Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50% авіяцыйнай галіны Ўкраіны за зьніжэньне цаны на расейскі газ?


Расея імкнецца атрымаць больш за 50% авіяцыйнай галіны Украіны наўзамен на зьніжэньне цаны на газ.

Пра гэта гаворыцца ў праекце дамовы, прадстаўленай расейскім бокам, які трапіў у распараджэньне "Украінскай праўды".

Паводле праекту, дзяржавы бяруць на сябе абавязаньні "садзейнічаць інтэграцыі" расейскай "Аб'яднанай авіябудаўнічай карпарацыі" і ўкраінскага авіябудаўнічага канцэрну "Антонаў".

Фактычна ж размова ідзе аб дагаворы наўпроставага дзеяньня, паколькі расейская карпарацыя на 89,04% належыць дзяржаве, а ўкраінскі канцэрн – цалкам у дзяржаўнай уласнасьці.

Паводле расейскага бачаньня авіяпрадпрыемства маюць аб'ядноўвацца не шляхам стварэньня новага раўнапраўнага суб'екта, а праз паглынаньне расейцамі ўкраінскіх актываў. Так, Расея настойвае, каб "Антонаў" перадаў ім у статутны капітал свой кантрольны пакет.

Расейцы напісалі ў сваім праекце, што рашэньні, неабходныя для ўліваньня "Антонава" у расейскую карпарацыю, варта прыняць не пазьней 1 жніўня 2010 г. А зьніжка на газ ўраду Азарава патрэбная ўжо цяпер, каб сфармаваць бюджэт і падаць запыт на крэдыт МВФ.

Адна з умоваў расейцаў – ўкраінцы павінны гарантаваць абраньне грамадзяніна Расеі кіраўніком наглядальнага савета Дзяржаўнага авіябудаўнічага канцэрну "Антонаў".

Сёньня Януковіч і Мядзведзеў наведаюць Харкаўскі авіязавод, які ўваходзіць у пакуль ўкраінскі дзяржаўны канцэрн "Антонаў". Ці будуць пры гэтым падпісвацца нейкія дакумэнты – пакуль невядома.
XS
SM
MD
LG