Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба адмаўляцца ад штампу "ўсенародная вайна"?


Падчас пікету ля «Народнай волі»
Падчас пікету ля «Народнай волі»

Каля рэдакцыі «Народнай волі» адбыўся чарговы пікет на знак пратэсту супраць публікацыі ў газэце ўрыўкаў з кнігі Ільлі Копыла «Нябышына». Супраць альтэрнатыўнага погляду на падзеі мінулай вайны, зьмешчаных у публікацыі, пратэставалі чальцы праўладнага БРСМ, а таксама актывісты вэтэранскіх арганізацый. Афіцыйныя і незалежныя навукоўцы на гэтую тэму выказваюць процілеглыя меркаваньні.


Напярэдадні 65-годзьдзя перамогі над фашызмам у Другой сусьветнай вайне, навукоўцы заяўляюць пра неабходнасьць пераацэнкі і праўдзівага асьвятленьня падзеяў таго часу. Адначасна яны перасьцерагаюць ад новых спробаў, нібыта, перапісваньня і скажэньня гістарычных зьвестак. Пра публікацыю Ільлі Копыла «Нябышына» дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Аляксандар Каваленя сказаў наступнае:

Аляксандар Каваленя
«Я знаёмы з гэтай публікацый. Каб не абражаць аўтара, скажу, што яна вельмі і вельмі слабая. Гэта камэрцыйная літаратура — яна і ёсьць камэрцыйная. Трэба паглядзець архіўныя крыніцы, трэба на іх таксама крытычна глядзець. Трэба працы, якія б не разьдзялялі нашае грамадзтва, а працавалі на кансалідацыю. Трэба нават самыя складаныя пытаньні падаваць так, каб яны працавалі на аб’яднаньне. А мы іншы раз вось так — абазначыць сябе».

Да 65-й гадавіны Інстытут гісторыі НАН рыхтуе да выданьня фундамэнтальнае навуковае дасьледаваньне пад назвай «Беларусь у змаганьні зь нямецкім фашызмам». Аднак і ў сучаснай Беларусі паказаць праўду пра падзеі мінулай вайны застаецца складана. Адзін з дасьледчыкаў гісторыі таго пэрыяду Эмануіл Ёфэ пра публікацыю ў «Народнай волі» сказаў наступнае:

Эмануіл Ёфэ
«Там ёсьць, канечне, памылкі і недакладнасьці адносна колькасьці страт. Таксама, да прыкладу, Чарняхоўскі не нарадзіўся ў Віцебску. А так — цікавыя матэрыялы пададзеныя чалавекам, які сам гэта бачыў і перажыў. Яны раней не друкаваліся, бо цэнзура не прапускала. Гэта інфармацыя для роздуму, для пераасэнсаваньня гісторыі. Я займаюся гісторыяй партызанскага руху, пераасэнсоўваю гэтую частку гісторыі і прыходжу да высновы, што трэба адмаўляцца ад штампу „ўсенародная вайна“. Бо шмат было і гераічнага, і трагічнага. Патрэбна пераасэнсаваньне, але зь вялікімі цяжкасьцямі гэта адбываецца. Да прыкладу, я рыхтаваў даклад у Акадэмію навук, там выпускалі кнігу, але ўсе мае высновы былі выдаленыя».

Алесь Смалянчук
Прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, гісторык Алесь Смалянчук мяркуе, што праўда пра гісторыю Другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі палягае менавіта ў сьведчаньнях яшчэ жывых яе ўдзельнікаў:

«Я праводжу шмат экспэдыцый па беларускіх вёсках цягам дзесяці гадоў. І тое, што людзі ўзгадваюць пра гэтую вайну, — моцна адрозьніваецца ад падручнікавай гісторыі вайны. Ні партызаны, ні немцы не малююцца аднымі фарбамі. Гэтая вайна рознакаляровая і ў большай ступені трагедыя, чым тое, што напісана ў падручніках. З той абсалютна ідэалягізаванай вэрсіяй вайны, прыдуманай яшчэ савецкімі гісторыкамі ці партыйнымі функцыянэрамі, камусьці, канечне, з такой праўдай жыць лягчэй і спакайней».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG