Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў пра турэмшчыкаў: "Казалі: "А ў гэтай камэры праўда сядзіць"


Апоўдні з ізалятара на Акрэсьціна выйшлі на волю актывісты грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Ўладзімер Някляеў, Сяргей Вазьняк і Андрэй Дзьмітрыеў.

Людзі сустракалі актывістаў "Гавары праўду!" і каля ізалятара на Акрэсьціна, але больш пашанцавала тым, хто сабраўся каля Ленінскага райаддзелу міліцыі. Аказалася, што Някляева, Вазьняка і Дзьмітрыева вывезьлі з ізалятара на міліцэйскіх аўтамабілях і высадзілі ў цэнтры гораду. Такім чынам, да Ленінскага РАУС нядаўнія вязьні дабіраліся самі, на таксоўках. Першым зьявіўся Сяргей Вазьняк і патлумачыў, у чым менавіта ён падазраваўся:

Сяргей Вазьняк
"У друкарні знайшлі нейкую колькасьць паштовак зь лягатыпам "Гавары праўду!" Гэта што мне даводзілі. І дырэктар друкарні сказаў, што я прыходзіў і заказваў гэтыя паштоўкі. Я сьледчаму сказаў яшчэ 4 тыдні таму, што сапраўды я прыходзіў, мы абмяркоўвалі з друкарняй магчымасьць друкаваньня такіх паштовак, і я пакінуў макет. Але паколькі грошай на вытворчасьць такіх паштовак я не знайшоў, то больш не прыходзіў. Навошта яны іх надрукавалі, я ня ведаю. Сьледчы, магчыма, будзе спрабаваць даказаць, што я быў рэальным заказчыкам гэтых паштовак. Але не ўяўляю, як гэта можна даказаць, калі дамову мы не заключалі і грошай я не плаціў. Упэўнены, што нічога яны знайсьці ня змогуць".

Празь 10 хвілінаў пасьля Сяргея Вазьняка прыехаў Уладзімер Някляеў. Паэта сустрэлі кветкамі, сваякі абдымалі і цалавалі, калегі-літаратары ціснулі рукі, казалі пра мужнасьць і самаахвярнасьць. Няголены тры дні Ўладзімер Някляеў жартаваў адносна ўмоваў у ізалятары, мясцовай кампаніі і турэмшчыкаў, якія яго пільнавалі:

Уладзімер Някляеў
"Мушу сказаць, што, паводле маіх уражаньняў, беларуская міліцыя з намі, праўда, ня ўся і не паўсюдна. Але калі на нашым баку будзе праўда і яны гэта пабачаць, то будуць усе з намі. Тут у іх гэтак было: "Праўду вязуць", "Праўду павялі". Альбо: "А тут хто сядзіць? Праўда сядзіць".

Уладзімер Някляеў дакладна ня ведае, у якім статусе ён цяпер знаходзіцца. "Тры дні быў падазроным, а вывелі — і сказалі, што вольны. І павіншавалі", — кажа паэт пра сваё вызваленьне. Уладзімер Някляеў сказаў, што ўсе прававыя пытаньні будзе ўдакладняць з адвакатам. Што да кампаніі "Гавары праўду!", яе лідэр сказаў, што яна будзе працягвацца, у тым ліку і пасьля перамогі дэмакратаў:

"Кампанія не азначае, што мы яе стваралі менавіта пад выбары. Яна будзе доўжыцца, таму што гаварыць праўду трэба ў любым грамадзтве. Як у таталітарным, гэтак і ў дэмакратычным, бо ў праўдзе заўсёды дэфіцыт".

Пры гэтым Уладзімер Някляеў зазначыў, што офіс кампаніі "Гавары праўду!" фактычна зьнішчаны, канфіскаваныя кампутары і аргтэхніка. Ператрус, паводле Някляева, праходзіў з парушэньнем закону:

"Супрацоўнікі міліцыі спачатку самі прагуляліся па офісе, а потым паклікалі панятых і пайшлі шукаць. Таму не сьцьвярджаю, але і не выключаю: тое, што яны знойдуць, магло прыйсьці і зь імі".

21 траўня на сайце МУС зьявіўся прэсавы рэліз, паводле якога ў межах справы кампаніі "Гавары праўду!" вынікам "неадкладных сьледчых дзеяньняў стала выняцьцё зь незаконнага абароту 2 адзінак агнястрэльнай зброі, 39 патронаў рознага калібру, 6 адзінак халоднай зброі, а таксама наркатычных рэчываў расьліннага паходжаньня".

У другой палове дня Ўладзімер Някляеў сказаў пра гэтыя зьвесткі, што яму пра зброю, патроны і наркатычныя рэчывы нічога невядома. Праўда, ён удакладніў, што падчас ператрусу ў яго знайшлі 20 мантажных патронаў, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве. І гэта было пазначана ў пратаколе. Таксама Ўладзімер Някляеў сказаў, што яму невядома пра дзейнасьць фірмы "Дзіксэнд", якая фігуруе ў прэс-рэлізе МУС адносна справы кампаніі "Гавары праўду!".

ВІДЭА






Уліцёнак: " Людзі адчуваюць, што праўда на іхным баку"

С.Навумава: "Гэта перадусім была акцыя запалохваньня"

Вардамацкі: "Гэта індыкатар на 100%, што пачынаюцца выбары"

Фядута: "Улада ўчыніла дзеяньні, якія не абапіраюцца на закон"

Бураўкін: "Можна паспачуваць народу, які такую ўладу цярпіць"

Калякін: "Арышты — пасыл людзям, якія хацелі б далучыцца да кампаніі"





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG