Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За бутэльку каньяку — саджаюць, за скрадзены мільярд — не”


Анатоль Куляшоў
Анатоль Куляшоў

Амністыя, якая прымаецца ў Беларусі ў сувязі з 65-годзьдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, ня будзе ўжывацца да асуджаных за карупцыйныя злачынствы. Пра гэта сёньня заявіў міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў, які прадстаўляў законапраект у Палаце прадстаўнікоў. Паводле міністра, пад амністыю сёлета патрапяць каля 3,5 тысячы чалавек з агульнай колькасьці асуджаных каля 47 тысяч.


Міністар унутраных спраў сказаў дэпутатам, што ў сёлетняй амністыі будзе істотнае адрозьненьне ад папярэдніх:

«Адметнай асаблівасьцю дадзенага законапраекту зьяўляецца, параўнальна з аналягічнымі дакумэнтамі мінулых гадоў, яго выразна акрэсьленая антыкарупцыйная накіраванасьць. У прыватнасьці, значна пашырана кола асобаў, якія ўчынілі антыкарупцыйныя злачынствы і да якіх амністыя ўжывацца ня будзе. Раней яна не ўжывалася толькі да асобаў, якія займалі адказнае становішча і нанесьлі сваім злачынствам істотную шкоду альбо іх злачынства пацягнула за сабой цяжкія наступствы».

Гэта навацыя ня выклікала пытаньняў у дэпутатаў. Толькі Анатоль Глаз засумняваўся, ці правільна робіцца, што пад амністыю не трапляюць усе: нават лекары альбо настаўнікі, чый так званы хабар пацягнуў усяго на 20 тысяч рублёў?

«Гэта правільна?! Ці ўсё ж трэба ўвесьці нейкую плянку ў залежнасьці ад памеру нанесенай шкоды? Яны і так атрымалі шэсьць гадоў практычна ні за што».

Калега Анатоля Глаза Віктар Гумінскі — старшыня камісіі палаты па нацыянальнай бясьпецы, якая рыхтавала праект амністыі да разгляду, — адрэагаваў на гэта так:

«Разважаць у Авальнай залі, правільна ці не яны асуджаныя, гэта не кампэтэнцыя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а адпаведных кампэтэнтных органаў».

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб лічыць, што цяпер у краіне няправільна вызначаецца само паняцьце «карупцыя»:

«Карупцыя — справа складаная і далёка не такая простая, як гэта падаецца. Цяпер усіх, хто нешта скраў на сваёй пасадзе, далучаюць да карупцыянэраў. Але насамрэч гэта ня так.
Карупцыя — гэта калі дзяржаўны служачы зрастаецца са злачынцамі.
Карупцыя — гэта калі дзяржаўны служачы зрастаецца са злачынцамі. Вось тады атрымліваецца карупцыя».

Спадар Грыб упэўнены: за бутэльку каньяку ня толькі ня трэба запісваць у карупцыянэры, за гэта ня варта і пазбаўляць волі:

«Але за бутэльку якраз і будуць садзіць, а за скрадзены мільярд — не».

Міністар Куляшоў паведаміў таксама, што ўзровень рэцыдыву пасьля амністыі звычайна складае ад 7 да 10%, а ўтрыманьне аднаго асуджанага абыходзіцца дзяржаве ў 500 тысяч рублёў на месяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG