Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камароўскі: “Генпракуратура не абараняе простага чалавека без замовы”


Аляксандар Камароўскі
Аляксандар Камароўскі

Генэральная пракуратура пачала крымінальную справу па факце публікацыі водгукаў наведнікаў сайту «Хартыі-97». У рамках справы ў Менскую гарадзкую пракуратуру, якая вядзе справу, ужо выклікаліся сустаршыні грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў вайны ў Аўганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандар Камароўскі і Алег Воўчак. Ім даводзілі пра абразы і хлусьню, якія мелі месца ў камэнтарах да артыкула «аўганцаў», зьмешчанага на згаданым рэсурсе.

Перадгісторыю крымінальнай справы згадвае Аляксандар Камароўскі. Ён кажа, што лічыць трэба ад зьяўленьня ў прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии» асуджэньня воінаў-аўганцаў Камароўскага і Воўчака, якія адмовіліся прымаць ад Аляксандра Лукашэнкі юбілейныя мэдалі да 20-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану:

«Год таму падпалкоўнік Рыжанкоў у „Советской Белоруссии“ напісаў брудны артыкул пра мяне і Воўчака. А потым „Хартыя“ з маёй падачы напісала артыкул „Цкаваньне ў стылі 1937-га“. На гэты артыкул было 65 народных водгукаў. Водгукі пераважна гнеўныя, падпалкоўніка прычасалі па поўнай праграме. Потым мы з Воўчакам адзін дзень з аўтарам судзіліся ў Савецкім судзе, свой гонар абаранялі. Але паглядзелі — чалавек нібыта хворы, яму дрэнна стала, ці то інвалід, і яшчэ што, але падняцца ня мог. Прынамсі, спрабаваў адказваць седзячы. І, я гляджу, зусім не арыентуецца ў тым, што напісана ў ягоным артыкуле. У мяне тады ўражаньне склалася (і я гэта сказаў у судзе), што гэта ўвогуле ня ён пісаў, а артыкул яму папросту падсунулі. А ён падпісаў — ды ўсё. Ну, і мы з Воўчакам прынялі рашэньне далей не судзіцца і фактычна яго прабачылі. Судзьдзя тады папярэдзіла: Сан Саныч, калі вы падпісваеце міравую, то, паводле закону, больш да гэтай тэмы ня маеце права вяртацца. І сапраўды: чаго нам, ваенным, паміж сабой судзіцца?»

Аднак прайшоў час, і гісторыя нечакана атрымала працяг. Да артыкула на сайце «Хартыі» Аляксандар Рыжанкоў вярнуўся ў суправаджэньні Генэральнай пракуратуры. Цяпер спадар Камароўскі канчаткова перакананы: Рыжанкова нехта мэтанакіравана падштурхоўвае да новага супрацьстаяньня. Прынамсі, такое ўражаньне ў вэтэрана-аўганца склалася ад двух наведваньняў Менскай пракуратуры, якой перададзеныя матэрыялы справы.
У нас за 16 гадоў кіраваньня Лукашэнкі ніколі Генпракуратура так апантана не абараняла гонар простага чалавека.
І без уплывовых асобаў, на думку Камароўскага, тут не абышлося. Дарэчы, заўтра Камароўскі зноў зьбіраецца на допыт:

«Сама Генэральная пракуратура адкрыла крымінальную справу. У нас за 16 гадоў кіраваньня Лукашэнкі ніколі Генпракуратура так апантана не абараняла гонар простага чалавека. А тут непасрэдна пракуратура пачынае крымінальную справу! Мы з Воўчакам там праходзім як сьведкі. Пакуль я ня ведаю, супраць каго справа можа ўрэшце абярнуцца — магчыма, і супраць нас, а магчыма, у першую чаргу і супраць „Хартыі“. Таму што там нібыта такія „недазволеныя“ водгукі друкуюцца. Я асабіста наконт водгукаў сказаў пракурору, калі ў яго быў: лічу надзвычай станоўчай справай, калі народ можа выказаць сваё меркаваньне на любую падзею. Калі ласка, зрабіце ў „Советской Белоруссии“, каб кожны чалавек, не баючыся, мог напісаць водгук на ўсю вашу галімацьцю, якую вы друкуеце. А канкрэтна, па вялікім рахунку, нават яшчэ ня ведаю, у каго якія прэтэнзіі. Нават да мяне: я два разы ў іх быў, але так нічога і не зразумеў. Таму што ні да мяне, ні да Воўчака не павінна быць ніякіх прэтэнзій. Бо мы Рыжанкова не абражалі, мы яму не пагражалі. А гэта выказваўся наш, беларускі народ».

У краінах Эўропы, уключна з Расеяй, інтэрнэт-СМІ не нясуць адказнасьці за камэнтары наведнікаў сайтаў. Тым часам «Хартыя-97» ужо фігуруе ў крымінальнай справе аб паклёпе на былога начальніка Ўпраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці Івана Каржа. З офісу «Хартыі» былі забраныя на экспэртызу кампутары, а рэдактарку сайту Натальлю Радзіну разам зь іншымі журналістамі недзяржаўных СМІ раз-пораз выклікаюць на допыты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG