Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: "На кон пастаўлены гонар ня толькі Байковай, а ўсёй пракуратуры"


Сьвятлана Байкова
Сьвятлана Байкова

На пачатку тыдня скончыўся двухмесячны тэрмін папярэдняга ўтрыманьня пад вартай сьледчай па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай, якая расьсьледавала гучныя карупцыйныя справы.


Камітэт дзяржбясьпекі распачаў супраць сьледчай з 20-гадовым стажам адразу тры крымінальныя справы за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Але ёсьць зьвесткі, што на волю Байкова так і ня выйшла, а тэрмін знаходжаньня пад вартай працягнуты яшчэ на два месяцы. Экспэрты зьвязваюць дэмарш КДБ з кланавай вайной паміж сілавымі структурамі.

У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю вакол Сьвятланы Байковай. У Генпракуратуры новых зьвестак пра лёс сваёй супрацоўніцы таксама ня маюць. Аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, да трох ранейшых абвінавачаньняў (замах на незаконнае вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці, незаконнае вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці, перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) дадалося новае, сутнасьць якога пакуль невядомая. Між тым, як кажа колішні пракурорскі работнік Алег Воўчак, які шмат кантактаваў з Байковай падчас расьсьледаваньня цяжкіх злачынстваў, сьледзтва яўна заблыталася ў справе, ня ведаючы, як давесьці яе да суду:

Алег Волчак
"Па сваіх каналах ведаю, што ў сьледчым ізалятары КДБ ніякага ціску на Байкову не адбываецца, паколькі сьледчыя камітэту трапілі ў вельмі няпростую сытуацыю. Адна справа — затрымаць сьледчага па асабліва важных справах пракуратуры, але зусім іншае — давесьці справу да суду. І яшчэ трэцяя праблема ўзьнікае: абвінавачаньне ў судзе павінен падтрымліваць пракурор, а не супрацоўнік КДБ. Яны спадзяваліся, што Сьвятлана будзе запужаная, нешта раскажа, але, наколькі я ведаю, ніякай інфармацыі ад яе не атрымалі. Увогуле гэтая сытуацыя нагадвае мне гісторыю з Аўтуховічам: таксама спадзяваліся, што затрымаюць, а пад узьдзеяньнем адарванасьці ад грамадзкасьці, сям'і людзі пачнуць даваць паказаньні. Думаю, яны ўзялі тайм-аўт, каб вырашыць, як дзейнічаць далей. Але ўсё гэта заходзіць у тупік. І чым раней Васілевіч прыме рашэньне вызваліць яе, тым будзе лепш для абодвух бакоў".

Раней генэральны пракурор Рыгор Васілевіч публічна заяўляў: арышт вядучага сьледчага па карупцыйных справах прывёў у шок усю сыстэму пракуратуры. Пры гэтым на пачатку сакавіка Васілевіч прызнаўся, што ў яго няма ніякіх зьвестак пра нейкія незаконныя карысьлівыя ці маёмасныя дзеяньні падначаленай. Кіраўнік Генпракуратуры таксама асабіста намагаўся абскардзіць праз суд Цэнтральнага раёну Менску рашэньне аб заключэньні Байковай пад варту, але ўрэшце суд прыняў пазыцыю КДБ, а не Васілевіча. Ці здольны генпракурор паўплываць на лёс Сьвятланы Байковай? Вось якой думкі трымаецца Алег Воўчак:
гэтым захопам пастаўлены на кон фактычна гонар ня толькі Байковай, але і гонар усёй пракуратуры ...

"Васілевіч дэ-юрэ, паводле закону аб пракуратуры, зьяўляецца той вышэйшай службовай асобай, якая ў любы момант можа любую справу спыніць, вызваліць чалавека сваім хадайніцтвам і сваёй воляй. Ад яго шмат залежыць, і галоўнае, каб ён зараз прыняў правільнае рашэньне. Генэральны пракурор — фігура палітычная. І ў дадзеным выпадку ён павінен у нашмат большай ступені ўсё разумець і несьці адказнасьць, чым просты, шараговы пракурор раёну ў прыняцьці рашэньняў. Трэба ўлічваць, што гэтым захопам пастаўлены на кон фактычна гонар ня толькі Байковай, але і гонар усёй пракуратуры. Вы ж памятаеце, як па пракуратуры нейкія хлопчыкі зь ператрусамі бегалі... Але, зноў жа, мы жывём у той краіне, што трэба браць пад увагу: кім пракурор прызначаны? І калі яму далі каманду Байкову не выпускаць — значыць, ён ня зможа яе выпусьціць. Бо яму ці адстаўкі прасіць, ці падпарадкоўвацца".

Нагадаем, што 23 красавіка Рыгор Васілевіч адхіліў хадайніцтва КДБ аб падаўжэньні тэрміну ўтрыманьня Сьвятланы Байковай пад вартай. І каб меркаваньне кіраўніка Генпракуратуры сапраўды мела вырашальнае значэньне, на волю са сьледчага ізалятару ягоная падначаленая павінна была выйсьці 25 красавіка — якраз праз два месяцы пасьля арышту. Аднак ніякага паведамленьня пра спыненьне супраць Байковай крымінальнай справы няма, а сама яна працягвае знаходзіцца ў кампэтэнцыі сьледчых КДБ.

Экспэрты адзначаюць, што прэрагатывы генэральнага пракурора істотна пахіснуліся на пачатку 2010 году, калі пачалі дзейнічаць зьмены ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе. У адпаведнасьці з навацыямі, заключаць пад варту бяз санкцыі пракурора цяпер могуць кіраўнікі КДБ, МУС і Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

Фармальнай падставай да затрыманьня Сьвятланы Байковай стала справа, у якой расьсьледаваліся факты перамяшчэньня празь дзяржаўную мяжу няўлічаных таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў. Паводле вэрсіі КДБ, Байкова нібыта незаконна вызваліла ад крымінальнай адказнасьці некаторых фігурантаў справы, якія пайшлі на добраахвотнае супрацоўніцтва са сьледзтвам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG