Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кіраўніцтва справамі прэзыдэнта забралі рыбу


Функцыя рэгуляваньня рыбнага рынку перадаецца ад Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Марскую сьвежамарожаную рыбу цяпер змогуць імпартаваць любыя юрыдычныя асобы без правядзеньня конкурсу.

Такое рашэньне ўтрымліваецца ва ўказе прэзыдэнта № 194 ад 21 красавіка 2010 года, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Як падае БелаПАН, пакінута выключнае права дзяржавы на імпарт прэснаводнай рыбы, прадукты перапрацоўкі рыбы і морапрадуктаў. Іх імпартам будуць займацца юрыдычныя асобы, якія перамаглі на конкурсе.

Палажэньне аб конкурсе таксама зацьверджана гэтым указам. Для арганізацыі правядзеньня конкурсаў па рашэньні прэзыдэнта ствараецца міжведамасная камісія, склад якой зацьвярджаецца прэзыдэнтам.

Міжведамасная камісія да 1 лістапада года, які папярэднічае году, у якім будзе ўвозіцца гэтая прадукцыя, арганізуе правядзеньне конкурсу і вызначае яго пераможцаў.

Апрача таго, дакумэнтам прадугледжана, што дзяржаўнае гандлёва-прамысловае ўнітарнае прадпрыемства "Белрыба" (Менск), рэспубліканскае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Магілёўскі рыбакомплекс" і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Гомельскі рыбакомплекс" перадаюцца ў камунальную ўласнасьць Менску, Магілёўскай і Гомельскай абласьцей адпаведна. Перадача прадпрыемстваў будзе ажыцьцёўлена на працягу двух месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG