20 красавіка воблака попелу над Беларусьсю можа павялічыцца. Яно будзе працягваць распаўсюджвацца на ўсход.
Менск апынецца на мяжы распаўсюджваньня часьцінак вульканічнага попелу: на захад ад сталіцы іх канцэнтрацыя будзе вышэйшая.
Воблака попелу знаходзіцца на вышыні больш за шэсьць кілямэтраў і не ўплывае на паветра, якім дыхаюць людзі, піша Інтэрфакс.
Начальніца аддзелу аналізу інфармацыі і прагназаваньня ўзроўню забруджваньня Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Багдана Казярук заявіла БелаПАНу, што не зафіксавана перавышэньня ўтрыманьня забруджвальных рэчываў у паветры.
Раней у інтэрвію “Свабодзе” галоўны кліматоляг Беларусі Павал Каўрыга, адказваючы на пытаньні пра тое, якім можа быць узьдзеяньне вульканічнага попелу на здароўе людзей і ці можа гэты попел быць рэальна небясьпечны, заявіў:
"Сапраўды, гэта вельмі небясьпечна. Гэтыя прадукты вывяржэньня распаўсюджваюцца ў паветры і вельмі шкодныя, бо вульканагенныя. Акрамя таго, газы, якія выкідаюцца на такім атамарна-малекулярным узроўні, пераважна сярністыя (дыяксыд сэры, серавадарод, серавуглярод). І яны ў атмасфэры ўступаюць у рэакцыю з кропелькамі вады і ператвараюцца ў серную кіслату. І гэтыя, утвораныя ўжо ў атмасфэры, новыя хімічныя спалучэньні вельмі шкодныя. Кіслотныя дажджы таксама зьвязаныя з гэтымі выкідамі. Асабліва небясьпечна знаходзіцца на адкрытай мясцовасьці на дварэ, у населеным пункце ў часе выпадзеньня ападкаў. Таму што ападкі прамываюць атмасфэру, захопліваюць кропелькі вады і трапляюць на цела чалавека. Калі яны будуць удыхацца, гэта яшчэ дадатковая шкода. Несумненна, што гэта небясьпечная зьява для людзей”.
Воблака вульканічнага попелу, якое ўтварылася ў выніку вывяржэньня вулькана ў Ісьляндыі, паралізавала авіяцыйны рух амаль у 20 краінах Эўропы.