Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзвычайная тэлеканфэрэнцыя міністраў транспарту Эўразьвязу


Міністры транспарту Эўразьвязу праводзяць сёньня надзвычайныя кансультацыі, падчас якіх абмяркуюць магчымасьць паслабленьня абмежаваньняў паветранага руху, уведзеных з прычыны пагрозы вульканічнага попелу.

Падчас тэлеканфэрэнцыі чакаецца, што будзе прынятае рашэньне пра далейшыя дзеяньні эўрапейскіх уладаў у сувязі з працяглай актыўнасьцю вулькану.

Эўрапейская асацыяцыя аэрапортаў (ACI Europe) і Асацыяцыя эўрапейскіх авіякампаній (AEA) заклікалі адмяніць беспрэцэдэнтныя абмежаваньні паветранага руху ў Эўропе.

Дзяржсакратар Гішпаніі ў справах Эўразьвязу Дыега Лопэс Гарыда заявіў, што спадзяецца, што палова палётаў у Эўропе будзе адноўлена.

Каля 20 краінаў Эўропы закрылі сваю паветраную прастору. Паводле эўрапейскіх авіяперавозчыкаў, яны нясуць вялізныя страты ў сувязі з забаронай на палёты. Штодня з 24 тысячаў рэйсаў выконваецца толькі крыху больш адной пятай. Паведамляецца, што агульная колькасьць скасаваных з мінулага чацьвярга рэйсаў – 63 тысячы, гэта стварыла праблемы амаль для сямі мільёнаў пасажыраў.

Прадстаўнікі арганізацыі Eurocontrol паведамілі, што каля 80 адсоткаў эўрапейскай паветранай прасторы было закрыта ў нядзелю. Адбылося толькі 5000 рэйсаў у параўнаньні з 24 000 заплянаванымі.

Асноўныя авіякампаніі - у тым ліку Брытанскай Airways, Air France, KLM Royal і Lufthansa – кажуць, што правялі лётныя выпрабаваньні ў апошнія дні, і не выявілі ніякіх бачных перашкодаў ад воблака попелу. Экспэрты папярэджваюць, што попел -- сумесь са шкла і часьціцы пароды, -- патэнцыйна можа прывесьці да сур'ёзных пашкоджаньняў рухавіка і іншых частак самалёта.

Вулькан Эяф’ятлаёкудль у Ісьляндыі тым часам па-ранейшаму выкідвае патокі попелу ў неба
XS
SM
MD
LG