Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП распачала падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў


Аб'яднаная грамадзянская партыя распачала падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў. Партыя будзе мець свайго кандыдата і пачынае фармаваньне ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў.

Такія рашэньні прынятыя сёньня на пасяджэньні Нацыянальнага камітэту АГП у менскім гатэлі "Эўропа".

Падчас пасяджэньня старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што ўпершыню за апошнія 15 гадоў ёсьць пагроза, што дэмакратычныя сілы Беларусі могуць застацца без адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. Ён адзначыў, што на сённья стаіць пытаньне: альбо гэта будзе адзіны кандыдат, альбо гэта будзе кандыдат ад АГП.

Анатоль Лябедзька
"Дзьверы мы пакідаем адкрытымі. І калі будуць складвацца абставіны, і будзе наяўнасьць добрай палітычнай волі ў іншых палітычных групаў, мы гатовыя паралельна абмяркоўваць сытуацыю выхаду на адзінага кандыдата. Я не выключаю, што асноўныя кансультацыі могуць узьнікнуць у пэрыяд, калі сама выбарчая кампанія ўжо пачнецца".

Нацыянальны камітэт АГП сёньня ня вызначыўся па сваёй кандыдатуры, хаця названы прозьвішчы трох прэтэндэнтаў – Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук і Сьвятлана Гальдадэ. Асноўнымі лічацца спадары Лябедзька і Раманчук. І калі адзін будзе кандыдатам, то другі ўзначаліць выбарчы штаб. Чакаецца, што цягам месяца кандыдатура будзе вызначана канчаткова. Пры якіх умовах спадар Лябедзька можа саступіць спадару Раманчуку?

"Я сам падняў пытаньне, што гэта можа быць неабавязкова лідэр партыі. Я рэалістычна гляджу на сытуацыю, што ёсьць некаторыя моманты, якія, напрыклад, у Раманчука вельмі моцныя. Бо тыя кандыдаты, якія заявілі пра свае амбіцыі вельмі падобныя адзін на аднаго. Відаць, нам патрэбны кандыдат, які будзе выразна адрозьнівацца ня толькі ад праўладнага кандыдата, але і ад усіх астатніх. Хаця ёсьць і пэўныя прэтэнзіі да Яраслава. Таму вельмі важна, каб тое, што слаба ў мяне ці Раманчука, дапоўнілася перавагамі Марголіна, Дабравольскага, Багданкевіча, Чыгіра, Бандарэнка. Толькі тады гэта будзе моцны кандыдат".

Паводле Яраслава Раманчука, кандыдатам стане той, хто лепш змабілізуе людзей.

Яраслаў Раманчук
"Тут няма канфлікту асобаў, ані канфлікту поглядаў. Ёсьць спроба зрабіць прэзыдэнцкую кампанію больш дынамічнай і пасьлядоўнай".

Чаму АГП вырашыла вылучаць свайго кандыдата, а не адзінага кандыдата ў рамках АДС? Актывіст партыі Аляксандар Дабравольскі нагадаў, што ў рамках аб'яднаных дэмсілаў была распрацавана "добрая працэдура вылучэньня адзінага шляхам народнага галасаваньня", праз праймэрыз:

Аляксандар Дабравольскі
"У той жа сытуацыі, калі частка дэмсілаў пачала вылучацца самастойна, рэалізаваць гэту працэдуру магчымасьці няма. І таму маючы вялікі досьвед удзелу ў кампаніі, трэба ствараць сытуацыю, калі трэба будзе дамаўляцца і калі наш голас будзе пачуты, што трэба дамаўляцца і вылучаць адзінага кандыдата. Ён будзе пачуты толькі тады, калі ў нас будзе моцны кандыдат, за якім вялікая падтрымка. Гэта азначае, што трэба зьбіраць подпісы. Інакш будуць размаўляць паміж сабой тыя людзі, якія нават ці добра сабе ўяўляюць, што такое ня толькі прэзыдэнцкая пасада, але і прэзыдэнцкая кампанія".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG