Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Славнефть" не разьлічвае на дывідэнды з Мазыра


Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб увесь прыбытак ад перапрацоўкі вэнэсуэльскай нафты на Мазырскім НПЗ застаўся ў Беларусі, нягледзячы на тое, што больш за 40 працэнтаў акцый прадпрыемства належыць расейскім акцыянэрам — кампаніі "Славнефть". Як адрэагавалі на гэтую заяву нафтаперапрацоўшчыкі і эканамісты.

Аляксандар Лукашэнка ў часе паездкі па Гомельшчыне строга запытаў генэральнага дырэктара адкрытага акцыянэрнага таварыства "Мазырскі НПЗ" Анатоля Купрыянава:

(Лукашэнка:) "Ты гатовы прыняць гэтыя 80 тысяч тон нафты?"

(Купрыянаў:) "Так".

(Лукашэнка:) "У цябе ёсьць куды зьліць? Ёсьць як перапрацаваць?"

(Купрыянаў:) "Ёсьць спэцыяльныя рэзэрвуары, якія мы ўвялі ў эксплюатацыю ў 2008 годзе…"

(Лукашэнка:) "Гэта акцыянэрнае таварыства, дзе і расейскі капітал ёсьць…"

(Купрыянаў:) "42,5 працэнта".

(Лукашэнка:) "Дык вось запомні, калі хоць адна капейка пойдзе інвэстарам на той бок, наракай на сябе! Усе да кроплі грошы і прыбытак павінны застацца ў Беларусі".

(Купрыянаў:) "Зразумела".

(Лукашэнка:) "Ім ня трэба было перапрацоўваць нафту, і прыбытак быў непатрэбны. Запамятай. Калі хтосьці будзе перашкаджаць — кажы адразу".

42 з паловай працэнты акцыяў Мазырскага НПЗ належаць расейскай кампаніі "Славнефть". Кіраўніца Дэпартамэнту па сувязях з грамадзкасьцю "Славнефті" Марыя Грыднева прызнала, што ў кампаніі ведаюць пра выказваньні А. Лукашэнкі, але афіцыйна камэнтаваць іх адмаўляюцца. Неафіцыйна ж спадарыня Грыднева прызнала:

"Цягам некалькіх гадоў, наколькі мне вядома, завод практычна не выплачвае дывідэнды, усё гэта йдзе на разьвіцьцё прадпрыемства".

На самім Мазырскім НПЗ таксама ўхіляюцца ад камэнтароў, ня кажуць, якім чынам яны зьбіраюцца выконваць распараджэньне А. Лукашэнкі. Намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы Генадзь Цецярук:

"Гэта кампэтэнцыя не мая. Я ж працую тут на прадпрыемстве. У нас акцыянэрнае таварыства, ёсьць назіральная рада, таму трэба да яе зьвяртацца".

Прадстаўлены спадаром Цецяруком як старшыня Назіральнай рады Вячаслаў Валовіч адказаў, што ад новага году ён ужо не ўзначальвае гэтую раду, а новага старшыні не абралі:

"Усе пытаньні, калі вас нешта цікавіць, — у пісьмовым выглядзе і ў адміністрацыю. Я на такія пытаньні не адказваю, я не ўпаўнаважаны".

Юрыст Сяргей Балыкін мяркуе, што заява А. Лукашэнкі яскрава паказвае, наколькі ўмоўнымі паняцьцямі ў Беларусі застаюцца і прыватная ўласнасьць, і акцыі, і дывідэнды:

Сяргей Балыкін
"І гэта яшчэ раз дэманструе, што ніякага спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату ў нашай краіне няма, таму што няма галоўнага — няма абароны ўласнасьці. Сказаў так зрабіць — так і зробяць. Магчыма, зробяць па нейкіх схемах, каб выглядала больш прыстойна, але зробяць так, як загадалі".

Сяргей Балыкін мяркуе, што выканаць задачу А. Лукашэнкі заводу будзе нескладана, бо ніхто ня будзе выдзяляць прыбытак і дывідэнды ад перапрацоўкі менавіта вэнэсуэльскай нафты. З другога боку, малаверагодна, што па выніках году нейкія дывідэнды будуць увогуле.

Што ж да магчымых прыбыткаў ад продажу прадуктаў з вэнэсуэльскай нафты, то імі будзе распараджацца не НПЗ. Тут зусім іншая, непразрыстая сытуацыя:

"Будзе нейкая схема, і гэта ня будзе тычыцца разьмеркаваньня дывідэндаў. Грошы пойдуць па нейкіх рахунках, ад аднаго суб'екта гаспадараньня да другога. Магчыма, недзе атрымаецца прыбытак".

У Беларусі ўвогуле вельмі рэдка акцыянэрам выплачваюцца нейкія дывідэнды, кажа эканаміст Леанід Заіка:

Леанід Заіка
"А тое, што тычыцца беларускіх НПЗ, то яны ўстанавілі новы рэкорд Гінэса, яны сталі чэмпіёнамі. Ва ўсёй нафтаперапрацоўцы цяжка знайсьці стратныя прадпрыемствы. У іх жа так званая норма прыбытку склала мінус 22 працэнты. Ад пачатку году нашы прадпрыемствы сталі стратнымі".

Леанід Заіка застаецца скептыкам і адносна прыбытковасьці самога праекту дастаўкі вэнэсуэльскай нафты і перапрацоўкі яе ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG