Ідэю абраньня адзінага кандыдата ад правага цэнтру агучылі пасьля сустрэчы групы апазыцыйных палітыкаў на пачатку гэтага тыдня з прэзыдэнтам Эўрапейскай народнай партыі Вільфрэдам Марцінсам. У Вільні з уплывовым эўрапейскім палітыкам вялі кансультацыі Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Віталь Рымашэўскі і Аляксей Янукевіч.
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька называе пазыцыю сваёй партыі ў гэтай справе "пасьлядоўнай і прынцыповай"
"Мы прапануем элемэнт самай дэмакратычнай працэдуры, якая зьвязаная з рашэньнем выбарцаў. Мы прапануем тым правацэнтрыскім структурам, якія хочуць удзельнічаць у вызначэньні працэдуры і яе рэалізацыі на практыцы і якія вылучаюць свайго кандыдата ў прэзыдэнты, ўзяць за аснову праймэрыз. Кожная структура альбо прэтэндэнт называюць адзін горад. Напрыклад, АГП, БХД, рух "За свабоду"называюць тры гарады, і ў іх праводзіцца праймэрыз. І хто з прэтэндэнтаў са сваімі праграмамі і камандамі набірае больш галасоў, той і ёсьць адзіны прэтэндэнт ад правацэнтрыскіх сіл".
Сустаршыня аргкамітэту ў стварэньні Партыі БХД Павал Севярынец кажа, што базавая прапанова партыі, "вызначыць, хто з кандыдатаў мацнейшы, хто зможа правесьці пераможную кампанію":
"Дзеля гэтага мы спачатку прапаноўвалі адзін крытэр – колькасьць ініцыятыўнай групы, моц, велічыня каманды. Але зараз, пасьля перамоваў з камандай Аляксандра Мілінкевіча, мы падрыхтавалі некалькі крытэраў. Сярод іх – станоўчы і адмоўны рэйтынг, колькасьць згадак пра структуру ці каманду за апошнія 3 ці 6 месяцаў. Ёсьць яшчэ некалькі базавых крытэраў.
І мы прапаноўваем да 27 ліпеня, да 20-годзьдзя прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі вызначыць, хто ж з кандыдатаў найбольш моцны".
Анатоль Лябедзька гаворыць. АГП будзе прытрымлівацца сваёй пазыцыі. Але гэта не азначае адмовы ад кампрамісу:
"Мы з цікавасьцю вывучым і прапановы астатніх удзельнікаў перамоўнага працэсу".
Такім чынам, пасьля вывучэньня розных прапаноў суб'екты правага цэнтру паспрабуюць выпрацаваць агульную пазыцыю.