Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічная стабілізацыя коштам “анаболікаў”


Анатоль Філонаў
Анатоль Філонаў

Міністэрства эканомікі Беларусі заяўляе, што эканамічная сытуацыя ў краіне стабілізаваная. За тры месяцы гэтага году зафіксаваны прырост валавога ўнутранага прадукту. Пра гэта было заяўлена падчас прэсавай канфэрэнцыі "Аб выніках працы рэальнага сэктару эканомікі ў І квартале 2010 году". Незалежныя эканамісты лічаць, што стабілізацыя дасягнута галоўным чынам за кошт замежных крэдытаў.


Паводле афіцыйных зьвестак, рост валавога ўнутранага прадукту за тры першыя месяцы году склаў 104%. Прырост зафіксаваны ў сямі зь дзевяці кірункаў рэальнага сэктару эканомікі. Аб’ём назапашанай прадукцыі зьнізіўся з 90 да 71% у параўнаньні з мінулым годам, а рэальныя даходы насельніцтва павялічыліся на 5,4%. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра эканомікі Анатоль Філонаў:

«Вынікі першага кварталу эканомікі даюць спадзяваньні на далейшую пазытыўную, станоўчую дынаміку разьвіцьця рэальнага сэктару эканомікі краіны».

Сёньняшнія эканамічныя посьпехі, аднак, могуць дорага абысьціся Беларусі ўжо ў бліжэйшай будучыні, мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
«Я б назваў гэта стабілізацыяй коштам анаболікаў. Анаболікі — гэта банкаўскія і зьнешнія крэдыты. Пры валавым росьце мы назіраем пагаршэньне фінансавага стану рэальнага сэктару і банкаў. Добра, вал ёсьць, але ён вельмі дорага адаб’ецца для банкаў».

Чыноўнікі Міністэрства эканомікі таксама паведамілі, што Беларусь вяла перамовы з кітайскай аўтамабільнай кампаніяй Chery аб вытворчасьці легкавікоў на базе Менскага аўтазаводу. Аднак перамовы былі перапыненыя з прычыны адсутнасьці фінансаваньня з боку Беларусі і ў зьвязку са стварэньнем мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Ніякай пэўнасьці спадар Філонаў ня выказаў і адносна новых паставак вэнэсуэльскай нафты:

«Прадстаўнікі Вэнэсуэлы павінны ўзяць удзел у перапрацоўцы нафты, ацаніць вынікі працы, і толькі пасьля... Словам, казаць пра наступныя партыі нафты — няма такой магчымасьці».

З пункту гледжаньня эканамічных выгодаў нафтавы праект Беларусі і Вэнэсуэлы ня мае сэнсу, мяркуе Яраслаў Раманчук:

«Безумоўна, ні Уга Чавэс, ні хто іншы ня будзе датаваць Беларусь, як гэта было з Расеяй. Таму трэба нашу эканоміку дастасоўваць да сытуацыі, каб набываць нафты гэтулькі, колькі неабходна для ўнутранага рынку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG