Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Артура Фінькевіча ўжылі найменшае пакараньне


Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч

Суд Ленінскага раёну Менску пакараў лідэра руху "Маладая Беларусь" Артура Фінькевіча мінімальным штрафам, які прадугледжаны дадатковым артыкулам Адміністрацыйнага кодэксу, уведзеным у дзеяньне ад 23 лютага.

За несанкцыянаваны пікет 16 сакавіка каля будынку Вярхоўнага суду на знак салідарнасьці з палітвязьнямі Артур Фінькевіч заплаціў палову базавай велічыні — 17 500 рублёў.

Судзьдзя Ленінскага раённага суду Міхаіл Хома быў зьдзіўлены, калі ўбачыў позву Артура Фінькевіча. Ён патлумачыў, што паводле папярэдняй дамоўленасьці Артур мусіў прыйсьці на суд 22 красавіка. Фінькевіч патлумачыў, што ўчора падчас перадвыбарчага пікету позву ў суд уручыў яму міліцыянт, які прадставіўся ўчастковым Артура.

Артур распавёў, што на пікет спачатку прыйшлі спэцназаўцы ў цывільным. Яны нэгатыўна выказваліся пра Артура людзям, якія ставілі свае подпісы пад зваротам аб пераносе гарадзкой звалкі каля мікрараёну Чыжоўка. Іх зьмяніла дырэктарка Артуравай школы, якая была адным з пэрсанажаў фільму БТ пра моладзевую арганізацыю.

Яна гучна прапаноўвала Артуру ўладкавацца ў школу дворнікам. Яе, у сваю чаргу, зьмянілі сябры БРСМ, якія казалі мінакам, што Артур краў мяса на мясакамбінаце і да таго ж ахвочы да казыно. Напрыканцы пікету да кандыдата ў дэпутаты падышоў міліцыянт і ўручыў яму позву ў суд.

Параіўшыся са сваім кіраўніцтвам, судзьдзя запрасіў апазыцыянэра да сябе ў кабінэт. Артур паведаміў, што ўдзельнічаў у пікеце і трымаў у руках партрэт Алега Сургана, якога арыштавалі на паўгода за бел-чырвона-белы сьцяг. Хлопец патлумачыў, што ўдзельнічаў у акцыі, бо штомесяц 16 чысла такім чынам выказвае сваю салідарнасьць з палітвязьнямі.

Ён папрасіў ужыць да яго артыкул 6.5, які дазваляе караць мінімальным штрафам правапарушальнікаў, калі тыя прызнаюць сваю віну.

Судзьдзя Міхаіл Хома пагадзіўся і аштрафаваў Артура на 17 500 рублёў.

"Звычайна пасьля адміністрацыйных працэсаў я адбываў адміністрацыйныя арышты. Іх было недзе каля 6—7 месяцаў агулам. Што да штрафаў, дык толькі аднойчы мяне аштрафавалі на 525 000 за несанкцыянаванае мерапрыемства.
не зусім выгодна накіроўваць на суткі патэнцыйнага дэпутата Менгарсавету ...

Цяперашні штраф — 17 500 рублёў, палова базавай — гэта нешта нерэальнае. Але думаю, што папросту цяпер не было ніякага загаду. Быў бы загад, дык, можа, быў бы й ня штраф.

Мяркую, што не зусім выгодна накіроўваць на суткі патэнцыйнага дэпутата Менгарсавету".

Артур адразу пасьля абвяшчэньня прысуду заплаціў на пошце штраф і прынёс судзьдзі квітанцыю.

16 сакавіка каля будынку Вярхоўнага суду затрымалі больш за два дзясяткі моладзевых актывістаў. На ўсіх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Некалькі чалавек ужо пакаралі штрафамі. Сярод іх і паплечнік Артура Фінькевіча Андрэй Кузьмінскі. Яму пашчасьціла меней: Андрэя суд аштрафаваў на 40 базавых велічыняў — мільён 400 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG