Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАРЭ правялі тэрміновыя дэбаты па Беларусі


Сыніка Хурскайнэн
Сыніка Хурскайнэн

Сёньня ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прайшлі тэрміновыя дэбаты па сытуацыі ў Беларусі. У праекце рэзалюцыі прапануецца прыпыніць кантакты на высокім узроўні з афіцыйным Менскам, але працягваць дыялёг з уладамі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

Праект рэзалюцыі прадставіла дакладчыца камітэту па палітычных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Сыніка Хурскайнэн. Яна адзначыла, што самай важнай прычынай для тэрміновых дэбатаў па Беларусі сталі два сьмяротныя прысуды, выкананыя ў сакавіку гэтага году «ва ўмовах татальнай сакрэтнасьці». Таксама яна згадала іншыя «нядобрыя падзеі» — ціск на незалежныя мэдыі, грамадзянскую супольнасьць і апазыцыйныя структуры, перасьлед сяброў Саюзу палякаў.

«Беларускія ўлады часта кажуць, што яны хочуць весьці прагматычны дыялёг з Эўропай. Але ня можа быць ніякага прагматызму ў пытаньні правоў чалавека. Нягледзячы на вартыя расчараваньня падзеі, я працягваю спадзявацца на дыялёг і супрацоўніцтва. Рада Эўропы не павінна вяртацца да палітыкі ізаляцыі. Але ня можа быць прагрэсу ў дыялёгу без прагрэсу ў кірунку да стандартаў Рады Эўропы».

Спадарыня Хурскайнэн прапанавала ў якасьці санкцыяў прыпыніць кантакты на высокім узроўні з афіцыйным Менскам, але працягваць дыялёг з уладамі і грамадзянскай супольнасьцю. Яна адзначыла, што неабходны дакладны сыгнал з самых вярхоў Беларусі, што беларускі ўрад хоча працаваць у пытаньні сьмяротнага пакараньня.

Сяргей Маркаў
Прадстаўнік Расеі Сяргей Маркаў сказаў, што дыялёг зь Беларусьсю «вельмі цяжкі». Ён пагадзіўся са спадарыняй Хурскайнэн, што апошнім часам «мы бачым нэгатыўнае разьвіцьцё Беларусі». Аднак ён выказаўся супраць палітыкі ізаляцыі, якая «завяла ў тупік».

«У выніку мы чакаем Беларусь сябрам Рады Эўропы, але на гэтым шляху беларускія ўлады павінны яшчэ зрабіць вельмі цяжкі і вялікі шлях. Дэмакратыя — гэта галоўнае, чаго цяпер мы патрабуем ад уладаў Беларусі».

Падчас дэбатаў выступілі зь Беларусі прадстаўнік уладаў — старшыня сталай камісіі па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Юшкевіч і сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька. Паводле спадара Юшкевіча, важна захоўваць працэс дыялёгу на аснове ўзаемнага даверу і пашыраць кантакты рознага ўзроўню.

Анатоль Лябедзька
«Прапанова аб прыпыненьні кантактаў заведама пройгрышная як для Рады Эўропы, так і для Беларусі. Тым больш што ў гісторыі нашых узаемаадносінаў такі пэрыяд ужо быў. І невядома, да чаго б ён прывёў, калі б Рада Эўропы ня выбрала правільную палітыку — палітыку дыялёгу».

Ён паведаміў, што кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў накіравала на адрас старшыні ПАРЭ зварот, які дае «выразнае тлумачэньне па ўсіх заклапочанасьцях Асамблеі». Адносна сьмяротных прысудаў у Беларусі ён сказаў:

«Да адмены сьмяротнага пакараньня суды маюць права выносіць сьмяротныя прысуды, а органы правасудзьдзя абавязаныя іх выконваць. Гэтыя структуры дзейнічаюць у рамках закону і ня могуць кіравацца палітычнымі меркаваньнямі, тым самым рэалізуючы адзін з асноўных прынцыпаў Рады Эўропы — вяршэнства закону».

Адносна сытуацыі вакол саюзу палякаў, спадар Юшкевіч адзначыў, што «штучнае раскручваньне гэтага лякальнага пытаньня на палях ПАРЭ можа стварыць непатрэбную напружанасьць на фоне пачатага беларуска-польскага перамоўнага працэсу».

Падчас дэбатаў выступіў таксама сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька, які сказаў, што Беларусь, паводле сацыялягічных апытаньняў, «знаходзіцца на парозе пераменаў».

«Наперадзе прэзыдэнцкая кампанія. Не хацелася б, каб ПАРЭ працягвала руку дапамогі апошняму дыктатару эўрапейскага кантынэнту. Лепш не рабіць нічога, чым нешта рабіць дрэнна. У гэтай сытуацыі я хацеў бы, каб вы памяталі ня толькі пра двух чалавек, якіх пазбавілі жыцьця. Я хачу, каб вы не забываліся на Ганчара, Захаранку, якія выкрадзеныя і забітыя з палітычных матываў, якія нават не былі правапарушальнікамі ў сваёй краіне, журналіста Зьмітра Завадзкага. Каб вы не забываліся на палітзьняволеных, якія сёньня знаходзяцца ў турме».

Паводле спадара Лябедзькі, дэмакратычныя сілы ў Беларусі гатовыя абмяркоўваць «дарожную мапу» для ўступленьня Беларусі ў Раду Эўропы. Для гэтага патрэбна стварыць сумесную групу, у якую ўвойдуць прадстаўнікі ўлады, апазыцыі і Асамблеі.

Вядоўца. Нагадаем, Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы ў чэрвені мінулага году прыняла рэзалюцыю, згодна зь якой беларускаму парлямэнту вернуць статус адмыслова запрошанага толькі пасьля таго, як Беларусь абвесьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG