Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі год запар Магілёў застаецца без фэстывалю "Магутны Божа"


Сёлета ў Магілёве міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа" ня будзе. Пра гэта паведамілі ў магілёўскай парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава.

"Фэстываль праводзіцца ня будзе з-за фінансавых праблемаў. Будуць асобныя канцэрты. Фэстывалю ж ня будзе", зазначыў у тэлефоннай гутарцы магілёўскі ксёндз Раман Факсінскі.

Гэта ж прызналі і ў аддзеле культуры Магілёўскага гарвыканкаму:

"Фэстывалю сёлета ня будзе. Гэта дакладна. Пра гэта ўсе шкадуюць. Мяняюцца крыху традыцыі правядзеньня такіх фэстываляў. Вы ж разумееце, ува што ўсё ўпіраецца. Будуць нейкія канцэрты, але ў поўным аб’ёме фэстывалю як такога ня будзе. Фэстываль у поўным аб’ёме ў сваёй зьмястоўнасьці й характары будзе ў 2012 годзе", паведаміў супрацоўнік аддзелу.

Штогадовая традыцыя правядзеньня фэстывалю перарвалася летась. Год таму таксама праводзіліся асобныя канцэрты. На афішах, аднак, не было пазначана, што яны праходзяць менавіта ў рамках фэстывалю. Міжнародны статус фэстывалю ў 2009 годзе падтрымалі толькі музыкі з расейскай Тулы. Раней жа на яго прыяжджалі музычныя калектывы з краінаў Эўропы, Амэрыкі і Азіі.

Упершыню фэстываль хрысьціянскай музыкі "Магутны Божа" адбыўся ў 1993 годзе. Яго назва паходзіць ад аднайменнага твору паэткі Натальлі Арсеньневай і кампазытара Мікалая Равенскага. Паводле палажэньня, усе ўдзельнікі фэстывалю павінны ведаць гімн "Магутны Божа" на мове арыгіналу.

Сярод заснавальнікаў фэстывалю "Магутны Божа" былі: народны артыст Беларусі і СССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафэсар Беларускай акадэміі музыкі Віктар Роўда, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Ганна Каржанеўская, заслужаны артыст Беларусі, дацэнт Акадэміі музыкі Віктар Скарабагатаў, народная артыстка Беларусі, дыктарка беларускага радыё і тэлебачаньня Зінаіда Бандарэнка. Фэстываль у розныя гады падтрымлівалі фонд Сораса, Беларускі народны фронт "Адраджэньне" ды грамадзкі камітэт "Дзеці Чарнобылю".

У 2002 годзе быў ліквідаваны грамадзкі дабрачынны фонд "Магутны Божа". Ад таго часу заснавальнікамі выступаюць абласная і гарадзкая выканаўчая ўлада, а таксама рыма-каталіцкі касьцёл.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG