Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс дыктатараў


Часовы ўрад Кіргізстану падрыхтаваў дэкрэт аб адхіленьні ад пасады экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева, пазбаўленьні яго імунітэту і забесьпячэньні яго дастаўкі на радзіму.

У Кіргізстане супраць Бакіева распачатая крымінальная справа па факце гібелі людзей у час мітынгу, арганізаванага апазыцыяй 7 красавіка ў Бішкеку. Пры штурме кіргіскага Белага дома загінула больш за 80 чалавек.

Лёс дыктатараў бывае розны. Але апошнімі днямі стужкі навінаў прынесьлі паведамленьні пра тое, як не пашанцавала дваім зь іх.

Мануэль Нар'ега
Былы дыктатар Панамы Мануэль Нар’ега быў экстрадаваны з ЗША ў Францыю. Дазвол на экстрадыцыю падпісала дзяржсакратар Гілары Клінтан. У 1999 годзе Парыскі суд абвінаваціў Нар’егу ў адмываньні грошай праз францускія банкі і кантрабандзе наркотыкаў. Завочна яго прысудзілі да дзесяці гадоў турэмнага зьняволеньня і грашовым штрафам. Паводле ацэнкі францускай пракуратуры, былы дыктатар адмыў каля трох мільёнаў даляраў, купіўшы нерухомасьць у Парыжы .

У 1992 годзе амэрыканскі суд асудзіў Нар’егу на 40 гадоў зьняволеньня за падтрымку тэрарызму і гандаль наркотыкамі. Пазьней за супрацоўніцтва са сьледзтвам тэрмін скарацілі да 17 гадоў. Адвакаты Нар’егі настойваюць на яго вяртаньні ў Панаму. Аднак і там яго не чакала б свабода, у 1995 годзе суд Панамы завочна прыгаварыў Нар’егу да 20 гадоў зьняволеньня за датычнасьць да палітычных забойстваў.

Мануэль Нар’ега быў кіраўніком Панамы ў 1983 - 1989 гадах.

У 1968 ён падтрымаў дзяржаўны пераварот, зроблены генэралам Амарам Тарыхасам, у 1983 Нар’ега стаў камандуючым нацыянальнай гвардыяй, а неўзабаве і фактычным кіраўніком дзяржавы. Да канца 1980-х ён фактычна ператварыў краіну ў перавалачны пункт для калюмбійскіх наркотыкаў.

У 1989 годзе ЗША правялі ваенную апэрацыю ў Панаме, якая мела на мэце скіданьне дыктатара. Ён схаваўся на тэрыторыі прадстаўніцтва Ватыкану, але праз 10 дзён здаўся амэрыканцам.

Рэйнальда Біньёнэ
А ў Буэнэс-Айрэсе суд днямі вынес прысуд былому дыктатару Аргентыны, 82-гадоваму Рэйнальда Біньёнэ і яшчэ шасьці былым вайскоўцам і паліцэйскім.

Суд над імі пачаўся ў Буэнас-Айрэсе ў пачатку лістапада 2009 года. Рэйнальда Біньёнэ кіраваў краінай у 1982-1983 гадах. Супраць яго і яго паплечнікаў вылучаліся абвінавачваньні ў парушэньні правоў чалавека, зьдзекі і катаваньні, якія рабіліся ў сакрэтных турмах падчас ваеннай дыктатуры. Аргентынскі суд прысудзіў Рэйнальда Біньёнэ і яшчэ дваіх былых вайскоўцаў да 25 гадоў турмы. Першапачаткова абвінавачваньне патрабавала асудзіць былога дыктатара да 50 гадоў турмы.

Год таму такі ж лёс спасьціг былога прэзыдэнта Пэру Альбэрта Фухіморы, які кіраваў краінай з 1990 па 2000 год. Амаль 9 гадоў ён хаваўся па розных краінах ад пэруанскага правасудзьдзя, пакуль ня быў арыштаваны ў
Альбэрта Фухіморы
Чылі і ня выдадзены у Пэру. У красавіку 2009 году Фухіморы быў асуджаны да 25 гадоў зьняволеньня за арганізацыю “эскадронаў сьмерці”, забойствы палітычных апанэнтаў і іншыя злачынствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG