Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сюжэт пра напад НАТО на Беларусь расплаціліся тры журналісткі


Рэпартаж пра фіктыўны напад НАТО з тэрыторыі Украіны на Беларусь , які на пачатку тыдня ўсхваляваў тэлевізійных гледачоў Ліпецкай вобласьці Расеі, меў пэрсанальныя наступствы. Паводле сёньняшняга выданьня газэты “Камэрсант”, мясцовае тэлебачаньне ў выніку засталося без кіраўніцтва. Пасьля размовы з губэрнатарам Ліпецкай вобласьці адначасова звольніліся дырэктарка тэлестудыі, яе галоўная рэдактарка і аўтарка рэпартажу.

12 красавіка ліпецкая дзяржаўная тэлекампанія паказала сюжэт пра пачатак вучэньняў у рэгіёне унутраных войскаў МУС Расеі. У сюжэце прагучала , што “краіны НАТО напалі з украінскай тэрыторыі на Беларусь, на Украіне абвешчана ваеннае становішча , вайскоўцы праводзяць эвакуацыю грамадзянскага насельніцтва , у Ліпецк прыбылі першыя ўцекачы”. Толькі пазьней гледачы даведаліся, што гэта не рэальныя падзеі, але “легенда вучэньняў” , якія праводзяць унутраныя войскі МУС Расеі. Па словах журналістаў, пра плян вучэньняў пры выключаных камэрах ім расказалі прадстаўнікі камандаваньня унутраных войскаў.

Пасьля таго, як сюжэт выйшаў у эфір, прадстаўнікі МУС адмовіліся пацьвердзіць зьмест легенды вучэньняў і заявілі, што журналісты “пачулі і ўбачылі нешта не тое”. Газэта “Камэрсант” піша, што журналісткі звольніліся “на ўласнае жаданьне”. Саюз журналістаў Расеі вывучае сытуацыю, каб высьветліць, ці сапраўды адстаўкі зьвязаныя з сюжэтам пра вучэньні.
XS
SM
MD
LG