Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскі суд не задаволіў прэтэнзіяў апазыцыянэра


Сяргей Еўдакімовіч
Сяргей Еўдакімовіч

Суд Бабруйску не задаволіў пазоў актывіста стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Сяргея Еўдакімовіча аб абароне гонару, годнасьці й кампэнсацыі маральнай шкоды. Прэтэнзіі актывіст меў да галоўнага рэдактара бабруйскай раёнкі «Бабруйскае жыццё» Аляксандра Казака, журналістаў гэтага выданьня Аляксандра Гайшуна і Аляксандра Калініна, а таксама Натальлі Смысловай, старшыні раённай арганізацыі «Белая Русь», ды Аляксандра Чарніна, супрацоўніка выканаўчай улады.


Нагодай для судовага працэсу стаўся шэраг публікацыяў у «Бабруйскім жыцці» ў верасьні 2008 году. Тады Сяргей Еўдакімовіч балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Паводле яго, зьняважлівы характар публікацыяў паўплываў на вынікі выбараў.

Пазоў разглядала судзьдзя Тацяна Ціткова. Адбылося два судовыя паседжаньні. Як кажа Сяргей Еўдакімовіч, судзьдзя не знайшла падставаў, каб задаволіць пазоў.

«Я лічу, што рашэньне суду несправядлівае. Мной былі прадстаўленыя ўсе неабходныя доказы таго, што публікацыі былі зьняважлівыя, а факты ў іх скажаліся. А адказчыкі стаялі на сваім — нічога зьняважлівага не пісалі й не казалі. Яны фактычна выставілі мяне спэкулянтам, што я краў чужыя ідэі з чужых перадвыбарчых праграмаў. Акрамя таго, заяўлялі, што я парушаю працоўную дысцыпліну, зьбіраючы подпісы ў сваю падтрымку. Я буду падаваць апэляцыю ў абласны суд», — паведаміў «Свабодзе» Сяргей Еўдакімовіч.

25 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды актывіст зьбіраўся аддаць сіротам. Праз суд ён намагаўся прымусіць «Бабруйскае жыццё» надрукаваць абвяржэньне зьневажальных публікацыяў.

Сяргей Еўдакімовіч — сябра няўрадавай арганізацыі «Грамадзянскі форум», а таксама аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды й прагрэсу. Актывіст балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе № 79. У Бабруйску ён 14 гадоў працуе мэдыкам. Скончыў на «выдатна» тамтэйшую мэдычную вучэльню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG