саўчанка

Месца знаходжаньня былога старшыні гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі невядомае. Ягоная адстаўка напрыканцы студзеня і шэраг крымінальных спраў супраць чынавенства гарадзенскай вэртыкалі далі падставы да шматлікіх чутак пра лёс былога кіраўніка Гарадзеншчыны. Нядаўнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў бок Саўчанкі, сярод якіх было абвінавачаньне ў тым, што ён «страціў пачуцьцё адказнасьці за даручаны ўчастак працы», не праясьнілі сытуацыю.


Статус былога кіраўніка Гарадзенскай вобласьці Ўладзімера Саўчанкі ня высьветлены.

Нагадаем: ад 26 студзеня сп.Саўчанка вызвалены з пасады старшыні гарадзенскага аблвыканкаму, на якой ён працаваў ад 29 сакавіка 2001 году. У сваёй заяве на імя Аляксандра Лукашэнкі ён прасіў перавесьці яго на працу «зь меншым аб’ёмам задач, якія вырашаюцца».

Пасьля гэтага былы кіраўнік Гарадзеншчыны перабраўся ў Менск.

Хадзілі чуткі, што супраць Саўчанкі распачата крымінальная справа, а сам ён хаваецца ад перасьледу. Калі ён не зьявіўся на першае паседжаньне суду ў справе Мікалая Аўтуховіча ў якасьці пацярпелага, то гэта выклікала новую хвалю чутак.

Гэтаму спрыяла й сытуацыя на Гарадзеншчыне. Пасьля адстаўкі яе былога кіраўніка пракуратура і КДБ распачалі некалькі крымінальных спраў супраць чыноўнікаў вэртыкалі высокага рангу, а таксама прадстаўнікоў МУС.

Пад сьледзтвам знаходзіцца былы старшыня Гарадзенскага выканкаму Аркадзь Карпуць. Былы кіраўнік абласной гарадзенскай міліцыі Генадзь Хацько зьнік пасьля таго, як супраць яго распачалі крымінальную справу. Ягоны намесьнік знаходзіцца пад вартай і таксама абвінавачваецца ў злоўжываньні службовым становішчам.

Былога галоўнага архітэктара абвінавацілі ў незаконным атрыманьні зямельнага надзелу пад будаўніцтва катэджа. Ён зьехаў у Расею і там раптоўна памёр. Пад крымінальны перасьлед трапіў і былы кіраўнік фінансавага ўпраўленьня Горадні Вячаслаў Жураўскі.

Звольнены кіраўнік абласной Дзяржаўтаінспэкцыі, а таксама іншыя кіраўнікі аддзелаў гарадзенскага ўпраўленьня ўнутраных спраў. Да крымінальнай адказнасьці былі прыцягнутыя кіраўнікі выканкамаў, фінансавых ведамстваў у раённых цэнтрах Гарадзеншчыны.

Пасьля прэзыдэнцкай праверкі пад больш пільную ўвагу трапілі прадстаўнікі Дзяржкантролю.

Паводле сайту belaruspartizan.org, сп.Саўчанка знаходзіцца пад хатнім арыштам. А гэта магчыма толькі ў выпадку, калі супраць яго распачата крымінальная справа.
Крымінальную справу супраць яго могуць распачынаць толькі Рэспубліканская пракуратура ці КДБ і толькі з дазволу Аляксандра Лукашэнкі.


Былы старшыня абласнога гарадзенскага выканкаму Ўладзімер Саўчанка — сябра Савету Рэспублікі, ён уваходзіць у рэестар кіраўніка дзяржавы. Згодна з заканадаўствам, крымінальную справу супраць яго могуць распачынаць толькі Рэспубліканская пракуратура ці КДБ і толькі з дазволу Аляксандра Лукашэнкі.

Прадстаўнік прэсавай службы генэральнай пракуратуры Пётар Кісялёў паведаміў «Свабодзе», што нічога ня ведае наконт крымінальнай справы супраць былога кіраўніка Гарадзеншчыны.

«Не магу нічога сказаць наконт гэтага. Мы не валодаем такой інфармацыяй».

У красавіку «Беларускі партызан» паведамляў пра новае прызначэньне Саўчанкі ў дырэкцыю АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.

Але ў Міністэрстве энэргетыкі паведамілі, што нічога ня ведаюць наконт гэтага прызначэньня.

У аддзеле інфармацыі адказалі, што дырэкцыя Астравецкай АЭС пераяжджае на новае месца і зьвязацца зь ёй цяпер немагчыма. Але запэўнілі, што сп.Саўчанка там не працуе:

«Няма ў нас такой інфармацыі наконт таго, што Саўчанка працуе ў дырэкцыі АЭС ці ў міністэрстве».

У абласной пракуратуры, якая расьсьледуе крымінальныя справы супраць чынавенства і лепш валодае інфармацыяй пра былых кіраўнікоў, таксама адказалі, што ня ведаюць наконт крымінальнай справы супраць Уладзімера Саўчанкі.

Кіраўнік аддзелу інфармацыі абласной пракуратуры Вячаслаў Ігнацік:

«Пракуратурай Гарадзенскай вобласьці крымінальная справа супраць Саўчанкі не распачыналася, а таксама праваахоўнымі органамі і КДБ Гарадзенскай вобласьці. Гэта чуткі. Магчыма, нехта пераблытаў яго з былым старшынёй гарадзенскага выканкаму Карпуцем. Супраць яго справу распачынала рэспубліканская пракуратура».

Тым ня менш у праваахоўных органах не далі больш канкрэтнага абвяржэньня ці пацьверджаньня інфармацыі наконт крымінальнага перасьледу былога кіраўніка Гарадзеншчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG