Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З такімі сябрамі і ворагаў ня трэба


У Польшчы ідзе дождж. На поўдні краіны, у гэтак званай Малапольшчы, у некаторых ваколіцах вада пачала заліваць вёскі. Пад пагрозай апынулася сталіца Малапольшчы Кракаў. Прагнозы сыноптыкаў несуцяшальныя — паводле самых змрочных зь іх, Польшчы пагражае вялікая паводка, падобная да той, якая надарылася ў краіне ў 1997 годзе.


Ня выключана, што галоўнай тэмай прэзыдэнцкай кампаніі ў Польшчы перастане быць катастрофа ўрадавага самалёта пад Смаленскам і яе ахвяры, а стане надыход стыхійнага бедзтва.

Апытаньні, якія праводзяць розныя польскія СМІ адносна таго, як выбарцы будуць галасаваць 20 чэрвеня, даюць выразную перавагу прэзыдэнцкаму кандыдату “Грамадзянскай плятформы” Браніславу Камароўскаму. Паводле апошняга апытаньня, зробленага на заказ газэты “Rzeczpospolita”, у першым туры Камароўскі набірае 49 адсоткаў галасоў, а лідэр “Права і справядлівасьці” і брат-блізьнюк загінулага прэзыдэнта Яраслаў Качынскі — 29 адсоткаў. Падобны вынік дае апытаньне, зробленае на замову прыватнага тэлеканалу TVN24: Камароўскі — 48 адсоткаў, Качынскі — 30 адсоткаў.

Выглядае на тое, што калі Яраслаў Качынскі ня зьменіць тактыкі ў сваёй выбарчай кампаніі цягам бліжэйшых дзён, дагнаць Камароўскага яму ня ўдасца.

Качынскі пакуль што не паказваўся публічна пасьля катастрофы самалёта. Смутак і жалоба пасьля сьмерці брата ды спачуваньне суродзічаў на працягу месяца пасьля трагедыі давалі яму адчувальны рост прэзыдэнцкага рэйтынгу. Але, як вынікае з апошніх апытаньняў, гэты “эмацыянальны рэсурс” у кампаніі, у якой кандыдат быў “нябачны”, ужо вычарпаў сябе.

Сваю публічную прэзыдэнцкую кампанію Качынскі мяркуе пачаць 22 траўня мітынгам “Права і справядлівасьці”, які адбудзецца на Тэатральным пляцы ў Варшаве.

А ў сёньняшнім выданьні газэты “Rzeczpospolita” зьявілася інтэрвію зь Яраславам Качынскім, у якім ён прэзэнтуе сябе як чалавека і палітыка, якога трагічная сьмерць брата перарадзіла ў бок лепшага разуменьня праблемаў краіны і пошуку кампрамісаў з палітычнымі апанэнтамі. “Абодва бакі хочуць рэфармаваць дзяржаву. Мы павінны толькі выпрацаваць разумны кампраміс”, — кажа сёньня Качынскі пра палітычных апанэнтаў, пра якіх у мінулым ён не баяўся казаць, што яны ў пару камунізму стаялі на баку міліцыі з дубінкамі. У інтэрвію зусім адсутнічае такая характэрная ранейшаму Яраславу Качынскаму нота агрэсіі і правакацыі ў адносінах да палітычных супернікаў.

Тым часам Браніславу Камароўскаму, які працягвае пазыцыянаваць сябе як дабрадушнага і неагрэсіўнага палітыка ды ўзорнага сямейніка (у яго пяцёра дзяцей), у мінулую нядзелю папсавалі настрой ягоныя прыхільнікі падчас прэзэнтацыі гэтак званага Ганаровага камітэту падтрымкі для ягонай кандыдатуры.

Выступаючы на гэтай прэзэнтацыі, сусьветна вядомы кінарэжысэр Анджэй Вайда прыраўнаваў сёньняшняе змаганьне ў выбарчай кампаніі да грамадзянскай вайны.

Былы вязень Асьвенціму і былы міністар замежных справаў Польшчы Уладзіслаў Барташэўскі кпіў зь Яраслава Качынскага, проціпастаўляючы яго Камароўскаму як чалавека бязьдзетнага (Качынскі не жанаты) і “гадоўцу пушных жывёлін” (Качынскі любіць катоў).

Але самым моцным акордам прэзэнтацыі аказаўся вершык сатырыка Марка Маеўскага, у якім аўтар выкпіў палітычную харызму Качынскага, сьцьвярджаючы, што харызматык — гэта ў сацыяльным вымярэньні чалавек-псыхапат. Стварайма камітэт абароны “нармальнага” Браніслава, заклікаў сатырык.

Пікантнасьці ўсёй гэтай імпрэзе дадаў факт, што падчас яе ўпершыню прэзэнтаваўся выбарчы лёзунг прэзыдэнцкай кампаніі Камароўскага — “Згода будуе”.

Кажуць, што прэм’ер-міністар Дональд Туск, які таксама прыйшоў падтрымаць свайго партыйнага калегу, быў шакаваны гэтым палітычным праколам і выйшаў з прэзэнтацыі як абвараны. “Гэта абсалютная параза, катастрофа, і ў дадатак — паводле ўласнага жаданьня і бяз сэнсу”, — працытавала словы Туска пасьля гэтай прэзэнтацыі адно польскае выданьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG