Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатар аднаго актора “Зьніч” адзначае 20-годзьдзе


Мастацкая кіраўніца "Зьніча" Галіна Дзягілева
Мастацкая кіраўніца "Зьніча" Галіна Дзягілева

5 траўня ў вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца сьвяточная імпрэза, прымеркаваная да 20-годзьдзя тэатру аднаго актора “Зьніч”.

Беларускі паэтычны тэатар аднаго актора “Зьніч” — гэта першы і адзіны тэатар у Беларусі, які працуе ў жанры монаспэктаклю. Гэта азначае, што ў тэатральнай пастаноўцы ўдзельнічае актор, які цягам паўтары-дзьвюх гадзінаў застаецца на сцэне адзін. Такія дзеі вымагаюць вялікага майстэрства ад усіх 22 актораў, якія працуюць у тэатры.

За 20 гадоў рэпэртуар тэатру склаў 19 спэктакляў — паэтычных, драматычных, лялечных і нават опэрных. Пра сакрэт посьпеху гаворыць дырэктарка і мастацкая кіраўніца Галіна Дзягілева:

“У тэатры самае ўлюбёнае — гэта нашы спэктаклі. Галоўнае — каб яны былі цікавыя, прафэсійныя, каб былі высокага мастацкага напаўненьня. Каб не было сумна і сорамна — вось гэта самае галоўнае”.

Тэатар аднаго актора “Зьніч” цалкам беларускамоўны. Некалькі год таму тэатар распачаў супрацоўніцтва зь беларускім музычна-фальклёрным калектывам “Прымакі” з Гарадка, што на Беласточчыне. “Прымакі” будуць галоўнымі гасьцямі “Зьніча” на сьвяткаваньні юбілею.

Мастацкі кіраўнік “Прымакоў” Юрка Астапчук:

“Я калі ўпершыню пабачыў спэктакль “Зьніча”, то амаль што стаў на калені. Бо быў вельмі глыбока і пранікнёна перададзены сэнс і зьмест гэтага спэктаклю”.

У рэпэртуары тэатру такія спэктаклі, як “Мне сьняцца сны аб Беларусі” Янкі Купалы, “У краіне сьветлай...” Максіма Багадановіча, “Нобіль — барвяны ўладар” Уладзімера Караткевіча.

“Зьніч” — выдатная зьява сёньняшняй беларускай культуры, кажа намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

“Відаць, што дзейнасьць тэатру абумоўленая нават яго назвай “Зьніч”. Гэта сапраўды як зорка на небасхіле беларускай драматургіі, якая падсьвечвае дзейнасьць многіх выбітных асобаў Беларусі і некаторыя старонкі беларускай гісторыі. Таму “Зьніч” ужо некалькі гадоў застаецца непаўторнай зьявай у гісторыі беларускай культуры”.

Творчая імпрэза з нагоды 20-годзьдзя тэатру “Зьніч” пачынаецца а 19-й гадзіне ў вялікай залі Белдзяржфілярмоніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG