Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 10 гадоў таму імя Ўладзімера Кудзінава не сыходзіла зь першых палосаў незалежных СМІ, ягоны лёс прыцягваў увагу міжнародных праваабаронцаў.


У 1997-м івацэвіцкі бізнэсовец, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету быў абвінавачаны ў эканамічных злачынствах і асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня, але сваёй віны не прызнаў. Неўзабаве пасьля вызваленьня ў 2001 годзе зь сям’ёй эміграваў ва Ўкраіну. Цяпер ад Кудзінава даходзяць на радзіму рэдкія зьвесткі, дый сам ён толькі днямі з рук нашага карэспандэнта атрымаў асобнік кнігі «Адзін дзень палітвязьня», адным з герояў якой і стаў. Між тым у спрыяльным ня толькі прыродным, але і эканамічным клімаце Крыму Кудзінаў хутка стаў на ногі і зараз уваходзіць у лік самых пасьпяховых дзелавых людзей Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Ён — уладальнік дзьвюх птушкафабрык пад Эўпаторыяй, прадукцыя якіх запатрабаваная ў розных рэгіёнах Украіны.

Карней: «Спадар Уладзімер, вы ўжо дастаткова даўно пусьцілі карані ў Крыме. „Крымчуком“ сябе адчуваеце? Як можна акрэсьліць ваш статус?»

Кудзінаў: «Ну, як вызначыць мой статус? Я грамадзянін Беларусі, але маю дазвол на пастаяннае пражываньне ва Ўкраінскай Рэспубліцы. Увогуле ў Крыме шмат беларусаў, тут да 70% расейскамоўнага насельніцтва. Апошнім часам нямала прыяжджае прадпрымальнікаў, якія з уласнага досьведу пераканаліся, што весьці бізнэс у Беларусі надзвычай складана. Яны пераяжджаюць сюды, дзе дастатковы ўзровень веданьня расейскай мовы. І паступова пераконваюцца: тут сапраўды лягчэй ажыцьцяўляць бізнэс. Але з кім я ні кантактую, усе мае знаёмыя, бізнэсоўцы не забываюцца на сваю радзіму, мясьціны, дзе яны нарадзіліся, вырасьлі. У многіх засталіся родныя, блізкія, сябры. Ну, і матэрыяльна, канечне, яны ім аказваюць дапамогу».

Карней: «То бок са свайго досьведу лічыце, што бізнэс ва Ўкраіне рабіць лягчэй і прасьцей?»
Нам ніхто не даводзіць пляны, ніхто не прымушае вырабляць тую прадукцыю, якая патрэбная для справаздачы функцыянэрам ...

Кудзінаў: «Так, бо тут няма адміністратыўнага ціску на бізнэс. Хоць праходжаньне шмат якіх працэдураў, афармленьне рознага кшталту дазволаў больш складанае, чым у Беларусі — перадусім з-за таго, што існуе пэўная карупцыя сярод чыноўнікаў. Але, зь іншага боку, няма ўмяшаньня дзяржапарату ў дзейнасьць прадпрымальнікаў. Нам ніхто не даводзіць пляны, ніхто не прымушае вырабляць тую прадукцыю, якая патрэбная для справаздачы функцыянэрам. Тут свабодны выбар бізнэсу, а сам рынак усталёўвае цэнавую палітыку: па якім кошце вы можаце прадаваць сваю прадукцыю. То бок рынак вызначае пералік таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў, якія неабходныя непасрэдна насельніцтву».

Карней: «Вы неаднаразова казалі, што ціск на вас у Беларусі меў палітычны падтэкст. Сваёй думкі не зьмянілі?»

Кудзінаў: «Я лічу, што гэта так. Бо калі я яшчэ быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, я займаў найперш пазыцыю, якая непасрэдна зьвязаная з простым чалавекам. То бок, прымаючы нейкі закон, я заўсёды галасаваў, зыходзячы з адной неабходнасьці: а ці патрэбна гэта простаму чалавеку? Вы ведаеце, што я адносіўся да складу дэпутатаў, якія былі ў апазыцыі да дзейнай улады, у тым ліку асабіста да Аляксандра Лукашэнкі. Я сваім прынцыпам ня здрадзіў, і калі вырашалася пытаньне падпісаньня імпічмэнту, я яго падпісаў. Таму што быў перакананы — я дзейнічаю правільна. Калі мяне ўгаворвалі, што мы, маўляў, пакінем табе твой бізнэс, толькі ты зьмяні сваю пазыцыю, я гэтага не зрабіў. Тады ўлады пайшлі іншым шляхам: проста забралі справу, сфабрыкавалі крымінальную справу — замах на дачу хабару. Асудзілі.
я не выключаю, што заўсёды магу вярнуцца ў Беларусь, бо гэта мая радзіма ...

Калі я быў у турме, неаднаразова прапаноўвалася пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні. Я гэтага не зрабіў, бо маё сумленьне чыстае. Дый думак у мяне забраць, адрозна ад бізнэсу, ніхто ня можа. Таму лічу, што, знаходзячыся сёньня ў Крыме, я прыношу карысьць людзям. Я працадаўца, які забясьпечвае працай больш за сотню чалавек. Вырабляю прадукцыю, якая патрэбная людзям, — гэта яйка курынае. А таксама набываю навыкі. Я ж не выключаю, што ў Беларусі адбудзецца зьмена і формы кіраваньня, і тых мэтадаў, якія зараз маюць месца ў бізнэсе. У любым выпадку я веру, што ў Беларусі будзе адбывацца пераход ад дзяржаўнай да прыватнай формы ўласнасьці, будзе прыватная ініцыятыва. І я не выключаю, што заўсёды магу вярнуцца ў Беларусь, бо гэта мая радзіма».

Карней: «То бок, каб не крымінальны перасьлед ды прэсінг, то зь Беларусі вы нікуды не ад’яжджалі б?»

Кудзінаў: «Канечне, я заставаўся б у Беларусі, таму што мне падабалася мая справа. Мне падабалася тое, што я быў працадаўцам, я зарабляў нейкія грошы. Я даваў людзям працу, жыў у нармальных умовах у Беларусі. Таму натуральна, што я нікуды ня зьехаў бы. Але калі ўжо так здарылася, то я фізычна ня мог заставацца ў Беларусі і займацца бізнэсам. Бо давялося б хадзіць па вастрыі ляза. Зноў жа, знайшлі б ускосным шляхам нейкі „доказ“, зноў закрылі б бізнэс, забралі б, арыштавалі б. І зноўку трэба было б праходзіць увесь гэты шлях. Тым больш — я думаю, што ад палітыкі далёка не адышоў бы, а гэта для ўладаў найбольшы раздражняльнік. Дарэчы, я падтрымліваю вельмі добрыя адносіны з усімі беларускімі палітыкамі, якія знаходзяцца ў апазыцыі».

Карней: «Наколькі разумею, ва Ўкраіне вы па-за палітыкай?»

Кудзінаў: «Справа ў тым, што я не магу займацца тут палітыкай, таму што зьяўляюся грамадзянінам іншай дзяржавы. Але на гэтым этапе (дый увогуле як прыехаў сюды) я падтрымліваю шчыльныя сувязі зь беларускай грамадой. Сумесна мы выяжджаем на магілу Максіма Багдановіча ў Ялту, ладзім мерапрыемствы ў беларускай суполцы. Заўсёды дзесьці ў чымсьці матэрыяльна дапамагаем. Дапусьцім, праводзіцца зьезд беларусаў, дык матэрыяльна спрыяем, каб людзі паехалі на гэтую важную імпрэзу».

Карней: «Спадар Уладзімер, а як уладкаваная ў Севастопалі ваша сям’я?»
я, як сапраўдны патрыёт, застаюся грамадзянінам Беларусі ...

Кудзінаў: «Мы з жонкай жывём асобна, у нас невялікі дом у Севастопалі. Жонка працуе ў гарадзкой адміністрацыі. Яна працавала яшчэ за савецкім часам на дзяржслужбе, вось і цяпер уладкавалася ў адміністрацыі, каб пайсьці на пэнсію і мець дзяржаўны стаж. У мяне дзьве дачкі: і старэйшая, і малодшая таксама маюць сваё жыльлё. Маю дзьвюх унучак і ўнука. Старэйшая дачка была замужам за беларусам, малодшая зараз замужам за ўкраінцам. Дарэчы, малодшая скончыла наргас у Менску, а старэйшая заканчвала ўжо ва Ўкраіне Львоўскі мастацкі інстытут. Яна дызайнэр, працуе як прыватны прадпрымальнік, аказвае паслугі. У малодшай маленькія дзеткі, і яна ў дэкрэтным адпачынку, яна на нашых фабрыках працуе эканамістам. Жонка — грамадзянка Ўкраіны, дзеці таксама грамадзяне Ўкраіны. Ну, а я, як сапраўдны патрыёт, застаюся грамадзянінам Беларусі. Бо, зноў жа, грамадзтву патрэбныя дасьведчаныя людзі і ў 40 гадоў, і ў 50, і ў 60. Я не выключаю, што ў Беларусі ў любым выпадку будуць адбывацца зьмены. І, магчыма, якраз мой досьвед будзе патрэбны грамадзтву. Я не кажу — дзяржаве, акцэнтуюся на тым, што магу быць карысны грамадзтву».

У сярэдзіне 1990-х Уладзімер Кудзінаў забясьпечваў працай 350 чалавек, штомесяц адных толькі падаткаў плаціў па 10 тысяч даляраў. Калі бізнэсовец быў пазбаўлены волі, занятыя на мясаперапрацоўцы работнікі апынуліся на вуліцы, а мясцовы бюджэт страціў стабільнага кліента. Украіна ад інвэстараў так лёгка не адмахваецца. Цяпер, дзякуючы беларускаму бізнэсоўцу, маюць добры заробак больш за 100 крымчукоў. Спадар Уладзімер з гонарам расказвае, што ягоныя куры ў літаральным сэнсе нясуць залатыя яйкі. Так, адна з «выхаванак» зьнесла рэкорднае яйка вагой 178 грамаў. І толькі нежаданьне загразнуць у тэхнічных нюансах перашкодзіла Кудзінаву і ягонай чубатцы трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса. Аднак украінскія газэты пра крымскі унікум і без таго раструбілі на ўвесь сьвет.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG