Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінскі актывіст “Руху за свабоду” зьняўся з выбараў


Актывіст «Руху за свабоду» Юрый Бехцераў зь Пінску заявіў, што здымаецца з выбараў у Пінскі гарадзкі савет, паколькі «дэпутатаў на выбарах фактычна прызначаюць».


У заяве ў гарадзкую выбарчую камісію Юрый Бехцераў паведаміў пра парушэньні, якія яго пераканалі ў немагчымасьці ўдзельнічаць у выбарах. Паводле былога кандыдата ў дэпутаты, гарвыканкам неабгрунтавана не ўключыў у склад участковых камісій № 26 і 27 Усходняй выбарчай акругі № 12 грамадзян Трафімаву, Шандрыкаву, Валецкую і Рыхтэр, за якіх людзі сабралі неабходную колькасьць подпісаў. Таксама ў камісію не ўключылі прадстаўнікоў партыі «Справядлівы сьвет». Рэгістрацыя кандыдата ў дэпутаты ледзь не сарвалася. Юрый Бехцераў сьцьвярджае, што своечасова падаў старшыні выбарчай камісіі ўсе патрэбныя для рэгістрацыі дакумэнты, але іх не прынялі. Гэта было зроблена толькі пасьля ўмяшальніцтва Цэнтральнай выбарчай камісіі. Цярпеньне ў кандыдата ў дэпутаты Бехцерава скончылася пасьля таго, як безь яго адбылася жараб’ёўка выступленьняў па радыё:

«Пра рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты і жараб’ёўку выступу на радыё я даведаўся празь нейкі час ад іншых зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты. Выбарчая камісія не паведаміла мне пра месца і час жараб’ёўкі».

«Ня згодны далей удзельнічаць у такіх выбарах, дзе камісія прытрымліваецца прынцыпу «ня важна, як галасуюць, важна, хто і як падлічвае галасы», — напісаў у заяве ў гарадзкую выбарчую камісію Юрый Бехцераў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG