Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці “акліматызаваўся” Лукашэнка ў Маскве?


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыняў удзел у Маскве ў нефармальным саміце кіраўнікоў краін СНД і АДКБ. Ён прыляцеў у Маскву вечарам 7 траўня разам з малодшым сынам Мікалаем. Пасьля саміту Лукашэнка вернецца ў Менск.

Перад самітам АДКБ (Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы) расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў адзначыў, што гэты саміт плянаваўся ў іншыя тэрміны, аднак з улікам пэўных пажаданьняў яго калегаў і кіргіскіх падзеяў былі ўнесеныя зьмены. Ён сказаў, што сытуацыя ў Кіргістане будзе абмеркаваная, і ня выключыў прыняцьця кансалідаванай заявы.

Нагадаем, што Аляксандар Лукашэнка даў прыстанішча ў Беларусі былому прэзыдэнту Кіргізстана Курманбэку Бакіеву і адмовіўся выдаваць яго новым кіргіскім уладам. Дзяржаўныя агенцыі цытуюць ананімную крыніцу ў беларускай дэлегацыі, якая заявіла, што афіцыйны Менск разглядае Бакіева легітымным прэзыдэнтам Кіргізстану.

Ці можа гэты візыт Лукашэнкі ў Маскву разьвязаць супярэчнасьці ў беларуска-расейскіх дачыненьнях? Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш сказаў, што гэтага наўрад ці ўдасца дасягнуць:

«Пакуль гэты вузел толькі зацягваўся, і шэраг праблемаў проста цяжкавырашальныя. Напрыклад, кіргіская праблема. Гэта тупік, бо Беларусь ня можа і ня будзе, канечне, выдаваць Бакіева. А Масква і ўсе астатнія прызнаюць Бакіева прэзыдэнтам, які пазбавіўся сваёй пасады. Тут няма пра што дамаўляцца. Пакуль гэта будзе толькі нейкая канстатацыя фактаў, рознагалосьсяў і найбольшае, на што можна спадзявацца, што неяк прыпыніцца працэс пагаршэньня беларуска-расейскіх стасункаў. Але я не спадзяваўся б на нейкае радыкальнае паляпшэньне, тым больш за адну сустрэчу».

Афіцыйныя крыніцы не падаюць ніякіх паведамленьняў пра двухбаковую сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў мяркуе, што такая сустрэча не адбудзецца:

«Кантакт паміж Лукашэнкам і расейскім кіраўніцтвам сумнеўны. У поўным аб’ёме, у прысутнасьці ўсіх сяброў АДКБ размовы могуць быць. Але на двухбаковай аснове — вельмі сумнеўна. Лукашэнка вядзе адносна Бакіева ўласную, сувэрэнную палітыку і няўзгодненую з партнэрам па саюзнай краіне. Тады пра што размова? Ён адказвае за яе сам».

Сёньня ў першай палове дня Аляксандар Лукашэнка ўзяў удзел у адкрыцьці мэмарыялу ў Маскве. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны прыехалі на імпрэзу на адным «Мэрсэдэсе», на антэне якога была завязаная георгіеўская стужка. На пінжаках Мядзьведзева і Януковіча таксама былі прымацаваныя георгіеўскія стужкі, а ў Лукашэнкі — чырвона-зялёная. У выступах Лукашэнка гаварыў пра неабходнасьць умацаваньня адзінства трох краінаў, а Януковіч заявіў аб намеры запрасіць кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў Кіеў.

Як перадаюць расейскія мэдыі, падчас сустрэчы з вэтэранамі прэзыдэнты выпілі па сто грамаў гарэлкі. А калі Лукашэнка выцер твар хусьцінкай, Мядзьведзеў яго спытаў: «Што, ніяк ня можаце акліматызавацца?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG