Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтарэфэрэндуму ў Беларусі ня будзе


Цэнтравыбаркам Беларусі сёньня адмовіўся зарэгістраваць ініцыятыўную групу ў справе так званага «аўтамабільнага» рэфэрэндуму. 122 грамадзяніна краіны хацелі афіцыйна зьбіраць подпісы за захаваньне існуючага мыта на ўвоз у Беларусь замежных машын. Аднак ЦВК, спаслаўшыся на адмоўнае заключэньне Міністэрства юстыцыі і Генэральнай пракуратуры, не падтрымаў гэтую ініцыятыву.


Ініцыятыўную групу сёньня ў Цэнтравыбаркаме прадстаўляў яе старшыня -намесьнік кіраўніка Партыі БНФ Ігар Лялькоў. Ён сказаў, што на ўсенародны разгляд група прапаноўвае вынесьці такое пытаньне: «Ці падтрымліваеце вы захаваньне памераў мыта на ўвоз аўтамабіляў замежнай вытворчасьці ў Беларусь на ўзроўні 26 лістапада 2009 года?» Спадар Лялькоў упэўнены: сабраць неабходныя 450 тысяч галасоў для рэфэрэндуму група здольная.

Ігар Лялькоў
«Як паказваюць досьледы грамадзкай думкі, у прынцыпе 85% нашага грамадзтва, паводле нашых меркаваньняў, гатовыя гэта падтрымаць. Таму пры актыўнай працы 122 сябраў ініцыятыўнай групы гэта цалкам рэальна».

Загадчыца юрыдычнага аддзелу ЦВК Надзея Кісялёва нагадала прысутным: Цэнтравыбаркам, паводле дзейнага заканадаўства, мусіць накіраваць пытаньне, якое прапануецца на рэфэрэндум, на абавязковую экспэртызу ў Міністэрства юстыцыі і Генэральную пракуратуру. З адказаў, якія прыйшлі ў ЦВК, відавочна: пытаньне сфармулявана так, што адказы на яго могуць быць неадназначна вытлумачаныя, паведаміла спадарыня Кісялёва:

«Пры гэтым у заключэньні Генэральнай пракуратуры ўказваецца: у выпадку адмоўнага адказу на пытаньне рэфэрэндуму застаецца нявысьветленым — у бок павелічэньня альбо зьмяншэньня і ў якім памеры запатрабуецца зьмена цяперашніх ставак памежнага мыта».

Валеры Фадзееў
Былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Валеры Фадзееў лічыць:

«На мой погляд, гэта вельмі дакладнае пытаньне. І адказ на яго павінен быць таксама дакладны. Таму, мне здаецца, што гэта своеасаблівая трактоўка закону нашымі спэцыялістамі. Я, можа, нават сказаў бы — „спэцыялістамі“ ў двукосьсі».

Ігар Лялькоў прасіў ЦВК даць пэўны час яго групе на новую рэдакцыю пытаньня рэфэрэндуму, прапаноўваў, каб пытаньне насіла кансультатыўны характар. Аднак Цэнтравыбаркам прагаласаваў за адмову ў рэгістрацыі. А сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, якога затым падтрымала і Лідзія Ярмошына, сказаў, што гэтае пытаньне нават у новай рэдакцыі ня мае пэрспэктывы. Свае меркаваньні яны патлумачылі так: гэтае пытаньне, хочаш ня хочаш, закранае бюджэт дзяржавы. А пытаньні, якія тычацца бюджэту, на рэфэрэндум не выносяцца".

Паводле Лялькова, "аўтарэфэрэндум" стане адным з пунктаў праграмы, зь якой Партыя БНФ пойдзе на прэзыдэнцкія выбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG