Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усім кіруюць людзі, якія авалодалі майстэрствам дагаджаць начальству”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 28 красавіка 2010 году.


Напярэдадні мясцовых выбараў многія нашы слухачы пісалі і тэлефанавалі ў рэдакцыю, наракаючы на адсутнасьць альтэрнатыўных кандыдатаў, млявасьць апазыцыі, нецікавую выбарчую кампанію. Большасьць схілялася да высновы, што вынік такіх выбараў загадзя перадвызначаны.

І вось асноўны дзень галасаваньня — ззаду. Пэсымістычныя прагнозы спраўдзіліся. Чаму ў Беларусі ўсё адбылося так, як і ў папярэднія паўтара дзясятка гадоў? Адзін з нашых слухачоў, які спрабуе адказаць на гэтае пытаньне — Віталь Максімовіч зь вёскі Няловы Валожынскага раёну. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Якая можа быць апазыцыя, калі ў нас усё так жорстка заціснута ў рамках аўтарытарнай сыстэмы? Ні сапраўднай дэмакратыі, ні свабоды слова, ні вяршэнства закону — нічога гэтага няма. Паўсюль правяць баль падхалімства ды халуйства, робіцца стаўка на людзей, якія дасканала авалодалі майстэрствам дагаджаць начальству. А незалежнае меркаваньне, інтэлект, самастойная пазыцыя нідзе не запатрабаваныя. Хоць афіцыйная пазыцыя далёка не заўсёды слушная, а часам і зусім памылковая. Ды толькі сказаць гэта ўладзе няма каму. Якая б каманда ні паступала зьверху — усе чыноўнікі ўнізе сустракаюць яе воплескамі і ўхваленьнямі.

Часам нават страшна становіцца: да чаго ж мы з такой сыстэмай можам дайсьці?

Шукаць праўды ў афіцыйных установах — часта сабе даражэй. Пераканаўся ў гэтым на ўласным досьведзе. Дзясяткі ўстаноў, сотні чыноўнікаў займаюцца бюракратычнымі адпіскамі, а разабрацца ў сутнасьці праблемы і дапамагчы чалавеку — няма каму. Не зьдзіўляюся, што давялі да самагубства тую жанчыну з Салігорску, пра якую вы шмат паведамлялі. Дзеля ўласных шкурных інтарэсаў гэтыя людзі не спыняюцца ні перад чым"
.

Сапраўды, спадар Віталь, большасьць людзей бачыць, што ім хлусяць, што выбары несправядлівыя, што падчас падліку галасоў квітнее махлярства — і тым ня менш мірацца з гэтым. У цесным сяброўскім ці сямейным коле абураюцца, пасьміхаюцца, але каб адкрыта пратэставаць супраць гэтага — на такое адважваюцца нямногія.

Такія людзі, як згаданая вамі салігорская праваабаронца Яна Палякова, ёсьць, але іх няшмат і яны далёка не заўсёды знаходзяць разуменьне і падтрымку ў грамадзтве.

Сытуацыя чымсьці нагадвае позьні Савецкі Саюз. Там таксама былі так званыя "выбары", у справядлівасьць якіх ніхто ня верыў. І таксама глухое грамадзкае абурэньне сьпела ўнутры, фактычна ніяк не выяўляючыся вонкава... І чым гэта ўрэшце скончылася?

Вострую палітычную барацьбу за ўладу ў Беларусі прадбачыць наш слухач Барыс Руцько зь Менску. У сваім лісьце на "Свабоду", разважаючы пра набліжэньне прэзыдэнцкіх выбараў, ён піша:

"Сёньня відавочна адно: на чале Беларусі да апошняга павінен заставацца Аляксандар Рыгоравіч. Калі гэтага ня будзе, дык расейскія спэцслужбы прывядуць да ўлады свайго агента ўплыву, і тады Беларусь увойдзе ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Любыя цяперашнія правакацыі беларускай апазыцыі супраць рэжыму Лукашэнкі — на карысьць Расеі.

Хутка ў Беларусі разгорнецца барацьба за прэзыдэнцкае крэсла. І трэба сумленна і адкрыта казаць пра тое, што Крэмль будзе рабіць усё магчымае, каб Беларусь апынулася ў расейскіх абдымках. Дый Захад сядзець склаўшы рукі ня будзе.

А таму сёньня трэба са стопрацэнтнай дакладнасьцю ведаць сапраўдны стан здароўя Аляксандра Рыгоравіча. Тут ёсьць праблемы: пра гэта многія гавораць. Акрамя ўсяго іншага, надта шмат у прэзыдэнта ворагаў унутры краіны (гэта не адносіцца да апазыцыі). Шмат незадаволеных ягонай палітыкай у асяродзьдзі дзяржаўных інстытутаў. Высокая верагоднасьць таго, што такім становішчам, што склалася ў Беларусі, пакарыстаюцца пэўныя прарасейскія сілы ў Беларусі"
.

Незразумела, спадар Руцько, якія праблемы з прэзыдэнцкім здароўем вы маеце на ўвазе. Ніякай афіцыйнай інфармацыі наконт гэтага няма, а беларускія грамадзяне амаль штодня бачаць свайго лідэра на тэлеэкране поўным сіл і здароўя: то ён тры гадзіны запар выступае на трыбуне, то езьдзіць па палях і фэрмах, то гуляе ў хакей... Чуткі пра тое, што Лукашэнка занядужаў, на гэтым тле выглядаюць ня надта пераканаўча.

Гэта ж можна сказаць і наконт сьцьвярджэньняў пра тое, што дзяржаўны апарат нібыта незадаволены цяперашнім палітычным курсам. Усе, хто наўпрост ці ўскосна выказваў такое незадавальненьне, даўно зь дзяржаўнай "вэртыкалі" выдаленыя. Некаторыя пры гэтым пазбавіліся ня толькі пасады, але і асабістай свабоды. А некалькі вядомых асобаў, пасьля таго як пакінулі высокія дзяржаўныя крэслы і далучыліся да апазыцыі, нават бясьсьледна зьніклі.

Пытаньне пра справядлівую зьмену ўлады і права чалавека на свабодны выбар (прычым выбар ня толькі прадстаўнікоў улады) турбуе нашага даўняга слухача і аўтара Віктара Баранава з Рагачова. У сваім новым лісьце на "Свабоду" ён піша:

"У дэмакратычных краінах выбары — гэта займальная інтрыга для ўсёй нацыі, шанец зьмяніць уладу, палітыку ў дзяржаве. А ў нас у Беларусі такога няма. Увогуле, навошта хадзіць на гэтыя так званыя "выбары", калі загадзя вядома, што ўсюды, дзе толькі можна, пераможа ці Лукашэнка, ці ягоныя вылучэнцы. Лукашэнка — 80 працэнтаў галасоў, усе ягоныя супернікі — 2—3 працэнты.

Ці мае ў беларускіх умовах звычайны выбаршчык магчымасьць якім-небудзь чынам паўплываць на органы ўлады? Зразумела, не. Нават у самым малым. Вось я спрабую адстаяць сваё права на тое, каб глядзець па тэлевізары, слухаць па радыё сапраўдныя творы нацыянальнай культуры — беларускай, украінскай, рускай. Бо што нам адтуль перадаюць — гэта ж нейкі малпавы гадавальнік. Бясконцыя сэрыялы з гвалтам і забойствамі, шоў зь нейкімі ашалелымі выканаўцамі, нейкія няспынныя лятарэі... Я даслаў з гэтай нагоды дзясяткі лістоў у розныя дзяржаўныя інстанцыі, але лепш ня стала. Улада лічыць, што так і трэба: няхай бабулі і дзядулі слухаюць ня тое, што ім падабаецца, а тое, што вырашыла за іх улада. А не падабаецца, дык ня слухайце і не глядзіце. Напэўна, іншага мы і не дачакаемся пры гэтай уладзе. І невядома, ці будзе наступная ўлада больш разумнай".


У розных пакаленьняў розныя мастацкія і эстэтычныя густы — і спалучыць іх найчасьцей цяжка, а то і немагчыма. Датычна тэлебачаньня і радыё ў разьвітых краінах гэтую праблему вырашылі, стварыўшы мноства спэцыялізаваных каналаў, нацэленых на пэўную аўдыторыю. Напрыклад, ёсьць адмысловыя каналы для аматараў фальклёру, ці клясычнай музыкі, ці старых тэлеперадач і фільмаў... Падобным шляхам пайшла і Расея. І ў буйных беларускіх гарадах у кабэльных сетках таксама можна глядзець спэцыялізаваныя каналы (праўда, не свае, а тыя ж расейскія). Усё гэта — камэрцыйныя праекты, за карыстаньне сеткамі трэба плаціць.

Што да дзяржавы, то яна ў інфармацыйнай прасторы дбае найперш пра свае прапагандысцкія ды ідэалягічныя мэты. А таму там, дзе няма кабэльнага ды спадарожнікавага тэлебачаньня, людзі вымушаны глядзець і слухаць тое, што выберуць для іх дзяржаўныя беларускія тэленачальнікі. А выбіраюць яны, як правіла, зусім ня тое, што падабаецца аматарам нацыянальнай культуры.

Тэма, якая хвалюе многіх нашых слухачоў сталага веку, — чыноўніцкія і дэпутацкія пэнсіі, параўнаньне іх з тымі пэнсіямі, што атрымліваюць звычайныя беларускія грамадзяне. Наша слухачка Галіна Александроўская з Магілёва з гэтай нагоды піша:

"Яшчэ дзьве надбаўкі па 10 працэнтаў да пэнсіі былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Вольгі Абрамавай — і яна (разам з такімі ж былымі і цяперашнімі прыўладнымі дэпутатамі) стане тройчы мільянэркай. За кошт чаго ўлада такім чынам плодзіць мільянэраў? За кошт таго, што абдзірае просты народ.

Вельмі сумняюся, што дэпутатаў з такімі пэнсіямі (ня кажучы ўжо пра заробкі) можа надта хваляваць лёс простых пэнсіянэраў, якія, па 30 і больш гадоў адпрацаваўшы на заводах і ў калгасах, маюць пэнсію 350—400 тысяч рублёў. І колькі ж такіх вось Абрамавых, Гайдукевічаў і да іх падобных прыліпла да Лукашэнкі дзеля гэтых мільённых пэнсій! А ўсё ж гэта робіцца коштам галечы іншай часткі насельніцтва. А дойдзе чарга падвышаць пэнсіі, зьедзеныя інфляцыяй, — усім падвысяць, так бы мовіць, "аднолькава, справядліва" — на 10 працэнтаў. Толькі начальнічкі прамаўчаць, што для такіх, як Абрамава, гэтыя 10 працэнтаў — 250 тысяч рублёў, а для простага пэнсіянэра — 35 тысяч. Карыстаючыся гэткім няхітрым ашуканствам з працэнтамі, улада адбірае ў простых грамадзянаў сродкі, патрэбныя ім для больш-менш прымальнага існаваньня. І ўсё дзеля таго, каб былыя дэпутаты і чыноўнікі жылі прыпяваючы, у раскошы. Хочацца сказаць гэтым людзям: "Майце сумленьне, спадарства"
.

Звычайна беларускія чыноўнікі і дэпутаты зьвесткі пра свае заробкі ды пэнсіі стараюцца трымаць у сакрэце — каб не дражніць просты люд. Але журналістцы "Народнай волі" Вользе Грынявіцкай у нядаўнім інтэрвію з былой дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Вольгай Абрамавай удалося выпытаць, што пэнсія апошняй складае 2 мільёны 358 тысяч рублёў. Гэта пры тым, што сярэдняя пэнсія ў Беларусі — 449 тысяч. На пытаньне — "Чаму ў такім выпадку не ўздымаеце праблему глыбокага расслаеньня ў пэнсійным забесьпячэньні?" — экс-дэпутатка спаслалася на тое, што ня мае для гэтага грамадзкай трыбуны. Маўляў, вось ствару арганізацыю, якая будзе гэтым займацца, — тады і ўзьніму пытаньне.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG