Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад выбарцаў утойваюць прыбыткі чыноўнікаў


Апошнія дзесяць дзён перад галасаваньнем кандыдаты ў дэпутаты імкнуцца як найчасьцей сустракацца з выбарцамі, каб пазнаёміць іх са сваімі праграмамі. Але не заўсёды і не ўсюды ім гэта ўдаецца рабіць. Пра канкрэтныя прыклады інфармуюць уласныя карэспандэнты «Свабоды».


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Кандыдаты ад БСДП (Грамада) просяць адну пляцоўку для пікетаў


Сёньня берасьцейскія кандыдаты ў дэпутаты абласнога савету ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі падалі пісьмовую заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне сваіх агітацыйных пікетаў. Паведамляе намесьнік старшыні партыі і ён жа кандыдат у дэпутаты Ігар Маслоўскі:

«Гэта адзінае больш-менш прыдатнае месца ў Берасьці — на скрыжаваньні вуліцы Савецкай і набярэжнай імя Францыска Скарыны. Тут сапраўды зьбіраюцца людзі. А іншыя месцы для агітацыі, якія загадзя вызначыла гарадзкая ўлада — стадыён «Будаўнік» і спартовае стрэльбішча — пустыя.

Ад БСДП (Грамада) на дэпутацкія месцы ў Берасьцейскім абласным савеце прэтэндуюць 9 кандыдатаў, а ў гарадзкі савет — 11. Заяўку на пікеты падпісалі Ігар Маслоўскі, Ганна Канюс, Натальля Галаніна, Сьвятлана Алесюк, Валянцін Лазарэнкаў. Як адзначае Ігар Маслоўскі, дэмакраты здабываюць выбарчы досьвед разам:

«Мы ідзем адзінай групай, пад адзіным брэндам і слоганам. У нас агульныя плякаты. У нас адзіная праграма. Таму мы і замовілі свае пікеты ў адным месцы. Разьлічваем на дазвол. Пікеты плянуюцца на бліжэйшыя суботу і нядзелю. Час агітацыі — ад 15 да 18 гадзіны».


МАГІЛЁЎШЧЫНА


У Крычаве, Круглым, Чэрыкаве і Шклове «раёнкі» атрымалі загад не друкаваць дэклярацыі праўладных кандыдатаў у дэпутаты


Апазыцыйныя вылучэнцы на дэпутацтва з Крычава й Чэрыкава вінавацяць мясцовыя раённыя газэты ў парушэньні выбарчага заканадаўства. Афіцыйныя выданьні не падалі зьвестак пра даходы й маёмасьць кандыдатаў у дэпутаты.

Крычаўскі вылучэнец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Мікалай Гердзій зьвярнуўся са скаргай у раённую пракуратуру, каб тая прымусіла газэту «Крычаўскае жыцьцё» абнародаваць даходы ўсіх кандыдатаў:
Людзі ня ведаюць даходаў начальнікаў, а самі атрымліваюць капейкі ...

«Відаць, з падачы райвыканкаму, і гэта безумоўна, не надрукавалі гэтыя дадзеныя. А яны цікавыя. У мяне, дарэчы, і выбарцы пыталіся, а колькі атрымлівае той ці іншы кандыдат у дэпутаты. Людзі ня ведаюць даходаў начальнікаў, а самі атрымліваюць капейкі. Розьніца бывае ў дзясяткі разоў. Наагул інфармацыі пра даходы няма, яна схаваная. А так надрукуюць — і людзі будуць ведаць», — зазначае Мікалай Гердзій.

Зьвестак пра даходы й маёмасьць кандыдатаў не апублікавала й чэрыкаўская раёнка «Весьнік Чэрыкаўшчыны». Рэдакцыя газэты перакладае віну на райвыканкам:

«Як нам прапанавалі гэтыя сьпісы, так мы іх і апублікавалі. Але яны ж, відаць, гэтыя зьвесткі, будуць вывешвацца на кожным выбарчым участку. Я мяркую, што тут ніякай няма падкладкі», — апраўдваецца супрацоўнік рэдакцыі.

Тым часам чэрыкаўскі вылучэнец ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Царкоў паскардзіўся ў пракуратуру, патрабуючы, каб пракуратура прымусіла абнародаваць даходы прэтэндэнтаў на дэпутацтва ў афіцыйным выданьні райвыканкаму.

Акрамя чэрыкаўскай і крычаўскай раёнак, зьвесткі пра даходы й маёмасьць кандыдатаў дагэтуль не абнародавалі ў шклоўскай газэце «Ўдарны фронт» і ў круглянскай — «Сельскае жыцьцё».

ВІЦЕБШЧЫНА


Глыбоцкая друкарня цэнзуруе ўлёткі незалежных кандыдатаў


Незалежнаму кандыдату Яўгену Самсонаву, які балятуецца ў Глыбоцкі раённы і Віцебскі абласны саветы, у друкарні загадалі перарабіць улёткі — выдаліць назву руху «За свабоду» і сымболіку стваранай партыі БХД:
сымбалі БХД ёй невядомыя і яна такое друкаваць ня будзе ...

«Дырэктар друкарні сказала, што сымбалі БХД ёй невядомыя і яна такое друкаваць ня будзе. І гэта, і сымболіку руху „За свабоду“ зьняла — сказала: „Я іх ня ведаю, і ўсё“. Я пагадзіўся, каб бяз сымбаляў, бо часу ўжо мала. Былі і з тэкстам праблемы: я напісаў, што дэпутаты ў нас самі сабе, а народ сам сабе». Кажу: «На маёй улётцы стаіць лёзунг „Трымайся праўды!“ Калі выбарцы палічаць, што я тут схлусіў, то няхай за мяне не галасуюць».

У друкарні спадару Самсонаву сказалі, што без сымболікі ўлёткі надрукуюць на два дні хутчэй — бо інакш яны будуць узгадняць, ці можна такое друкаваць. Мяняць тэкст Яўген Самсонаў адмовіўся катэгарычна.

Другі актывіст стваранай партыі БХД Зьміцер Лупач, які таксама балятуецца на Глыбоччыне ў Карабоўскі сельсавет, адмаўляцца ад сымболікі на загад друкарні не зьбіраецца:

«Я яшчэ пайду зь імі сварыцца. Няхай на два дні пазьней надрукуюць — у мяне выбарцаў няшмат. Але гэта — справа прынцыпу!»

Падчас агітацыйнай кампаніі, яшчэ ня маючы ўлётак, Зьміцер Лупач сустракаўся з выбарцамі Глыбоччыны і зьбіраў подпісы мясцовых жыхароў, каб вырашыць даўнюю канфліктную сытуацыю. Год таму дырэктар Удзелаўскай сярэдняй школы, едучы на ўласным аўто, зьбіў на пешаходным пераходзе 15-гадовага Зьмітра Стоціка. Пасьля таго як суд прызнаў уладальніка машыны вінаватым, той патрабуе з бацькоў пацярпелага хлопца грашовай кампэнсацыі за пашкоджаньне аўтамабіля.

Спадар Лупач кажа, што калектыўныя лісты падпісалі больш за 30 чалавек, і сёньня ён адаслаў іх у Адміністрацыю прэзыдэнта, старшыні КДБ і ў Генэральную пракуратуру.

На незалежнага кандыдата Ўладзімера Рамановіча напісалі скаргу за агітацыю сярод студэнтаў

З выбарцамі віцебскай Тэхналягічнай выбарчай акругі № 9 — студэнтамі тэхналягічнага ўнівэрсытэту ці ня штодня сустракаецца кандыдат у дэпутаты гарсавету, актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч. Сёньня ў гарадзкой выбарчай камісіі яму паведамілі, што маюць скаргу: маўляў, ён ладзіць недазволеныя пікеты.
вы раздавалі ўлёткі перад інтэрнатам, а гэта забаронена ...

«Скарга прыйшла, што я нібыта перавысіў свае паўнамоцтвы падчас агітацыі. Маўляў, вы раздавалі ўлёткі перад інтэрнатам, а гэта забаронена. Я распавёў, што падышлі чацьвёра хлопцаў, пяцёра дзяўчат, пазналі мяне, запыталі, ці няма якой агітацыйнай прадукцыі. Я сказаў: „Калі ласка...“ У камісіі мне патлумачылі, што, напэўна, абвесьцяць мне папярэджаньне, бо мусяць на скаргу неяк адрэагаваць».

Паводле Уладзімера Рамановіча, усе месцы, вызначаныя для агітацыйных пікетаў і сходаў, месьцяцца па-за межамі ягонай акругі. У інтэрнаты да студэнтаў яго не пускаюць, таму выбарцы вымушаныя сустракацца зь ім дзе атрымаецца.

Скаргу, на ягоную думку, напісалі супрацоўнікі тэхналягічнага ўнівэрсытэту, незадаволеныя ягонымі захадамі: Уладзімер Рамановіч неаднаразова скардзіўся ў гарадзкую выбарчую камісію на тое, што ва ўнівэрсытэце не наладжана праца камісіі на ўчастку № 48 — у вызначанай аўдыторыі ніхто не дзяжурыць і стэнд для інфармацыі пра выбары дагэтуль стаіць пусты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG