Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцназ жорстка разагнаў гей-прайд у Менску


"Славянскі гей-прайд 2010" быў жорстка разагнаны літаральна празь некалькі хвілін пасьля пачатку. Як толькі зьявіліся маладыя людзі са сьцягамі колеру вясёлкі, да іх кінуліся байцы спэцназу міліцыі, сталі вырываць сьцягі, зьбіваць і закідаць у аўтазакі.


ВІДЭА




Прыкладна 30 чалавек узялі ўдзел у акцыі "Славянскі гей-прайд 2010", якая 15 траўня прайшла на вуліцы Сурганава. Удзельнікі шэсьця з 12-мэтровым вясёлкавым сьцягам скандавалі: "Не гамафобіі!", "Роўныя правы без кампрамісаў!", "Гамафобія — гэта хвароба!".

Нават пасьля таго, як акцыя была разагнаная, міліцыянты працягвалі хапаць людзей, якія, на іх думку, падобныя да прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Каля факультэту міжнародных адносінаў БДУ спэцназ накінуўся на маладога чалавека, які стаяў побач са сваёй маці.

"Не чапайце майго сына! – крычала жанчына. – Мы ішлі побач і спыніліся паглядзець. Нам проста было цікава, што тут адбываецца".



Для ўдзелу ў гей-прайдзе прыехалі таксама грамадзяне Расеі зь Пецярбургу, якія былі шакаваныя дзеяньнямі беларускіх міліцыянтаў.

Нагадаем, Менгарвыканкам адмовіў арганізатарам шэсьця "Славянскі гей-прайд 2010" у шэсьці па вуліцах Менску, удзельнікі якога плянавалі сабрацца каля будынку Белдзяржфілярмоніі і прайсьці па праспэкце Незалежнасьці да будынку прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук.

Арганізатары заяўляюць, што мэта акцыі — зьвярнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадзкасьці на парушэньні правоў сэкс-мяншыняў.

Паводле інфармацыі супрацоўнікаў ГУУС, затрыманыя каля 10 чалавек.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG