Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняе слова Міхаіла Сьнегіра: "Не вінаваты"


Міхаіл Сьнягір
Міхаіл Сьнягір

У Вярхоўным судзе Беларусі на працэсе над экс-пракурорам Менскай вобласьці Міхаілам Сьнегіром і былым дырэктарам фірмы "Забудова" Міхаілам Кудзелкам скончыліся судовыя спрэчкі.

Прысуд у справе Міхаіла Сьнегіра і Міхаіла Кудзелкі будзе абвешчаны 7 траўня. Гэтак сказаў старшыня судовай калегіі перад тым, як суд сышоў рыхтаваць прысуд.

Нагадаю, Міхаілу Сьнегіру прадстаўнік абвінавачаньня папрасіў 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, а ягонаму нібыта саўдзельніку Міхаілу Кудзелку — 4 гады, таксама з канфіскацыяй. Абодва нібыта вінаватыя ў хабарніцтве і злоўжываньнях службовым становішчам. Як паведаміў адвакат Анатоль Шапялевіч, вінаватымі сябе абвінавачаныя не прызналі, пра што 27 красавіка паўтарылі ў апошнім слове. Я спытаўся, як Міхаіл Сьнягір патлумачыў сваю датычнасьць да будаўніцтва катэджу на беразе Менскага мора:

"Дэталі я ж не магу сказаць. Пра катэдж проста: ён удзельнічаў у ягоным будаўніцтве, у аддзелцы катэджу. Тое, што ён і казаў напярэдадні справы".

Нагадаю, працэс над экс-пракурорам Міхаілам Сьнегіром і былым дырэктарам фірмы "Забудова" Міхаілам Кудзелкам ідзе за зачыненымі дзьвярыма. Працэс цягнецца з 10 жніўня. За гэты час, паводле зьвестак, на судзе былі апытаныя больш за сто сьведак. Як вынік? Раней пра справу адвакат казаў: "Гара нарадзіла мыш". Я спытаў у Анатоля Шапялевіча, як цяпер, пасьля заканчэньня спрэчак, ён ацэньвае абвінавачаньне:

"Яшчэ больш пераканаўся ў тым, што гара нарадзіла мыш".

Прысуд у справе будзе абвешчаны 7 траўня. Паводле зьвестак, на абвяшчэньні дазволяць прысутнічаць публіцы і журналістам.

У лістападзе 2008 году Аляксандар Лукашэнка загадаў зьняць з пасадаў Міхаіла Сьнегіра і намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава ды прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці ў сувязі з гісторыяй аб элітнай кватэры Сьнегіра ў Менску па вуліцы Ціміразева. Тады падазрэньні ў датычнасьці да карупцыі былі выказаныя таксама на адрас судзьдзяў Цэнтральнага суду Менску Алены Ільіной, Валера Есьмана і Тацяны Паўлічук. З гэтых судзьдзяў страціла пасаду толькі Алена Ільіна. Пазьней у справе Сьнегіра пачаў фігураваць і катэдж каля Менскага мора, пабудаваны нібыта на падстаўных асобаў.

Міхаіла Сьнегіра абвінавачваюць у атрыманьні хабару, службовых злоўжываньнях і захоўваньні патронаў. Разам са Сьнегіром судзяць былога дырэктара фірмы “Забудова” Міхаіла Кудзелку, які, паводле сьледзтва, нібыта даваў хабар Сьнегіру ў выглядзе будаўнічых матэрыялаў на пабудову загараднага катэджу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG