Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амністыя – ня выйсьце?


Палата прадстаўнікоў сёньня будзе разглядаць законапраект “Аб амністыі ў сувязі з 65-годзьдзем перамогі ў Вялікай Айчынай вайне 1941 – 1945 гг.”. На волю маюць выйсьці каля 900 чалавек з калёніяў адкрытага тыпу, а 9 300 пакараным будзе скарочаны тэрмін зьняволеньня. Ці паспрыяе чарговая амністыя рэабілітацыі пакараных?


Каардынатар “Эўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч лічыць, што амністыя ў Беларусі толькі крыху зьмякчае занадта жорсткія прысуды. Ён адбываў пакараньне за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году на так званай хіміі. А ў кастрычніку 1999 году правёў некалькі дзён у Менскім сьледчым ізалятары – паводле абвінавачаньня ў арганізацыі “Маршу Свабоды”, які нібыта прывёў да масавых непарадкаў:

“У нас даволі жорсткія прысуды за парушэньні, якія ў некаторых краінах не зьяўляюцца крымінальнымі. Гэта ў некаторай ступені кампэнсуецца амністыямі, якія праводзяцца пэрыядычна. Па-першае, каб разгрузіць беларускія турмы, па-другое, каб зьмякчыць празьмерную жорсткасьць беларускага Крымінальнага кодэксу і зрабіць зьняволеных больш паслухмянымі”.

Лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч за палітычныя графіці падчас мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі быў зьняволены і адбываў пакараньне ў Магілёўскай папраўчай калёніі:

“Амністыі заўсёды чакаюць. Але мне падаецца, што трэба карэнным чынам спачатку ісьці на зьмякчэньне нашага заканадаўства. Менш будзе праблемаў супрацоўнікам аховы, якія думаюць, дзе разьмясьціць і як пракарміць столькіх зьняволеных”.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч адбываў пакараньне ў Шклоўскай калёніі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі:

“Калі я знаходзіўся ў сьледчым ізалятары, адпачывалі па зьменах. Нары былі падзеленыя па 12 гадзінаў на двух чалавек. У калёніі было па адным на ложку, але гэта былі трохпавярховыя ярусы. Верхні – за 20 сантымэтраў ад столі. Можна сабе ўявіць, якая гэта перанаселенасьць. Цяжка жыць, а людзі там знаходзяцца, трэба сабе ўявіць, гадамі”.

Пад амністыю трапляюць вэтэраны Айчыннай вайны, непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, таксама асобы, якія дасягнулі пэнсійнага веку, інваліды, удзельнікі ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама ВІЧ-інфікаваныя і хворыя на актыўную форму сухотаў.

Тыя, хто не ўчынілі асабліва небясьпечнага злачынства, будуць вызваляцца ад пакараньня арыштам, абмежаваньнем волі і накіроўвацца ў дысцыплінарную частку.

Былыя палітвязьні назіралі, у якіх жудасных умовах зьняволеньня знаходзяцца людзі, якіх маглі б пакінуць на волі, пакараўшы за дробнае злачынства штрафам ці абмежаваньнем волі.

У суседняй Польшчы даўно выкарыстоўваюць інтэрактыўныя формы пакараньня. Напрыклад, на размову выклікаюць таго, хто скраў ровар, і таго, у каго яго скралі. У пацярпелага пытаюцца, ці стане яму лягчэй, калі яму кампэнсуюць страты і пры гэтым не пасадзяць злодзея, бо ён папросту яшчэ падлетак ці мае часовыя праблемы ў жыцьці. І прыходзяць да нейкага пагадненьня.

Паводле шэрагу ўказаў Аляксандра Лукашэнкі, за некаторыя віды злачынстваў у сфэры карупцыі, калі абвінавачаны актыўна супрацоўнічаў са сьледзтвам і кампэнсаваў нанесеную шкоду, яго могуць нават вызваліць ад адказнасьці ці значна зьмякчыць меру пакараньня.

Але няма ўказаў наконт трактарыста, які скраў, напрыклад, пару мяхоў камбікорму. Назіральнікі адзначаюць відавочную няроўнасьць пакараньняў. Для прыкладу, у адзін дзень у менскім судзе за невяртаньне крэдыту на 350 000 даляраў бізнэсоўца пакаралі двума гадамі папраўчых работ. Тым часам у суседняй залі жанчына, якая працавала ў сталоўцы і скрала для сваіх дзяцей буханку хлеба, пачак масла і паўлітра сьмятаны, атрымала аналягічнае пакараньне.

Палітыкі лічаць, што амністыя ня зможа вырашыць праблемы перанаселенасьці турмаў, рэцыдываў злачыннасьці і распаўсюджваньня небясьпечных хваробаў сярод пакараных, пакуль ня будзе зробленая рэформа крымінальнага заканадаўства і пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG