Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падпадаюць пад амністыю Аўтуховіч, Асіпенка і Казлоў?


Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка пасьля абвяшчэньня прысуду
Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка пасьля абвяшчэньня прысуду

Што думаюць пра амністыю абаронцы Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі і Міхаіла Казлова? Арцём Дубскі рыхтуецца праз паўмесяца выйсьці на волю. Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка чакае касацыйнага разгляду сваёй справы.


6 траўня ў Вярхоўным судзе закончыўся працэс па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах. У выніку суд прызнаў віну Аўтуховіча, Асіпенкі і Ларына толькі па адным з шматлікіх эпізодаў — гэта незаконныя дзеяньні са зброяй. Маюцца на ўвазе патроны, толавая шашка і гранатамёт, якія, паводле Ларына былі набытыя на загад Аўтуховіча, а Асіпенка дапамагаў у гэтым злачынстве. Што да падрыхтоўкі тэрактаў супроць высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку тагачаснага старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімера Саўчанкі, намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменкі, арганізацыі падпалаў дамоў і маёмасьці чыноўнікаў з Ваўкавыску, паводле гэтых абвінавачаньняў Аўтуховіч і Асіпенка цалкам апраўданыя. Не пацьвердзілася ранейшае абвінавачаньне і былога падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова ўва непрадухіленьні злачынства. Яно было перакваліфікавнае судом ў меней цяжкае — бязьдейнасьць службовай асобы. У выніку Казлоў атрымаў 2 гады зьняволеньня, Асіпенка і Ларын па 3 гады, Мікалай Аўтуховіч — 5 гадоў і 2 месяцы. Вось як Мікалай Аўтуховіч і Уладзімер Асіпенка адрэагавалі на прысуд.

Аўтуховіч: «Мне не важна, што сказаў суд, мне важна, што думаюць людзі».

Асіпенка: «Гэта ўсё сфабрыкаваная справа».

Нагадаю, што ў судовай залі ў гэты час людзі называлі асуджаных героямі, а побач з судом стаялі з кветкамі тыя, каго ў суд не пусьцілі і скандавалі «Свабоду, Свабоду!»

Адвакат Павал Сапелка пасьля суду заявіў, што будзе абскарджваць прысуд, паколькі лічыць Аўтуховіча цалкам невінаватым.

Ці ёсьць шанцы ў асуджаных патрапіць амністыю, якая прымеркаваная да Перамогі ў Айчыннай вайне? Паводле адваката Сапелкі патрапіць пад амністыю могуць усе, акрамя Мікалая Аўтуховіча. «Паколькі суд палічыў, што злачынства са зброяй Аўтуховіч учыніў, калі яшчэ не адбыў папярэдняга пакараньня за нясплату падаткаў, ён лічыцца злачынцам, на якога амністыя не распаўсюджваецца. Гэтак мяркуе закон», — патлумачыў Павал Сапелка.

Апошні дзень суду над Аўтуховічам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:10 0:00



Маладафронтавец Арцём Дубскі выйдзе на волю 25 траўня. Маці вязьня размаўляла зь ім па тэлефоне і засталася задаволеная настроем сына:

«Настрой у яго добры, мне размова зь ім спадабалася. Аптымістычны, засталося мала, ўсё добра. Быццам не чапляюцца ўжо. Зь ім жа сустракалася адвакат Тамара Сідарэнка, яна сказала, што нібыта ня будзе пасьля вызваленьня асаблівага нагляду. Праўда, разумею, што гэта яшчэ не канчаткова».


18 траўня ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на прысуд прадпрымальніку Андрэю Бандарэнку.

Бацька вязьня Валер Бандарэнка: «Навінаў асаблівых няма. Вось сёньня перадаў сыну перадачу. Сказалі ў судзе, што скаргу будуць разглядаць 18-га, раней мне казалі пра 17-га, зараз справілі. Адвакат бачыўся з сынам і на будучым тыдні пойдзк да яго зноў. Усё нармальна».

Вязьні, травень 2010

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў таксама казаў на судзе пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG