Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя СМІ камэнтуюць выказваньні Лукашэнкі аб уране


“Лукашэнка шкадуе аб вывазе ядзернай зброі”. Артыкул пад такім загалоўкам надрукавала венская газэта Der Standard.

Аднак "некалькі соцень кіляграмаў" высокаўзбагачанага ўрану Беларусь яшчэ мае”, цытуе словы беларускага кіраўніка аўстрыйскае выданьне.


Як піша Der Standard, аўтарытарны беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка назваў адмову ад ядзернай зброі пасьля распаду СССР у 1991 годзе “вялікай памылкай”.

“Я мусіў тады падпісаць дагавор, бо Расея і ЗША чынілі ціск на мяне”, сказаў Лукашэнка. І гэта “было няслушна”, бо ўзамен за вывад зь Беларусі ядзернай зброі яго краіна нічога не атрымала. А “такі каштоўны тавар” трэба было прадаць за прыстойную цану.

Паводле міжнароднага францускага радыё RFI, ва Ўкраіне нямала людзей падзяляюць жаль Лукашэнкі і лічаць, што аддадзены Кіевам на пачатку 1990-х трэці ў сьвеце па велічыні ядзерны патэнцыял не прынёс нічога. Больш за тое, усё часьцей пачынаюць гучаць галасы пра неабходнасьць перапісаць Будапэшцкі мэмарандум 1994 году, бо ён ужо не гарантуе бясьпекі Ўкраіне як бязьядзернай дзяржаве.

Як падае RFI, апошняе абяцаньне прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча на ядзерным саміце ў ЗША вывезьці цягам двух гадоў рэшткі ўзбагачанага ўрану з тэрыторыі Ўкраіны выклікала вельмі супярэчлівую рэакцыю ва ўкраінскім грамадзтве.

Тым часам намесьнік дырэктара Цэнтру ўкраіністыкі і беларусістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ламаносава Багдан Бяспалька таксама адзначае: хоць у шкадобе Лукашэнкі наконт адмовы ад ядзернай зброі і ёсьць пэўная рацыя, рэальнай магчымасьці пакінуць сабе гэтую зброю Беларусь ня мела.

"Так, беларускі прэзыдэнт часткова мае рацыю”, — кажа спадар Бяспалька. — “Безумоўна, калі б Беларусь мела ядзерны патэнцыял, да яе б ставіліся зусім інакш. Але тут узьнікае пытаньне, ці былі ў Беларусі магчымасьці захаваць гэты патэнцыял?”

“На мой погляд, такіх магчымасьцяў у Беларусі не было, таму словы Лукашэнкі носяць дэкляратыўны характар і працуюць на падтрыманьне вобразу моцнага харызматычнага палітыка”, — адказвае на сваё ж пытаньне намесьнік дырэктара Цэнтру ўкраіністыкі і беларусістыкі Маскоўскага ўнівэрсытэту Багдан Бяспалька.
XS
SM
MD
LG