Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітацыйны плякат Кузьняцова прызналі “хуліганскім”


Аляксандар Кузьняцоў з сваім плякатам.
Аляксандар Кузьняцоў з сваім плякатам.

У дзьвюх віцебскіх школах — № 40 і № 43 сябру Партыі БНФ, кандыдату ў дэпутаты віцебскага абласнога савету Аляксандру Кузьняцову адмовілі ў праве разьмясьціць агітацыйны плякат на выбарчых участках.


Прадстаўнікі адміністрацый навучальных устаноў заявілі, што плякат, дзе разьмешчаны партрэт кандыдата і гарадзкая ёлка зь бел-чырвона-белым сьцягам на вершаліне — хуліганскі.

Спадар Кузьняцоў кажа, што будзе пісаць скаргу ў абласную выбарчую камісію пра парушэньне права на агітацыю. Выяву ёлкі са сьцягам, вывешаным 7 студзеня віцебскім актывістам Сяргеем Каваленкам, незалежны кандыдат лічыць брэндам сваёй выбарчай кампаніі. Ён пэўны, што такі плякат прыцягвае ўвагу выбарцаў і робіць кандыдата запамінальным для іх. Тым больш, што сваіх апазыцыйных поглядаў Аляксандар Кузьняцоў не хавае — пра гэта напісана ў ягоных агітацыйных улётках.

Учора Аляксандра Кузьняцова затрымалі і завезьлі ў Першамайскі РАУС нібыта за незаконнае разьмяшчэньне ўлётак на слупах уздоўж вуліцы Гарбачэўскага. Спадар Кузьняцоў распавядае, што позна ўвечары выправіўся паглядзець, ці не зрываюць ягоныя ўлёткі. І неўзабаве да яго пад’ехала міліцэйская машына, зь якой выйшаў начальнік абласной управы міліцыі грамадзкай бясьпекі Ігар Скарыновіч з такой самай улёткай у руках. Ён заявіў, што актывіст расклейвае агітацыйныя матэрыялы на слупах, чым парушае правілы санітарнага ўтрыманьня гораду.

На кандыдата, які балятуецца па Чарняхоўскай выбарчай акрузе № 55, міліцыянты склалі пратакол ды сказалі, што ён будзе аштрафаваны. Толькі не ўдакладнілі, на якую суму, загадаўшы чакаць пісьмовага распараджэньня. Сума штрафу паводле артыкулу 21.14 можа быць ад 140 тысяч да 8 мільёнаў 750 тысяч.

Між тым, адзначае Аляксандар Кузьняцоў, агітацыйная прадукцыя праўладных кандыдатаў разьмешчана ў горадзе ня толькі ў вызначаных, але і ў якіх заўгодна месцах. Самае «папулярнае» зь іх — гэта дзьверы пад’ездаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG