Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казуліну, Макаеву, Дземідзенку і Яроменку прысудзілі штрафы

абноўлена

12 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску судзілі дэмакратычных актывістаў, якіх затрымалі пасьля суду Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам і Міхаілам Казловым.

17.00 Рашэньнем суду моладзевыя актывісты Мікола Дземідзенка і Ўладзь Яроменка аштрафаваныя на 525 тысяч рублёў (15 базавых велічыняў).

15.15
Казуліна аштрафавалі на 700 тысячаў рублёў (20 базавых велічыняў).

15.00
Усе выступілі, судзьдзя пайшоў пісаць прысуд.

Акрамя міліцыянтаў, выступілі сьведкі з боку Казуліна: Вячаслаў Сіўчык, Наста Лойка, Алена Радачынская, Уладзімер Барадач, Раіса Міхайлоўская. Усе яны ішлі разам з Аляксандрам Казуліным ад Вярхоўнага суду да месца, дзе яго затрымалі, і ўсе аднагалосна пацьвярджалі, што падчас гэтага Казулін нічога проціпраўнага не рабіў. Па дарозе ён размаўляў з Раісай Міхайлоўскай – гэта была ціхая прыватная размова. Казулін не брыдкасловіў, не крычаў ніякіх лёзунгаў. Ды і ўвогуле, міліцыянты да яго не падыходзілі і ні пра што не папярэджвалі.

Сьведкі бачылі, што Казуліна затрымлівалі сапраўды на скрыжаваньні вуліц Маркса і Кірава; Казулін таксама казаў, што спыніўся быў міліцэйскі аўтобус, адтуль выскачылі спэцназаўцы, схапілі сьпярша Казуліна, потым усіх астатніх і зацягнулі ў аўтобус.

Казулін пры гэтым не супраціўляўся і да гэтага не парушаў закону.

Затым на працэсе зьявіўся яшчэ адзін сьведка – міліцыянт Байбак, якога сфатаграфавалі падчас затрыманьня Казуліна. Дарэчы, папярэднія сьведкі – Чавушаў і Ляшкевіч, сьцьвярджалі, што самі завялі Казуліна ў аўтобус. Але на фатаздымку – не яны. Байбак сьцьвярджаў, што ня бачыў, ці парушаў нешта Казулін ці не – проста ён быў побач, яму перадалі Казуліна, і міліцыянт завёў таго ў аўтобус.

Напрыканцы выступіў Аляксандар Казулін, які заклікаў судзьдзю прымаць справядлівае рашэньне. Казулін папярэдзіў судзьдзю, што гэтая справа фактычна азначае, ці могуць простыя людзі, якія ідуць па вуліцы, разьлічваць на дапамогу міліцыянтаў і суду, які ў выпадку незаконнага абыходжаньня павінен іх абараніць, ці не:

“Хто народ, ад імя якога вядзецца правасудзьдзе? Вашае рашэньне будзе вельмі важнае”.

Адвакат Зьміцер Гарачка заклікаў суд цалкам апраўдаць Казуліна, бо ніводнага доказу яго віны не прадстаўлена.

Заля суда поўная. Шмат людзей прыйшлі пазьней, сярод іх – Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка, Віталь Рымашэўскі.


13.05
Моладзевага актывіста Міколу Дземідзенку аштрафавалі на 525 тысячаў рублёў (15 базавых велічыняў).

Ягоную справу разглядала судзьдзя Навіцкая.

Пачалі судзіць прадпрымальніка Алеся Макаева.


12.30
Выступілі міліцыянты старшыня Дзьмітры Чавушаў і сяржант Віктар Ляшкевіч, якія нібыта затрымлівалі Аляксандар Казуліна.

Міліцыянты сьцвярджаюць, што Казулін ішоў па вуліцы ад суду, лаяўся, выказваў незадавальненьне на дзеяньні суду, рашэньне суду, нецэнзурна лаяўся на міліцыянтаў. Яны яму нібыта зрабілі заўвагу, ён не адрэагаваў. Тады міліцыянты яго затрымалі і адвялі ў міліцэйскі аўтобус. Але пры гэтым сьведкі блытаюцца ў сваіх паказаньнях.

Чавушаў, кажа, што Аляксандру Казуліну зрабілі заўвагу насупраць мастацкага музэю і потым адвялі яго ў аўтобус, і што ён быў пры гэтым у плямістай міліцэйскай форме, на якой было напісана "Спэцназ".

Другі міліцыянт, Аляшковіч, кажа, што Казуліна спынілі і зрабілі яму першую заўвагу яшчэ да вул. Кірава, ля перакрыжаваньня, то бок значна бліжэй да будынку суду, чым кажа Чавушаў. Ляшкевіч кажа, што ён быў апрануты ў чорную міліцэйскую форму з надпісам "Міліцыя", што супярэчыць паказаньням другога міліцыянта.

Таксама ёсьць дробныя разыходжаньні ў тым, колькі разоў рабілася заўвага, што яны крычалі, як яны крычалі і г.д.

Аляксандар Казулін даў паказаньні, што ён нікога не абражаў, не лаяўся, не крычаў. Калі ён выйшаў з суду, людзі ля суду скандавалі "Свабода!", але ён у гэтым не ўдзельнічаў. Казулін паразмаўляў з амбасадарам Швэцыі Стэфанам Эрыксанам і пайшоў ад будынку суду.

На вуліцы Карла Маркса яго спынілі міліцыянты, затрымалі і адразу адвялі ў міліцэйскі аўтобус. Разам зь ім былі затрыманыя Алесь Макаеў, Мікола Дземідзенка і Ўладзь Яроменка.

У аўтобусе Дземідзенку пачалі зьбіваць, і калі Казулін зрабіў заўвагу, зьбіцьцё спынілася.

Пачынаецца разгляд справы Алеся Макаева, Міколы Дземідзенкі і Ўладзя Яроменкі.


11.05
Разгляд справы Казуліна перанесьлі з кабінэту судзьдзі ў вялікую залю.

11.00 Аляксандра Казуліна будзе судзіць Міхаіл Хома. Адвакатам у Казуліна будзе Зьміцер Гарачка. Падтрымаць былога кандыдата на прэзыдэнта прыйшло каля 20 чалавек. Сярод іх: Лявон Баршчэўскі. Мікола Статкевіч, Кацярына Садоўская, Раіса Міхайлоўская, Уладзімер Барадач.

Казулін патрабуе, каб пад разгляд справы далі вялікую залю.

Прадпрымальніка Алеся Макаева будзе судзіць Надзея Навіцкая.

Сваёй чаргі чакаюць моладзевыя актывісты Мікола Дземідзенка і Ўладзь Яроменка.






Затрыманьні адбыліся пасьля 17-ай гадзіны 6-га траўня, каля працэс над Аўтуховічам ды іншымі ўжо скончыўся і людзі, якія назіралі за працэсам, разыходзіліся.

"Прайшлі Мастацкі музэй, дайшлі да вуліцы Карла Маркса. На сьветлафоры гарэў чырвоны, толькі загарэўся зялёны і я зрабіў крок на пераход, як падлятае аўтобус, выскокваюць міліцыянты са спэцназу і хапаюць мяне, а потым тых, хто быў побач", -- згадвае падзеі былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін.

Як потым будзе пазначана ў міліцэйскім пратаколе, Аляксандар Казулін таксама нібыта нецэнзурна лаяўся. Напамін пра гэты пратакол выклікае ў палітыка сьмех.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG