Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка "Калі б у нас была ядзерная зброя, з намі б цяпер па-іншаму размаўлялі"


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Вывад зь Беларусі ядзернай зброі быў вельмі жорсткай памылкай. Аб гэтым заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласьць.


"Я лічу, што вывад зь Беларусі ядзернай зброі на тых умовах, як гэта было ажыцьцёўлена нашымі нацыяналістамі і Шушкевічам, гэта было вельмі жорсткай памылкай. Мне яшчэ прыйшлося падпісваць гэтую дамову, бо дзецца было няма куды: на мяне націскалі і Расея, і амэрыканцы — выводзьце, выводзьце, бо паабяцалі. Нельга было, гэта найвялікшы здабытак, гэта дарагі тавар, які мы ўрэшце рэшт павінны былі добра прадаць", — заявіў А.Лукашэнка.

Паводле кіраўніка дзяржавы, "калі б у нас была гэта зброя, з намі б цяпер па-іншаму размаўлялі".

Ён адзначыў, што Беларусь захоўвае ўжо каля 20 гадоў высокаабагачаны ўран, сотні кіляграмаў фактычна зброевага і менш абагачанага.

"Мне ўжо які год запар гавораць: вывозьце гэты ўран. Хочаце — у Амэрыку, мы вам заплацім, хочаце — у Расею. Я кажу: "Па-першае, чаму вы нам дыктуеце? Гэта наш тавар, мы яго трымаем пад кантролем МАГАТЭ. Мы не зьбіраемся рабіць брудныя бомбы ці камусьці прадаваць. Мы выкарыстоўваем гэты ўран у дасьледчых мэтах". Мяне цяпер прыперлі да сьценкі, нож да горла — аддай. Я кажу, што ўжо аддалі ў свой час ядзерную зброю, а што мы ад гэтага маем?" — заявіў А.Лукашэнка.

Таксама ён сказаў, што не зьбіраўся ехаць на ўсясьветны саміт па ядзернай тэматыцы.

"Чаму Ізраілю было нявыгадна, што яму зададуць нейкія пытаньні па ядзернай зброі, і ён памахаў рукой: "Да пабачэньня, не патрэбны мне ваш саміт". Прыкладна так і я адказаў. Нагінаць Беларусь нікому не дазволена", — сказаў кіраўнік краіны.

"Вось гэты факт сьведчыць пра тое, што ні амэрыканцам, ні ў цэлым Захаду давяраць нельга. У Расеі нас заўсёды чулі і разумелі — гэта праўда, і калі не гэта вакханалія, блытаніна, зразумела на чым заснаваная, расейскае кіраўніцтва паспрабавала нас тут нагнуць, але гэта неразумна, і яны ўжо гэта разумеюць. Але заўсёды расейцы нас разумелі і падтрымлівалі. З Захадам і ЗША гэтага ніколі не было. Яны вось ухапіліся за нейкае пытаньне, дабіліся свайго і кінулі. Так было і з ядзернай зброяй", — адзначыў А.Лукашэнка. - Ну і, напэўна, там яшчэ ёсьць адносіны: не запрасілі Лукашэнку, навошта ўзьнімаць яму рэйтынгі напярэдадні выбараў. Мне дастаткова сёньняшніх рэйтынгаў, каб быць абраным прэзыдэнтам. Проста бязмозгасьць, тупая інэрцыя.

Калі б Расея, Казахстан й іншыя дзяржавы СНД былі насамрэч надзейнымі сябрамі, яны б жорстка паставілі пытаньне: Беларусь — гэта наша, і яна павінна быць на саміце, і нікуды б амэрыканцы не дзеліся".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG